На мінулым тыдні Касцёл па-ранейшаму захаваў высокую цытавальнасць у медыйнай прасторы. Калі ў еўрапейскім кантэксце ўсе працягваюць абмяркоўваць будучыя рэформы ў рымскай курыі, то ў Беларусі ўсё звязана з прызначэннем трох новых біскупаў. Падаецца, што калі б не падзеі ў Кіеве, то гэта тэма набыла б яшчэ большы розгалас у беларускіх СМІ. Аднак ёсць як ёсць і, падаецца, украінцы ў гэты момант патрабуюць большай малітвы, чым нашыя новыя біскупы.
На мінулым тыдні Рацыя ўзгадала пра выставу рэліквій ў віцебскай катэдры Езуса Міласэрнага і пра тое, як у Пінску шукаюць памяшканне для музея кард. Казіміра Свёнтэка. Гродзенскія ксяндзы ізноў выйгралі чэмпіянат Беларусі па міні-футболе сярод святароў і будуць прадстаўляць нашу краіну на чэмпіянаце Еўропы, які адбудзецца ў наступным годзе ў Лідзе. Жыхары Астраўца распавялі Святлане Фёдаравай, што такое пост, а пажар у гродзенскай сінагозе яшчэ раз паказаў цудоўны вынік беларускай салідарнасці: шэсць журналістаў і адзін валанцёр. Гродзенскі гісторык Мечыслаў Супрон паспрабаваў прадставіць, як выглядала б Савецкая плошча, калі б Фара Вітаўта была на сваім месцы.
Несумненным лідэрам ўпамінання Касцёла ў СМІ стала вышэўзгаданае прызначэнне папам трох новых біскупаў у Беларусі. Пра гэта пісалі ўсе. Нават СБ Беларусь сегодня і naviny.by ўзгадалі гэтую важную для Касцёла падзею. Трэба адзначыць, што якой-кольвек тэндэнцыйнасці ў перадачы гэтай інфармацыі заўважана не было. Парталы адзін за адным перапосцілі паведамленне catholic.by. Пётра Рудкоўскі назваў біскупа намінанта Алега Буткевіча беларускім эквівалентам папы Францішка. Рэдактарка часопісаў “Нашай Веры” і “Ave Maria” назвала гэта “прыходам новага маладога пакалення пастыраў”. Застаецца пажадаць новым біскупам моцнай веры і нястомнай прагі Бога на кожны дзень іх служэння. Напрыканцы раю ўсім пазнаёміцца з чарговай порцыяй настрояў беларусаў датычна Касцёла і ўвогуле хрысціянства дзякуючым каментарам на tut.by.
26 лістапада была апублікавана адгартацыя папы Францішка “Радасць Евангелля”. Асноўныя тэзы дакумента апынуліся ў мэйнстрыму СМІ, таму выданні адно за адным звярталі ўвагу на важныя для іх аспекты. У большасці копіпасціўся вось гэты артыкул бі-бі-сі. Асноўная ж цытавальнасць датычыла рэформы рымскай курыі. Нават ОНТ узгадала пра гэта стандартным загалоўкам “Папа римский Франциск призывает уменьшить власть католической церкви”. Трошкі недарэчным падаецца апошні сказ артыкула: “Нового Папу избрали в марте, с тех пор заявления понтифика резко отличаются от высказываний его предшественников”. Аднак у цэлым журналісты маюць рацыю. 3-5 снежня ў Апостальскай Сталіцы адбудзецца чарговае спатканне папы Францішка і Рады васьмі кардыналаў. У кастрычніку 2014 г. адбудзецца надзвычайны Сінод біскупаў, які будзе датычыць справаў сям’і. Апошні раз надзвычайнае пленарнае паседжанне Сіноду біскупаў было склікана ў 1985 г.
На мінулым тыдні папа Францішак сустрэўся з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. У цэлым беларускія СМІ не звярнулі на гэта шмат увагі. Толькі СБ і Еўрарадыё падкрэслілі магчымае абмеркаванне паміж лідэрамі працы над сустрэчай Папы Рымскага і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі і тут. Аднак хацелася б заўважыць некалькі цікавых фактаў. 5 верасня, перад самітам G-20 у Санкт-Пецярбургу, папа зрабіў моцны ход і напісаў пісьмо спадару Пуціну, у якім звяртаўся да ўдзельнікаў саміта “не кіравацца толькі сваімі ўласнымі інтарэсамі” і не быць “індыферэнтнымі адносна сірыйскага пытання”. Шмат аналітыкаў тады думала над тым, чаму папа напісаў ліст менавіта да Пуціна, а не да прэзідэнта ЗША ці яшчэ каго-небудзь. Аднак гэта ня важна: галоўнае што па пытанню Сірыі быў дасягнуты кампраміс. Візіт Пуціна на мінулым тыдні можна лічыць працягам супрацы Ватыкана і Расіі ў справе будавання добрых адносінаў. Зразумела, цынікі скажуць, што расійскі лідэр выкарыстоўвае кантакты са Святым Пасадам для паляпшэння свайго іміджу на міжнароднай арэне, а Ватыкан – дзеля лаббіравання інтарэсаў католікаў у Расіі. Аднак вядома, што дыпламатыя Апостальскай Сталіцы сваёй мэтай лічыць дапамогу бакам у выпрацоўцы супольных рашэнняў. А таму факт, што амбасадарам Расійскай Федэрацыі пры Апостальскай Сталіцы з’яўляецца Аляксандр Аўдзееў – былы міністр культуры колішняга Ураду прэм’ера Уладзіміра Пуціна даказвае, што бакі з’яўляюцца не горшымі партнёрамі. І калі Ватыкан не выказваецца больш канкрэтна па якімсці пытанні міжнароднай палітыкі, гэта зусім не азначае, што ў гэты момант Касцёл нічога не робіць у гэтым кірунку. Царкве не патрэбен электарат. Як кажа старая прымаўка: “дыпламатыя – гэта ўменне маўчаць на некалькі мовах”.
Напрыканцы хацелася б яшчэ звярнуць увагу на цікавы факт. На мінулым тыдні, пыдрыхтоўваючыся да занятку па нямецкай мове, на старонцы слоўніка я сустрэўся з рэкламай… рэкалекцый. Менавіта не новай мадэлі машыны, не тэлевізара і не як зарабіць 500 даляраў за адзін тыдзень, а інтэрнэт-рэкалекцый. Старонка праекту вось тут. Адзінае, што можна выразіць, гэта захапленне. Людзі не чакаюць пакуль моладзь прыйдзе да іх сама, але імкнуцца знайсці яе – дзе б яна не знаходзілася. І інтэрнэт гэтаму не выключэнне. Таму лепш не чакаць. Усім чытачам жадаю плённага адвэнту і Божага благаслаўлення на гэты час. Чытайце навіны ўважліва і верце добрым людзям.
Арцём Ткачук