Сёлета складваецца так, што чым бліжэй Каляды – тым больш навінаў, падзеяў, здарэнняў і з’яваў вартых увагі. Канешне, позіркі большасці неабыякавых людзей скіраваны на Украіну. Аднак дастаткова шмат адбываецца таксама і ў жыцці Касцёла. Пры гэтым, як паўсюднага, так і нашага – беларускага. І самае цікавае тое, што ўсе падзеі зусім не звязаны з падрыхтоўкай да надыходзячага Божага Нараджэння.
Мінулы панядзелак прынёс, напэўна, самую радасную навіну для ўсіх хрысціянаў Беларусі. Кс. Уладыслаў Лазар быў вызвалены з СІЗА КДБ Беларусі. Пра гэта пісалі, натуральна, усе беларускія медыі. “Радыё Свабода” апублікавала каментар апостальскага нунцыя абп. Клаўдыё Гуджэроцці, які тактоўна заўважыў: “спадзяюся, што таксама і Вы разумееце, што ў гэтай сітуацыі Апостальская Нунцыятура павінна захоўваць максімальную канфідэнцыйнасьць”. Больш ніякай інфармацыі няма, а таму застаецца радавацца падзеі і чакаць наступных добрых навінаў.
Існуе меркаванне, што Заходняя Еўропа сёння зусім перастала быць хрысціянскай. Канешне, ёсць у гэтым шмат горкай праўды. Аднак дасведчаныя духоўнікі падкрэсліваюць, што д’ябал часта выкарыстоўвае ўвыдатненне для скажэння рэальнага вобразу. Звярніце ўвагу: мы кажам, што з хрысціянскай Еўропай усё дрэнна; а ў мінулую нядзелю Харватыя падчас рэферэндуму прагаласавала за тое, каб Канстытуцыя разглядала сужанства, як саюз мужчыны і жанчыны (і гэтым самым заставіла па-за законам пары геяў і лесбіянак). Гісторыя таго, як кампанія “У імя сям’і” сабрала 740 тыс. подпісаў за вынясенне гэтага пытання на народны рэферэндум павучальная. Не буду пісаць пра падрабязнасці, іх вы можаце прачытаць тут і тут. Але цікавае вось што. У той жа момант, у такой каталіцкай краіне, як Аргенціна, 7 тыс. прадстаўніц “Кангрэсу аргентынскіх жанчын” здзекваліся над мясцовымі каталікамі, якія жывым шчытом ахоўвалі мясцовую катэдру ад раз’юшаных феміністак-прадстаўніц Кангрэсу. Хацелася б падкрэсліць, што сусветная журналістыка проста абышла бокам гэтую навіну.
Спробы загугліць навіны вядучых СМІ свету пра гэту падзею паказалі татальную абыякавасць да здарэння. Нават расійскія медыі, ад якіх можна спадзявацца пэўнай салідарнасці з хрысціянамі, быццам вады ў рот набралі.
Толькі асобныя блогеры і праваслаўныя парталы адзначыліся публікацыямі на гэту тэму (тут, тут, тут і тут). Адзін архіерэй прапанаваў нават контракцыю: купіць апараты для мойкі машынаў Karcher і ў наступны раз паліваць дзяўчат святой вадой. Праглядаючы відэа, пастарайцеся не паддавацца злосці. Не дайся, каб цябе перамагло зло, але перамагай зло дабром (Рым. 12, 21).
Сёння хацелася б звярнуць увагу на перапост артыкула “Ватикан отказался рассказать ООН о педофилах в церкви”. Аўтарам артыкула з’яўляецца “Русская служба”. Зразумела, што выкінуўшы слова “педафіл” з загалоўка, гэтая “навіна” перастала б быць навіной. Аднак сёння пра іншае. Справа ў тым, што артыкулы, якія датычацца Святога Пасаду, tut.by у большасці бярэ менавіта з “Би-би-си”. Сталыя чытачы майго блога, напэўна, заўважылі гэтую тэндэнцыю. Дык вось, упісваючы ў пошукавую сістэму старонкі ангельскага дзяржаўнага СМІ слова, напрыклад, “Ватыкан” мы атрымоўваем наступны вынік
Аднак пры гэтым упісваючы слова “папа” мы атрымоўваем такую карціну
Не хочацца казаць, што падыход “Бі-бі-сі” да навінаў заўсёды негатыўны, але фактам з’яўляецца выбарачнасць навінаў, якія апісваюцца. Пры гэтым узгаданая выбарачнасць носіць папулістычны характар – апісанне таго, што проста добра прадаецца. Tut.by і шмат іншых беларускіх парталаў, выкарыстоўваючы артыкулы англічанаў, свядома ці несвядома з’яўляюцца рупарам заходняй секулярызацыі.
Таксама раю звярнуць увагу на інтэрв’ю Патрыярха Кіеўскага і Усёй Русі-Украіны Філарэта. Іерарх разважае над актуальнымі падзеямі ва Украіне, пры гэтым, застаючыся па-за палітыкай, не выбірае агульных словаў і стараецца па-Божаму паглядзець на кіеўскі Майдан. Папа Францішак падзяліўся досведам таго, як у маладосці працаваў вышыбалам у начным клубе, “Народная воля” пісала пра рэформу Рымскай курыі, Рацыя пра падарункі ад святога Мікалая ў Глыбокім і Лучаi. Піяры ў Шчучыне працягваюць рамонт манастыра, на старонцы гродзенскай семінарыі можна паглядзець, як клерыкі складваюць дэкларацыі свайму біскупу перад прыняццем святарства, а вось тут грэка-каталікі распавядаюць пра сваю пілігрымку ў Рым. На сёння гэта ўсё. Усім добрага тыдня і толькі добрых навінаў.