Так складваецца, што большасць католікаў даведваецца аб навінах касцёла не з каталіцкіх медыяў, а менавіта са свецкіх. Чаму так адбываецца – пытанне адкрытае і патрабуючае адмысловага аналізу. Але галоўнае, што гэта факт, з якім усе мы павінны пагадзіцца. Пытанне, якое цікавіць яшчэ больш – чаму пасля чарговага вырывання з кантэксту навінаў рознымі медыямі мы не пачынаем шукаць гэты кантэкст. Мы альбо называем гэта чарговай правакацыяй, альбо ўвогуле абыякава назіраем і гартаем стужку навінаў далей.
Па-першае трэба аддаць належнае беларускім медыям. Выказванне Папы наконт геяў і абортаў было пададзена ў большасці аб’ектыўна. Партал tut.by першы працытаваў рускую службу bbc яшчэ ў дзень публікацыі інтэрв’ю. На наступны дзень, большасць беларускіх медыяў пісала аб гэтым (напрыклад тут, тут і тут). У сваёй большасці выданні звярталі ўвагу на тое, што Папа Францішак заахвоціў касцёл быць больш міласэрным у пытаннях гомасэксуалізму, эўтаназіі і абортаў. Менавіта міласэрнасць была тым новым падыходам, аб якім пісалі журналісты. І ў большасці сваёй артыкулы растлумачвалі гэта. Хіба адна толькі “Комсомольская правда” напісала, што “до избрания Хорхе Марио Бергольо Папой, он был ярым противником абортов, эвтаназии, осуждал гомосексуализм и однополые браки. Теперь же папа призвал церковь найти новый подход к проблемам абортов, гомосексуальности и контрацепции”, сообщает ИТАР-ТАСС. Аднак галоўнае тое, што не чытаючы ўсяго інтэрв’ю, мы кінуліся абмяркоўваць яго мізэрную частку. Адныя – бараніць, другія – атакаваць. Назвы артыкулаў – на тое яны і назвы, каб прыцягнуць увагу. Зразумела, што тытул “Вялікае сэрца адкрытае на Бога” ніколі не збярэ столькі лайкаў, як “Патрэбны новы падыход да геяў і абортаў”. Нават сярод хрысціянаў. Пра што ж яшчэ казаў Папа?
Аўтар інтэрв’ю – Антоніо Спадаро – напісаў, што “размова з Папам Францішкам гэта свайго роду вулканічны паток ідэяў, якія звязаны паміж сабою”. Папа гаворыць шмат і, свядомы гэтага, не баіцца казаць словаў, якія можна зразумець дваяка (пра што трапна заўважыў святар і блогер Рыгор Стасюк).
Размаўляючы пра свой стыль кіравання, спадкаемца святога Пятра зазначыў, што “ніколі не быў “добрым хлопчыкам” (goody-goody), але ніколі не быў прыхільнікам правых. Гэта быў мой аўтарытарны стыль прыняцця рашэнняў”. Пры гэтым Папа зазначыў, што “людзі ў рэшце рэшт стамляюцца ад аўтарытарызму”. Гаворачы аб Камісіі для рэформы ўстаноў Святога Пасаду, Пантыфік сцвердзіў, што “я не хачу сімвалічных кансультацый, але рэальных кансультацый”. Для Біскупа Рыму гэта ажыццяўленне думкі св. Ігнація “думаць з касцёлам”.
Папа ў чарговы раз акрэсліў важнасць людской мудрасці і традыцыі ў касцёле. “Гэтае думаць з касцёлам не адносіцца толькі да тэолагаў (…) Гэта як з Марыяй: калі ты хочаш ведаць, хто яна, ты пытаешся тэолагаў; калі ты хочаш ведаць, як любіць яе, ты мусіш запытацца ў людзей (…) Мы не можам нават думаць, што “мысленне разам з касцёлам” значыць мысленне толькі з іерархіяй касцёла”, - сказаў папа Францішак.
Кажучы пра бачанне касцёла ў якасці “маці і пастыркі” (“mother and shepherdess), Пантыфік у чарговы раз падкрэсліў, што “Божы люд хоча пастыраў, не клеру, які захоўваецца як бюракраты ці ураднікі”. “Я бачу касцёл як палявы шпіталь пасля бою”, - сказаў папа.
Францішак казаў яшчэ пра зразуменне Божай Волі і пакору, пра новыя касцёлы і сённяшнюю ролю старых,пра нараканне на свой лёс і штодзённую малітву. Папа сказаў, што любіць Караваджо і Шагала з яго “Белым распяццем”. Было так шмат тэмаў і цікавых думак, якіх мы не заўважылі з-за “новага падыходу да тэмы гомасэксуалізму, абортаў і эўтаназіі”. Кантэкст заўсёды важны. Папа казаў у інтэрв’ю, што “ўменне разрозніваць (discernment) патрабуе часу. Напрыклад, мы думаем, што змены і рэформы могуць адбыцца за кароткі час. Я веру, што мы заўсёды патрабуем часу, каб закласці асновы для сапраўдных, эфектыўных зменаў”.
Заахвочваю ўсіх прачытаць “Вялікае сэрца для Бога” (тут па-польску). І калі мы бачым гучныя загалоўкі, дык можа гэта Божы знак капнуць глыбей, знак, што Ён хоча ад нас чагосьці большага, чым толькі абыякавы скрол ніжэй. Per aspera ad astra!