Skip to main content

Ян Павел ІІ аб ролі мужчын ў сям’і і бацькоўстве

На сваім жыццёвым шляху, які быў пілігрымкай веры, Юзаф да канца заставаўся верным Божаму пакліканню так, як Марыя. Яе жыццё было выкананнем да канца таго першага fiat, якое сказала ў момант звеставання. А Юзаф, як мы ўжо гаварылі, у момант свайго “звеставання” не прамовіў ні слова, а толькі “зрабіў так, як яму загадаў Анёл Пана” (Мц. 1, 24). А тое першае “зрабіў” зрабілася пачаткам “шляху Юзафа”.

На працягу ўсяго гэтага шляху Евангеллі не запісваюць ніводнага слова, якое ён прамовіў. Але маўчанне Юзафа мае сваё асаблівае красамоўства: праз гэтае маўчанне ў паўнаце магчыма прачытаць праўду, якая ўтрымлівае евангелічнае сцвярджэнне: “муж справядлівы” (пар. Мц. 1, 19)

 

Трэба ўмець прачытаць гэтую праўду, бо ў ёй заключана одно з найважнейшых сведчанняў аб мужчыне і яго пакліканні. Касцёл на працягу многіх пакаленняў усё больш уважліва і дакладна разбірае гэтае сведчанне, нібы вымаючы са скарба гэтай шаноўнай постаці “новае і старое” (Мц. 13, 52)1.

Сапраўдная сужанская любоў прадугледжвае і вымагае, каб мужчына меў вялікую павагу да годнасці жанчыны: “Ты не пан ёй – піша св. Амброзій – але муж, не служанку атрымаў ты, але жонку … Адплаці зычлівасцю за зычлівасць, любоўю ўзнагародзь любоў”. Мужчына павінен жыць са свай жонкай “у асобай форме сяброўства асобаў”. А хрысціянін пакліканы развіваць новую паставу любові, у такі спосаб выражаючы сваёй узлюбленай любоў поўную і ў той жа час моцную, якую Хрыстос адчувае да Касцёла. Любоў да жонкі, якая стала маці, і любоў да дзяцей з’яўляюцца для мужчыны шляхам, каб зразумець і здзейсніць сваё бацькоўства2.

Унутры камуніі-супольнасці сужанскай і сямейнай мужчына пакліканы, каб жыць у свядомасці свайго дару і ролі мужа і бацькі. [...] Мужчына, паказваючы і перажываючы на зямлі бацькоўства самога Бога, пакліканы, забяспечыць роўнае развіццё ўсіх членаў сям’і. Споўніць гэтае заданне цераз велікадушную адказнасць за зачатае жыццё пад сэрцам маці; цераз клапатлівае спаўненне абавязкаў выхавання, якое дзеліць з жонкай; цераз працу, якая ніколі не разбівае сям’ю, але ўмацоўвае яе ў сувязі і пастаянстве; цераз сведчанне сталага хрысціянскага жыцця, якое надзейна ўводзіць дзяцей у жывое зазнаванне Хрыста і Касцёла3.

Бацькоўская адказнасць: “Бог ушанаваў бацьку праз дзяцей” – гаворыць Кніга Эклізіясціка (3, 3). І мацярынская адказнасць. Аднак нельга забываць, што мужчына павінен быць першым у падняцці гэтай адказнасці. Калі Апостал кажа ў духу свайго часу: “Жонкі, будзеце паслухмянымі мужам” (Кал. 3, 18), то кажа таксама: мужы, будзьце адказнымі! Праўдзіва заслужыце давер вашых жонак і вашых дзяцей4. […] месца і роля бацькі ў сям’і і для сям’і маюць вялікую і незаменную вагу. Як вучыць досвед, адсутнасць бацькі выклікае псіхічныя і маральныя забурэнні, а таксама значныя цяжкасці ў сямейных узаемаадносінах, падобна як, у супрацьлеглых выпадках, прыгнятальная прысутнасць бацькі, асабліва там, дзе з’яўляецца так звананы “мачызм”, або злоўжыванне перавагі мужчынскіх паўнамоцтваў, якія прыніжаюць жанчыну і не дазваляюць развіваць здаровых сямейных сувязяў5.

______________________________________________________________

1Фрагмент Апостальскай адгартацыі Redemtoris custos, Рым 15 жніўня 1989

2Фрагмент Апостальскай адгартацыі Familiaris consortio

3Фрагмент Апостальскай адгартацыі Familiaris consortio.

4Фрагмент гаміліі, якая была выглашана падчас св. Імшы для сем'яў, Шчэцін, 11чэрвеня 1987 г. 

5Фрагмент гаміліі, якая была выглашана падчас св. Імшы для сем'яў, Шчэцін, 11чэрвеня 1987 г.

Падрыхтавала Кацярына Паўлоўская

Рэдагавана: 26 Красавік 2014