Каталіцтва – гэта стыль жыцця. Ян Павел ІІ неаднойчы падкрэсліваў, што трэба быць сведкам Евангелля ў асяроддзях, у якіх мы знаходзімся. Прапануем вашай увазе фрагменты адгартацыі благаслаўлёнага, якая цалкам прысвечана паслузе свецкіх у касцёле і ў свеце. Заахвочваем яшчэ раз пераглядзець Christifideles Laici.
Касцёл - гэта менавіта супольнасць святых. А гэтая супольнасць азначае дваякі спосаб жыццёвага ўдзелу: уцелаўленне хрысціян у жыццё Хрыста, а таксама сувязь адной любові сярод усіх вернікаў на гэтым і на тым свеце. Еднасць з Хрыстом і ў Хрысце, і еднасць сярод хрысціян у Касцёле.
У апошні час працэс аб'яднання свецкіх католікаў ажывіўся і набыў асабліва разнастайны характар. Бо калі аб'яднанне вернікаў заўсёды было з'явай, якая пэўным чынам прысутнічала ў гісторыі Касцёла, аб чым да сённяшняга дня сведчаць розныя брацтвы, трэція законы і аб'яднанні, то незвычайнае ажыўленне ў гэтай сферы наступіла ў апошні час, калі з'явіліся і пашырыліся шматлікія і вельмі разнастайныя формы згуртаванняў: таварыствы, групы, супольнасці і рухі. Таму мы можам гаварыць пра новую эпоху аб'яднання свецкіх католікаў. Сапраўды, «побач з традыцыйнымі аб'яднаннямі, а часам нават з іх каранёў, выраслі новыя рухі і аб'яднанні, якія маюць спецыфічны характар і мэты: бо вялікае багацце і разнастайныя рэсурсы, якімі Дух Святы ажыўляе Касцёл; вялікія таксама арганізацыйныя здольнасці і велікадушнасць вернікаў.
Новая сітуацыя - як у Касцёле, так і ў грамадскім, эканамічным, палітычным і культурным жыцці - з асаблівай настойлівасцю патрабуе сёння заангажаванасці свецкіх. Пасіўнасць, якая заўсёды была непрымальнай паставай, сёння яшчэ больш становіцца віною. Ніхто не павінен быць бяздзейсным. Вернемся да слоў евангельскай прыпавесці: «Нарэшце, выйшаўшы каля гадзіны адзінаццатай, Ён знайшоў іншых, якія стаялі без работы, і запытаў іх: Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы? Яны адказалі Яму: Бо нас ніхто не наняў. Ён сказаў ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік Мой» (пар. Мц 20, 6-7).
Няма месца для бяздзейснасці, бо вельмі шмат працы чакае ўсіх у вінаградніку Пана. «Гаспадар» з яшчэ большаю сілаю паўтарае заклік: «Ідзіце і вы ў вінаграднік».
Усе вернікі, паколькі яны належаць да Касцёла, атрымліваюць паўсюднае пакліканне да святасці і ў ім супольна ўдзельнічаюць.
Пакліканне свецкіх людзей да святасці азначае заклік іх да таго, каб жылі яны паводле Духа, далучаныя да часовай рэчаіснасці, і праз удзел у зямной дзейнасці. Яшчэ раз нагадвае Апостал: «І ўсё, што б вы ні рабілі словам альбо чынам, усё рабіце ў імя Пана Езуса Хрыста, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу» (Кал 3, 17). Звяртаючыся з гэтымі словамі да свецкіх, Сабор катэгарычна сцвярджае: «Ані клопат сямейны, ані іншыя свецкія справы не павінны заставацца па-за сфераю іх духоўнага жыцця». Сінадальныя ж айцы гавораць на гэтую тэму наступнае: «Вялікае значэнне мае лучнасць жыцця свецкіх вернікаў, як тых, што павінны імкнуцца да святасці ў нармальных умоваў прафесійнага і грамадскага жыцця. Таму ў адказе на сваё пакліканне яны павінны ўспрымаць штодзённыя справы як аказію для таго, каб набліжацца да Бога, выконваць Яго волю і служыць іншым людзям, ведучы іх да камуніі з Богам у Хрысце”
«Свецкі католік ніколі не можа замкнуцца ў сабе, духова адасобіцца ад супольнасці, але павінен жыць у пастаянным кантакце з іншымі, з моцным пачуццём братэрскай еднасці, перапоўнены радасцю, якая вынікае з аднолькавай годнасці, а таксама ўсведамляць супольную адказнасць за тое, каб вялікі скарб, атрыманы ў спадчыну, прынёс плён. Дух Панскі адорвае свецкага, гэтак жа як і іншых ахрышчаных, многімі харызматамі, заахвочвае яго да розных паслугаў і заданняў, нагадвае яму, як нагадвае іншым адносна яго, што ўсё тое, што яго вылучае, не з'яўляецца большаю годнасцю, але спецыфічнаю для яго, узаемадапаўняльнаю здольнасцю да служэння. (…) Такім чынам, харызматы, пасланніцтвы, функцыі і паслугі свецкага католіка існуюць у супольнасці і для супольнасці. Яны з'яўляюцца ўзаемадапаўняльным багаццем, якое павіненна служыць для дабра ўсіх пад мудрым кіраўніцтвам пастыраў”.
Поўны тэкст адгартацыі па-беларуску ў беларускай інтэрнэт-бібліятэцы KAMUNIKAT.ORG
Падрыхтавала Кацярына Паўлоўская