Skip to main content

Чаму тайфун штогод абрушваецца на Філіпіны?

тайфунАпошні тыдзень быў поўны на розныя падзеі, якія шырока асвятляліся ў інтэрнэт прасторы. Сёння хачу звярнуць увагу толькі на тыя, якія патрабуюць глыбокай рэфлексіі, альбо не былі заўважаны ў загалоўках найвялікшых парталаў.

 

19 лістапада адыйшла ў вечнасць маці бл. Кс. Ежы Папялушкі – Мар’яна Папялушка тут і тут. Падзея не атрымала асаблівага эха ў медыях, аднак для каталікоў, асабліва з Гродзенскай дыяцэзіі, гэта ўсё ж такі адыход вялікага чалавека, які быў увасабленнем найлепшых мясцовых хрысціянскіх традыцый. Для тых, хто валодае польскай мовай прапаную звярнуць увагу на www.areopag21.pl (менавіта сюды і сюды). Аўтары распавядаюць, як пані Мар’яна, узбураючыся з-за дзіцячых пытанняў журналістаў, адказвала, “што не моліцца да сына, толькі да Бога” і што “не перашкаджае Богу шматлікімі просьбамі, бо Ён сам ведае, каму што трэба”. На youtube можна знайсці шмат размоваў з вялікай маці. Я б раіў пачаць з гэтага відэароліка.

Пра цяжкія наступствы ўрагану ў Філіпінах чуў напэўна кожны (рэпартажы тут  і тут). Папа Францішак, у сваім стылі, імгненна зарэагаваў не толькі малітоўна, але і фінансава. Трэба ўзгадаць і пазнейшае выказванне Пантыфіка, што варта перастаць задаваць пытанне “чаму?”, а даверыцца Богу. Адмысловая перасцярога Францішка аб тым, што нараканне не мае сэнсу: трэба рабіць тое, што можна рабіць. Нельга не прыгадаць прыкладу святога Ёва. Хацелася б яшчэ звярнуць увагу на факт, што каталіцкая царква на Філіпінах лічыцца маладой і вельмі актыўна растучай. Толькі за апошні год колькасць каталікоў павялічылася на 6 млн чалавек. Філіпіны лічацца “жамчужынай” Касцёла Азіі. Паглядзіце хаця б на, хоць трошкі і старую, статыстыку росту пакліканняў у азіяцкім рэгіёне. (Крыніца www.iskk.pl).

Колькасць дыяцэзіяльных святароў з 2002 па 2007 год

Трэба дадаць, што гэтая тэндэнцыя захоўваецца і да сённяшняга дня. Паводле Information service of the Pontifical Mission Societies, калі ў 2010-2011 гг. колькасць асобаў на аднаго святара ўзрасла на 628 чалавек, то колькасць католікаў толькі на 69 (Агульная колькасць святароў у Азіі ўзрасла на 1519 чалавек). Гэтая статыстыка ў рэгіёне нават трошкі палепшылася ў 2011-2012 гг. Лічбы паказваюць, што Касцёл у Азіі, а г.зн. у Філіпінах вельмі актыўна развіваецца і жыве. Таму адказ на пытанне прычын штогадовых ураганаў на Філіпінах я застаўляю вам.

колькасць католікаў у краінах свету

Малюнак: колькасць католікаў у краінах свету

Беларускі Касцёл на апошнім тыдні найбольш узгадваўся датычна справы кс. Уладзіслава Лазара. Пра гэта пісалі ўсе: Наша Ніва, Рацыя тут і тут, Белсат, Свабода тут і тут і шмат іншых. Цікава, што tut.by цалкам абыйшоў гэтую тэму бокам. Дзякуй Богу, што ёсць таксама шмат ініцыятываў адносна малітвы за кс. Уладзіслава. Да чаго вас заахвочваю і я.

Напрыканцы хацеў б яшчэ звярнуць увагу на некалькі падзеяў. Гарадзенскія грэка-католікі адшукалі магілу апошняга ўніяцкага дэкана, 25 лістапада ў Лепелі адбудзецца ІІ чэмпіянат па міні-футболе сярод святароў, а парафія св. Явангеліста і св. Максімільяна М. Кольбэ ў г. Мінску пачала штонядзелю трансліраваць св. Імшы праз інтэрнэт. Усіх святароў заахвочваю браць прыклад з а. Андрэя Авенa і выкладваць свае нядзельныя казанні ў інтэрнэт. Дайце магчымасць іншым пачуць тое, што Бог праз вас кажа людзям! Рабіце сабе блогі, пішыце на каталіцкія парталы, посціце ў фэйсбуку ці кантакце. І няхай Слова Божае нясецца па кабелях на маніторы людзей, якія Бога шукаюць, але да святыні ўсё ніяк не могуць патрапіць.

Ткачук Арцём

Рэдагавана: 26 Лістапада 2013