Сёння прапануем Вам словы Яна Паўла, скіраваныя да моладзі. Ён не баяўся “зрабіць стаўку на моладзь”, давяраў ёй і верыў ў яе. Гэта словы чалавека, які не меў лёгкага старту ў жыцці, але меў адвагу выбраць Любоў.
Вы павінны патрабаваць ад сябе, нават калі б іншыя ад вас не патрабавалі1
“Што значыць быць ахрышчаным? Чым з’яўляецца хрост? – Хрост – гэта выбар Хрыста. – Я выбіраю Хрыста. Хрысціянства – гэта рэлігія выбару. Выбару Бога ў Хрысце. Знешнім вызнаннем гэтага выбару Бога ў Хрысце з’яўляецца вызнанне веры. […] Такім чынам, я не толькі думаю аб Ім абстрактна, як аб ідэі, я выбіраю Бога праз тое, што Яго вызнаю. […]
Нельга Яго выбраць, выбіраць, не вызнаючы. Гэта можа нейкім чынам спаткацца з праблемай так часта сёння парушанай, што рэлігія з’яўляецца справай прыватнай. Так, можна з гэтым пагадзіцца, гэта справа прыватная, справа асабістая; але прыватнасць, асабістасць, інтымнасць гэтай справы мае свае граніцы. Гэтай граніцая з’яўляецца вызнанне Бога, права вызнавання Бога, права публічнага вызнавання Бога. Бо вызнаваць – гэта значыць прызнавацца да Яго перад іншымі. Гэта не значыць абавязкова бубніць, трубіць і паўтараць: не! Не! Не! – але гэта значыць прызнавацца да Яго тады, калі з абставінаў вынікае патрэба прызнання да Яго. На гэтым, зрэшты, заўсёды палягала выпрабаванне веры”2.
“Пытанне аб тым, кім вы з’яўляецеся, напэўна вы ставіце сабе ўжо даўно. Гэта адно з найбольш цікавых пытанняў. Адно з асноўных пытанняў. Якой мерай мераць чалавека? Ці мераць яго мерай фізічных сілаў, якія мае? Ці мераць яго мерай пачуццяў, якія даюць яму магчымасць кантакту са знешнім светам? Ці мераць яго мерай інтэлігенцыі, якая правяраецца шматлікімі тэстамі і экзаменамі? […] Чалавека патрэбна мераць мерай “сэрца” Сэрцам! Сэрца ў біблейскай мове азначае людзкі ўнутраны свет, азначае, у асаблівасці, сумленне... Такім чынам, чалавека трэба мераць мерай сумлення, мерай духа, адчыненага на Бога. Такім чынам, чалавека трэба мераць мерай Духа Святога. [...] Толькі Дух Святы можа яго “напоўніць” – гэта значыць давесці да рэалізацыі праз любоў і мудрасць”3.
“[…] Вельмі Вас прашу, каб Вы Яго (Хрыста) прынялі і адначасова, каб Вы дазвоілі Яму сябе прыняць. Прымі мяне, вазьмі мяне нанова, бо можа я дзесьці заблукаў, загубіўся, бо можа дзесьці плятуся і хажу бакамі, прымі мяне. Вазьмі мяне нанова і вядзі! Гаварыце з Ім вельмі шчыра, вельмі пераканаўча, вельмі цвёрда. Не бойцеся ў гэтай размове з Ім, калі ў вас будзе ўся праўда аб вас. Ён гэтай праўды не баіцца. Ніякая праўда аб чалавеку не з’яўляецца для Яго цяжкай. У кожную праўду аб чалавеку Ён заўсёды можа ўнесці сваю любоў. Побач з гэтай магутнасцю ўсё будзе слабым. Такім чынам, гаварыце Яму: прымі мяне, вазьмі мяне нанова” .
“Будучыня належыць да Вас, да маладых (маладзёнаў). Неабходна, каб Вы ўваходзілі на вялікія сцежкі гісторыі не толькі тут, у Еўропе, але на ўсіх кантынентах і ўсюды, каб Вы станавіліся сведкамі Хрыстовых дабраслаўленняў: “Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца”5.
“Duc in altum” (Лк 5,4)! [...] Гэтыя словы Хрыста я кірую да кожнага і кожнай з Вас: “Адплыві на глыбокае” (Лк 5,4)! Даверся Хрысту, перамажы слабасць і роспач і па-новаму “адплыві на глыбокае”. Адчыні глыбіню ўласнага духа. Уваходзь у глыбіню свету. Прымі слова Хрыста, даверся Яму і прымі сваю жыццёвую місію. Людзі новага веку чакаюць твайго сведчання. Не бойся! “Адплыві на Глыбокае”! - Хрыстос з табой.
Сэрцам абдымаю кожнага і кожную з Вас. Нязменна прашу Бога, каб вёў Вас праз жыццё, ў святле і моцы Духа Святога. Няхай ласка Хрыста заўсёды Вас суправаджае.
З сэрца ўсіх благаслаўляю: у Імя Айца і Сына, і Духа Святога”6.
________________________________________________________
1З прамовы да моладзі на Яснай Гуры, 18 чэрвеня 1983.
2Фрагмент навукі рэкалекцыйнай выглашанай для ўніверсітэцкай моладзі ў касцёле св. Анны ў Кракаве, 10 красавіка 1962.
3Фрагмент прамовы да студэнцкай моладзі пад касцёлам св.Анны ў Варшаве, 3 чэрвеня 1979.
4Фрагмент прамовы з 14 красавіка 1962.
5Фрагмент павітальнай прамовы да ўдзелінікаў VI Сусветных Дзён Моладзі ў Чэнстахове, 14 жніўня 1991.
6Фрагмент прамовы да моладзі на Ледніцкіх Палях, 2 чэрвеня 2001.
Падрыхтавала Кацярына Паўлоўская