Больш чым два тыдні таму, у Мінску планаваўся першы ў гісторыі Беларусі марш “За жыццё, за сям’ю, за дзяцей”. За некалькі дзён да меркаванай даты акцыі, Мінгарвыканкам не дазволіў правядзення ўзгаданай акцыі. Ініцыятыва была абмежаваная толькі да св. Імшы ў інтэнцыі абароны жыцця і сямейных каштоўнасцяў у Архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
У Беларусі, як і ў кожнай краіне, усе падзеі журналісты фарбуюць па-рознаму. Беларускія хадэкі звярнулі ўвагу на магчымы палітычны аспект забароны, большасць жа СМІ проста сцвердзіла той факт, што марш не адбудзецца. Галоўнае, што патэнцыйныя ўдзельнікі з горыччу ўздыхнулі і пачалі зноўку плянаваць свой выходны дзень. Памінаючы пошук прычынаў забароны маршу, хацеў б звярнуць увагу на іншае. Паразважаем пра падзею, на якую беларуская медыясфера не звярнула ўвагі – св. Імшу ў інтэнцыі абароны жыцця і сямейных каштоўнасцей.
Некалькі дзён таму, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што “пры сустрэчы я запытаюся ў такога чалавека (крытыка касцёла – заўв. рэд.): дзе ты быў, калі ў Мінскай архікатэдры была св. Імша ў інтэнцыі абароны ненароджаных дзяцей?”. Арцыбіскуп выказваў засмучанасць мізэрнай колькасцю яе ўдзельнікаў, негледзячы но тое што малітва адбылася больш за два тыдні таму. Праглядаючы фотарэпартаж нельга не здзівіцца тым, што большая палова лавак была пустая. Зразумела, свецкія СМІ не звяртаюць увагу на св. Імшы, аднак неверагодна тое, што нават каталіцкія журналісты не зазначылі факту такой малой колькасці ўдзельнікаў. Адзін толькі valancer.by адгукнуўся артыкулам “Плач па Маршу”.
Большасць з нас хацела б змяніць свет тут і цяпер. Часта каталікі наракаюць, што сёння свет такі дрэнны, раней было лепш, навокал – грэшны свет і толькі мы, веруючыя, плывем у каўчэгу Ноя. Наракаючы, мы забываем пра арэапаг – месца сустрэчы, месца дзе мы патрэбныя. Св. Імша за ненароджаных дзяцей гэта толькі праявіла. Разам з грамадствам, каталікі настолькі ўцягнуліся ў абмеркаванне прычынаў забароны маршу ў інтэрнэце, што забыліся пра малітву. Гэтаксама як няверуючыя забыліся пра важны акт салідарнасці – прысутнасць падчас службы.
Хацелася б каб улады дазволілі марш “За жыццё, за сям’ю, за дзяцей”. Няхай б прыйшло столькі ж людзей, колькі было на Імшы. Тады СМІ не маглі б не звярнуць увагу на колькасна-якасны паказчык акцыі. Магчыма, грамадства ўбачыла б ступень абыякавасці, якая нас пранізвае. Распадаюцца сем’і – кажам іх справа, забіваюць дзяцей – сумна маўчым. “Не зважаючы на часы няведання, Бог цяпер наказвае людзям, каб усе і паўсюль каяліся” (Дз.17,30).
Арцём Ткачук