Касцёл перажывае Адвэнт, перыяд суцішэння і роздуму. Гэта адчувальна па навінах. Калі б не амерыканскі часопіс Time са сваім падвядзеннем вынікаў, то Касцёл у СМІ на мінулым тыдні можна было б смела назваць Адвэнтовым Касцёлам у СМІ. Папа заахвоціў усіх да суцішэння. Царква сапраўды выглядала суцішанай, але ўсё ж не ціхай.
Прызнанне часопісам Time папы Францішка чалавекам года было хітам беларускага інтэрнэту на мінулым тыдні. Пра гэта напісалі ўсе вядучыя СМІ краіны, пачынаючы ад ОНТ і сканчваючы рэгіянальнай Рацыяй.Прыемна, канешне, што СМІ заўважаюць новасць і патрэбнасць менавіта папы Францішка ў дадзены момант для свету. Аднак усё ж такі піяр і рэклама для Касцёла гэта другасная рэч. Большасць заўважае здымкі папы ў Інстаграме і адважныя выказванні на “гарачыя тэмы”. Аднак у цэнтры яго выказвання заўсёды стаіць чалавек і любоў Бога. Калі “Советская Белоруссия”, у артыкуле пра Дзень Нараджэння Францішка, піша, што “он уже прославился громкими заявлениями, аскетизмом и демократическими взглядами”, то проста хочацца развесці рукамі. Застаецца толькі змяняцца самому і ісці туды, дзе слова Францішка дайсці не можа.
Калі Пантыфік сёння не мае праблем з рэкламай, то беларускі Касцёл так. Згодна з рашэннем паседжання Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, ахвяры з адной са святых Імшаў 1 снежня 2013 г. былі прызначаны для дапамогі ахвярам тайфуну на Філіпінах. Ніхто не крытыкуе добрай ідэі і мэты. Аднак акцыя была настолькі ўнутры касцёльнай, што прайшла паміж вушэй усіх СМІ. Толькі Наша Ніва і Рацыя звярнулі ўвагу на гэта. Падаецца, што арганізацыя вялікай кампаніі, якая б уцягнула больш людзей (не толькі веруючых), арганізацый і нават Цэркваў, прынесла б больш грошай і карысці для самога грамадства. Даць жа загад нешта зрабіць – найпрасцейшае выйсце, хоць таксама добрае.
Таксама ў Варшаве адбылася перадкалядная сустрэча беларусаў, у Аўстраліі адмянілі аднаполыя шлюбы, кс. Уладзіслаў Лазар ужо служыць у Вілейцы (тут і тут), Касцёл Літвы заахвоціў верных маліцца за народ Украіны. Астравецкая Праўда пісала пра канцэрт гурта AVE і прыміцыйную св. Імшу кс. Паўла Безляповіча. ”Комсомольская правда” апублікавала вынікі апошніх даследванняў, якія датычаць Каўчэга Ноя (заахвочваю да прагляду каментароў, ёсць цікавыя пытанні і абмеркаванні тэмы). Напрыканцы хацелася б прывесці прыклад старонкі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы. Сайт абнаўляецца, дадаюцца здымкі, аб’явы. Вось, каб так кожная парафія. Да Божага Нараджэння засталося некалькі дзён. Усім плённага канчатку Адвэнту!
Арцём Ткачук