“Дзе можна сёння святых пабачыць? Яны паміж намі: у школе і ў працы”
Айцец Піо, сястра Фаустына Кавальская, кс. Хосэмарыя Эскрыва, айцец Максіміліян Кольбэ – што аб’ядноўвае гэтых людзей? Гэта святыя. Можна сказаць, сучасныя святыя, якіх мы можам бачыць не на абразах у сярэднявечным убранні, а на фотаздымках, можам знайсці нават відэа з іх удзелам у інтэрнэце. У нядзелю да іх ліку быў далучаны і Ян Павел ІІ. Цяпер шмат хто з нас зможа сказаць: “Я бачыў гэтага святога па тэлевізары” (а некаторыя можа нават асабіста), альбо “Я сцягнуў сабе відэа з нэту з гэтым святым”.
Ян Павел ІІ. Чалавек, які прыйшоў на свет ў суседняй Польшчы. Чалавек, дзякуючы якому адрадзіўся Касцёл на Усходзе, у тым ліку на зямлі беларускай. Пра папу казалі, што ён “з нашых ”. Святы Айцец так і не наведаў Беларусь, але дзякуючы яму ў жніўні 1991 годзе беларуская моладзь (разам з ішымі маладзёнамі з СССР) мела магчымасць паехаць у Польшчу, на Сусветныя дні моладзі. Ян Павел ІІ верыў і ведаў, што “на Беларусі Бог жыве”. Ці мы таксама верым у гэта?.. Бела-чырвона-белы сцяг і надпіс “На Беларусі Бог жыве”, якія некалькі разоў трапілі ў кадр тэлекамер падчас трансляцыі, даюць адказ: “Так”.
На казаннях у касцёле часта можна пачуць, што святасць для кожнага, што да святасці пакліканы кожны з нас. Святы Ян Павел ІІ не раз гэта падкрэсліваў. Ён пацвердзіў гэта сваім жыццём. Вырашаючы ўступіць у семінарыю, тады яшчэ Кароль Вайтыла, меў 22 гады. Да гэтага часу ён быў для некагаі аднакласнікам і таксама прылятаў на заняткі ў астатні момант, вучыўся з кімсьці на адным факультэце і не праводзіў увесь свой вольны час ў святыні, але быў актыўна заангажаваны ў студэнцкае жыццё, ён быў чыімсьці калегам у працы. Ён не нарадзіўся адразу папай, а ні нават святаром. Кароль Вайтыла жыў у свеце. Жыў у свеце спакойным і ў свеце вайны.
Падрыхтоўка да кананізацыі скончылася, але час, калі мы стараліся прыблізіцца да постаці Яна Паўла ІІ, да яго слоў павінен працягвацца, павінна працягвацца паглыбленне спадчыны святога. Можа старонка энцыклікі святога, альбо штодзённы ўрывак яго біяграфіі?.. Кожны ахвотны вырашыць па сваіх магчымасцях.
Кацярына Паўлоўская
Шчыра дзякуем Кацярыне за падрыхтоўку доўгага шэрагу матэрыялаў пра Яна Паўла ІІ перад кананізацыяй. Маем надзею, што набліжаючы постаць святога нашым чытачам, аўтарка сама зрабілася блізкай сяброўкай і супрацоўніцай папы Вайтылы.