На нашым інфармацыйным сервісе з'явіўся новы блог Арцёма Ткачука, які ў мінулым праводзіў вельмі папулярную сярод нашых чытачоў рубрыку "Іспанскі дзённік". У сваім новым блогу пад назвай "Касцёл у СМІ" аўтар будзе публікаваць свае роздумы адносна падыходаў журналістаў у асвятленні падзей звязаных з хрысціянствам, а асабліва з дзейнасцю Каталіцкага Касцёла. Блог "Касцёл у СМІ" - гэта спроба крытычнага падыходу да працы журналістаў і асобных СМІ. Свой першы допіс спадар Арцём прысвяціў асвятленню журналістамі падзей звязаных са збройным канфліктам у Сірыі.
Лідэры Дзярждэпартаменту ЗША і МЗС Расіі Джон Керы і Сяргей Лаўроў 15 верасня на саміце ў Жэневе выпрацавалі супольныя крокі для выхаду з крызісу ў Сірыі. Міжнародная супольнасць успрыняла гэты факт з энтузіязмам. Магчымасць вайсковага ўмяшання ЗША ў грамадзянскую вайну ў Сірыі зменшылася.
Так склалася, што Ватыкан у пэўным сэнсе сёння зрабіўся т. зв. celebrity, зоркай медыяў. Адыход Папы і выбар новага, урачыстыя св. Імшы на вялікія святы, папскія візіты ў розныя краіны свету заўсёды павышаюць колькасць слухачоў, гледачоў і чытачоў для ўсялякіх СМІ. Традыцыі Апостальскай сталіцы для людзей свецкіх набрыняюць пэўнай міфічнасці, што заўсёды выклікае інтарэс і прыцягвае шмат увагі. Аднак медыі звяртаюць увагу на тое, што людзям цікава. Найважнейшае і, зазвычай, менш цікавае для публікі застаецца па-за кадрам.
Зусім нядаўна Папа Францішак абвясціў тыдзень малітвы за мір ў Сірыі і заахвоціў каталікоў пасціцца ў інтэнцыі супакою у гэтай краіне. Гэтая ініцыятыва была годным адказам на абмежаванне магчымых сцэнароў развіцця падзей згодна з варыянтамі прэзідэнтаў Уладзіміра Пуціна і Барака Абамы (лічылася, што амерыканскі бок выступаў за ваеннае ўмяшальніцтва, а расійскі бок за тое, каб апазіцыя і дзяржаўныя ўлады ў Сірыі дамовіліся паміж сабой, пры гэтым не даючы ніякіх падказак, як гэта зрабіць). Гэтая падзея была дастаткова шырока асветлена журналістамі. І хоць ідэя папы Францішка маліцца і пасціць была ўхвалена грамадскасцю, усё ж такі большасць позіркаў была скіравана не на касцёлы, цэрквы, мячэці і іншыя храмы, а на саміт G20 у Санкт-Пецярбургу. Галоўным пытаннем, якое турбавала большасць, было пытанне “ці пачне ўладальнік прэміі Альфрэда Нобеля міру, выступаць за вайну?”
Апошнія навіны нельга не назваць добрымі. Міністры замежных спраў Расіі і ЗША дамовіліся аб супольнай утылізацыі хімічнай зброі ў Сірыі (больш падрабязўна пра гэта тут або тут). Першы крок да супакою зроблены. Ці не бачыце Вы, шаноўны чытач, факту пра які не ўспомнілі журналісты? Так, менавіта так. Большасць прытрымліваецца думкі, што паколькі кіраўнікі дамовіліся, то ЗША не ўмяшаецца. За гэтую добрую навіну веруючы чалавек скажа: “дзякуй Богу”.
Бог дзейнічае незаўважна. Часта мы просім яго аб чымсьці і, атрымоўваючы, нават не заўважаем здзейсненага цуду. І гэта мы, людзі якія называем сябе веруючымі. А што казаць пра нашых братоў і сясцёр, якія ў галопе пошуку новых навінаў не заўважаюць Божых навінаў.
Трэба маліцца за Сірыю, трэба пасціць за Сірыю. Няхай Нобелеўскі камітэт пасля дае чарговыя прэміі ААН, Эўразвязу, прэзідэнтам і іншым кіраўнікам. Няхай СМІ не заўважаюць цудоўных фактаў. Галоўнае, каб іх заўважылі мы, каб мы не былі няўдзячнымі Богу, і, каб у Сірыі людзі ўсміхаліся і хлопцы гулялі ў футбол, а журналісты – гэта звычайныя людзі. Яны не заўважаюць фактаў таксама, як часта не заўважае іх кожны з нас.