Кожны з нас сутыкаецца з рутынай. Большасць людзей на яе наракаюць, пазбаўляюць штодзённыя клопаты іх вартасці і абагульняюць словамі “ўсё па-старому”. Ды і ўсё жыццё ў большасці складаецца з гэтай рутыны. Атрымоўваецца, што калі не пачаць радавацца штодзённасці, то й існаванне стане малацікавым.
Аднак абыдзеннасць – з’ява падманлівая. Яна можа расслабіць і прыхаваць ад чалавека штосьці важнае. Са СМІ адбываецца таксама. Свядома ці падсвядома журналісты часам расслабляюцца і забываюць звярнуць увагу на штосьці насамрэч важнае. Але хто так зрэдку не робіць…
Магутны ўраган, які метэаролагі назвалі святы Юда, абрынуўся на Еўропу. Пра гэта пісалі і паказвалі ўсе. Зразумела, для нас тут цікавая назва. Ураган пачаўся 28 кастрычніка, а гэта якраз дзень успаміну святога апостала. Таму гэту прыродную з’яву так і назвалі. Мы ўсё будуем новыя тэхналогіі, развіваем тэхніку, верым у моц прагрэсу. А з’яўленне аднаго ўрагана паралізавала ўсю поўнач Еўропы. Святы Юда, як быццам прыгадаў, хто тут гаспадар. “Дзякуючы” ўрагану, можна таксама заўважыць, як неверагодна хутка працуе вікіпедыя.
Наша Ніва абвясціла пра выхад кнігі Пятра Рудкоўскага “Вялікі выбух Малой Галілеі”. У творы аўтар разважае над рэчаіснасцю, ў якой жылі першыя хрысціяне. Газета “Астравецкая праўда” надрукавала артыкул “польский священник оказался белорусом”. Аўтарка Ганна Чакур распавядае, што бл. кс. Ежы Папялушка “вырас ў беларускамоўнай сям’і” – значыць ён быў беларусам. Атрымоўваецца, што сёння большасць беларусаў не беларусы? Аднак усё ж такі прыемна, што парафія ў Камаях праз заступніцтва бласлаўлёнага моліцца да Бога за Беларусь.
Традыцыйна, перад святам Усіх святых, каталіцкія медыі гуртам пішуць аб паганскасці святкавання Хэлоўіна (тут і тут). Пра гэта ўзгадаў і мітрапаліт Т. Кандрусевіч падчас св. Iмшы ў катэдры ў дзень сваіх імянінаў. Нельга не пагадзіцца з аўтарамі гэтых артыкулаў. Божае Нараджэнне, Дзень Усіх святых, пачатак вялікага посту (з іх маштабнымі карнаваламі), успамін св. Валянціна і шэраг іншых святаў для большасці людзей ужо даўно ператварыліся ў прыгожую традыцыю. Падаецца, што толькі Вялікдзень застаўся ўрачыстасцю, якую маркетынг не здолеў перарабіць на свой лад. Шкада, што Хэлоўін, які мог бы быць цікавым варыянтам якой-небудзь вечарыны, з’еў усе сэнсы. Аранжавы гарбуз з усмешкай заставіў памяць пра памерлых самой сабе.
Нельга не згадаць таксама пра Паўла Севярынца, які на гэтым тыдні заахвоціў усіх да маральнай рэвалюцыі ў Беларусі. Лідэр беларускіх хадэкаў звярнуў увагу на тое, што “беларусы павінны звярнуцца да Бога і зразумець, што збаўленне прыйдзе не з Захаду ці Усходу”. “Збаўленне не прыйдзе ад якогасьці героя ці новай тэхналогіі (…) Збаўленне пачынаецца з уласных сэрцаў”, - сказаў палітык. Гэта заява пераклікаецца са словамі арцыбіскупа Т. Кандрусевіча, што ў Беларусі неабходна фарміраваць клас палітыкаў і заканатворцаў, якія б “і ў жыцці, і ў парламенце захоўвалі сваю хрысціянскую ідэнтычнасць”, “прымалі законы, базуючыся на Евангеллі і сацыяльным навучанні Касцёла, на маральных нормах, а не толькі шукаючы папулярнасці або ідучы за трэндамі, пануючымі ў свеце”.
Палітыка – рэч вельмі далікатная, таму нават папа Францішак ужо неаднаразова заклікаў да актыўнага ўдзелу ў прыняцці адказных рашэнняў і малітвы за палітыкаў.
Набліжаецца ўспамін Усіх Святых, ці як кажуць у народзе – Дзяды. Хацелася б прыгадаць яшчэ пра адну навіну, якой беларуская медыяпрастора ў апошні час удзяліла шмат увагі. 29 кастрычніка адзначаецца Дзень памяці палітычных рэпрэсіяў. На гэтым тыдні была ўзгадана лічба блізкая да 1 500 000 ахвяраў сталінскіх расстрэлаў. Не паглыбляючыся ў тэму магчымых ваганняў гэтай вялізнай колькасці забітых, трэба адзначыць важнасць памяці пра гэтых людзей. Бо, як вядома, не памятаючы мінулага, як мы можам размаўляць пра будучыню? Падчас Дня памяці ў Курапатах, месцы масавых расстрэлаў у 30-я гг., быў устаноўлены крыж, як сімвал гэтай памяці. Шкада, што на тэрыторыі Беларусі такіх крыжоў шмат, і некаторыя напэўна яшчэ будуць усталяваныя. Аднак трэба жыць і даверыцца Божаму Провіду. “Бо кожны будзе агнём пасолены” (Мк 9,49).
Арцём Ткачук