Пасля актавы Ўсіх Святых і канчатковага знікнення тэмы Хэлоўіна, Касцёл у беларускай медыйнай прасторы зусім не быў забыты. Трэба адзначыць, што калі другая палова кастрычніка не была багатая на навіны, то лістапад пачаўся абсалютна супрацьлегла. Свецкія СМІ ўзгадвалі Касцёл амаль штодзённа. Пры гэтым нагоды былі вельмі розныя. Аб гэтым па парадку.
Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці 2 лістапада памаліўся за ахвяры вялікага тэрору ў Трасцянцы і Курапатах. Цікава, што падзея не была асаблівым чынам асветлена ў свецкіх СМІ. Хоць на здымках не было і простых вернікаў. Аб гэтым не паведамлялася заранёў, пэўна не хацелі прыцягваць да акту шмат увагі. Шкада толькі, што свята не адзначаецца належным чынам на вышэйшым узроўні ў нашай краіне. У гэтым годзе ўпершыню ў Горадні быў афіцыйна адзначаны дзень св. Губерта і тут. Прыемна што горад вельмі павольна, але прыпамінае свае хрысціянскія традыцыі і святы. Астравецкая Праўда ўзгадала пра канцэрт арганнай музыкі ў Гервятах, а Рацыя выклала адмысловае відэа з сярэдневяковых могілак на Палессі. У Адэльску святкавалі ўспамін св. Марціна, а ў Аўстраўцы адбыліся святыя місіі.
Раю таксама зазірнуць на старонку парафіі св. Яна Хрысціцеля, дзе апублікавана апошняя размова з новапрызначаным рэгіянальным настаяцелем місіі св. Францішка Сальскага. Кс. Віктар распавядае аб асноўных душпастырскіх задачах і выкліках, якія стаяць сёння перад салезіянскай супольнасцю. Прыемна таксама, што парафіяльная старонка адна з нямногіх у Беларусі дзейнічае і час ад часу абнаўляецца.
Нельга не ўзгадаць пра ІІ агульнабеларускую сустрэчу святароў у Мінску (тут і тут). Аднойчы мая знаёмая сказала, што калі глядзець на кожнага святара паасобку, то бачны мінусы, чалавечыя слабасці і святло Касцёла не такое яскравае. Калі ж святары збіраюцца разам, то агулам яны бездакорныя і моцныя. Пабольш бы такіх сустрэчаў. Каб яны набіраліся адзін ад аднаго моцы, сілы, мудрасці.
Таксама трэба звярнуць увагу пра непрыемны выпадак, які адбыўся ў Нарвегіі. Вядучая навінаў аднаго з каналаў была звольнена пасля таго, як з’явілася ў тэлеэфіры з крыжыкам на шыі. Гэта ўжо не першы такі выпадак. Раней узгадвалася пра пастанову ангельскага парламента аб непажаданасці нашэння нашыйных крыжыкаў на працу. Больш пра гэтую праблему можна прачытаць у блогера bulochnikov. Некаторыя ацэньваюць гэта як праявы ўсеагульнай змовы супраць Касцёла, іншыя як піяр, трэція як барацьбу за роўнасць у грамадстве. Падаецца, што самае важнае для хрысціянаў гэта прабачэнне і свой асабісты прыклад. Усё ж такі адказы на гэтыя пытанні варта шукаць глыбей за нараканне “колькі можна абмяжоўваць правы хрысціянаў?” і пошук вінаватых. Патрэбна рэфлексія над тым, што Бог нам хоча праз гэта сказаць. Як казаў прарок Ёв “Хіба ў Цябе цялесныя вочы, і Ты глядзіш, як глядзіць чалавек?” (Ёв 10:4).
Напрыканцы, як кажуць людзі, аж “свярбіць язык” каб прывесці адзін цікавы факт. Перад Дзядамі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч рэзка выказаўся наконт святкавання Хэлоўіна. Чытачы tut.by, каментуючы зварот, у большасці вельмі негатыўна выказаліся наконт гэтага. Можна прыйсці да высновы, што аўдыторыя найвялікшага беларускага партала амаль цалкам складаецца з крытычна накіраваных да Касцёла чытачоў. Гэта яшчэ раз пераконвае аб патрэбе развіцця камунікацыі дзеля зруйнавання папулістычных і часам нават хлуслівых стэрэатыпаў каталіцкай Царквы. Як кажуць “большасць канфліктаў атрымоўваецца з няведання адзін аднаго, а не з разыходжання ў поглядах”. Таму трэба даваць магчымасць свету разумець Касцёл. Ці хаця б ведаць пра магчымасць магчымасці разуменя.
Ткачук Арцём