Пасля вядомага інтэрв’ю Папы Францішка і забароненага маршу “За жыццё, за сям’ю, за дзяцей”, беларускія СМІ ў цэлым заставілі Касцёл у супакоі. Новыя духоўна глыбокія выказванні Святога Айца нажаль нецікавыя шырокай публіцы.
Каб прыцягнуць трошкі ўвагі, tut.by перапосціў навіну пра галандскага святара, які забыў пра галоўны момант падчас св. Імшы і быў за гэта пакараны . А. Андрэй Буйніч пачаў адмысловую рубрыку “хрысціянства для чайнікаў” на Нашай Ніве, малады гарадзенец распавёў пра непрыгожую сітуацыю, якая здарылася з ім каля праваслаўнага сабора на вул. Ажэшка і еўрарадыё паведаміла пра учынак стэнаграфісткі кангрэсу ЗША, якая заявіла ў мікрафон што “народ ЗША ніколі не хадзіў і не будзе хадзіць пад Богам”. Цікава, што беларускія медыі бокам абыйшла навіна, якой еўрапейскія СМІ трасуць ужо не адзін тыдзень.
Некалькі месяцаў назад нямецкія журналісты апублікавалі інфармацыю, што нямецкі біскуп Франц-Пэтэр Тэбарц ван Эльст (Franz-Peter Tebartz-van Elst) патраціў на пабудову новай рэзідэнцыі 31 млн еўра замест запланаваных 10. Пасля візіту афіцыйнага прадстаўніка Апостальскай Сталіцы кард. Джаванні Лаёла (Giovanni Lajolo), было сцверджана што нямецкі біскуп застаецца біскупам Лімбурга. У панядзелак, 21 кастрычніка, Франц-Пэтэр Тэбарц ван Эльст сустрэўся з Папай Францішкам асабіста. Нямецкі біскуп падзякаваў за сустрэчу і ўжо паспеў папрасіць прабачэння ў сваіх вернікаў.
Хацелася б яшчэ звярнуць увагу на артыкул польскага newsweek, які ставіць пытанне ці ўдасца Папу Францішку змяніць паўсюдны касцёл . Пішучы аб выбары нашага Святога Айца, Аляксандра Павліцка сцвярджае, што веруючыя кажуць “дзякуй Богу”, а духавенства “на жаль”. Аўтарка, сімпатызуючы Папу, у пэўным сэнсе аддзяляе яго і веруючых ад духавенства. Журналістка спрабуе зразумець дзеянні Францішка рацыянальна, толькі пры дапамозе “логікі” дэмакратыі. Аднак, як вядома, Касцёл з'яўляецца тэакратычным і зусім не дэмакратычным. Чакаючы ад Папы зменаў парадкаў, трэба памятаць што Каталіцкі Касцёл сам выбраў кардынала Хорхэ Бэргогліо сваім Пастырам. Божы Провід зрабіў так, што ў той час, калі мы ўсе сталі гатовыя да новага імпульса, усё сталася так як сталася. Мудры і дасведчаны Бэнэдыкт ХVI вырашыў даць дарогу нашаму Францішку. “Чаго вока не аглядала, ані вуха не чула, ані ўваходзіла ў сэрца чалавечае, тое Бог прыгатаваў тым, што любяць Яго” (1 Кар. 2,9).
Часам мы бачым навіны, з-за якіх нам робіцца сорамна за Касцёл. Але мы грэшнікі з’яўляемся гэтым Касцёлам, а таму часам псуем уражанне аб ім. І калі Папа Францішак так шмат кажа пра ўбогасць, то гэта нармальна, што ўзнікаюць канфлікты падобныя да канфлікту з рэзідэнцыяй біскупа Лімбурга. Гэта нават добры знак. Бо месцы, якія так крытыкуюцца СМІ і сапраўды часам храмаюць, могуць хутка стаць крыніцай нашай святасці. Не турбуйцеся з-за такіх вестак. “Але Ён сказаў мне: “Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц праз слабасць удасканальваецца”. Таму найбольш ахвотна буду хваліцца сваімі немачамі, каб абжылася ўва мне магутнасць Хрыстова” (2 Кар 12,9).
Арцём Ткачук