Чарговы матэрыял прысвечаны навуцы Яна Паўла ІІ. Сёння разважаем над словамі благаслаўлёнага Папы аб сятасці чалавечага жыцця.
“Кожнае жыццё, нават тое, якое найменш значыць для людзей, мае вечную вартасць перад вачамі Бога”.
Чалавечае жыццё святое, таму што ад самага пачатку вымагае “створчага дзеяння Бога” і застаецца на заўсёды ў спецыяльным аднясенні да Створцы, адзінай сваёй мэты. Сам Бог – Пан жыцця, ад яго пачатку аж да канца. Ніхто, ні ў якой сітуацыі, не можа мець права да беспасрэднага знішчэння нявіннай чалавечай істоты1.
Права на жыццё – гэта не толькі пытанне светапогляду, не толькі рэлігійнае права, але самае першаснае права чалавека2.
Ці ж існуе такая людзкая інстанцыя, ці ёсць такі парламент, які мае права легалізаваць забойства нявіннай і безабароннай чалавечай істоты? (…)
Не забівай, але хутчэй ахоўвай жыццё, ахоўвай здароўе і шануй людскую годнасць кожнага чалавека, незалежна ад яго расы ці рэлігіі, ад узроўня інтэлігенцыі, ступені свядомасці ці веку, здароўя ці хваробы3.
Асабліва здзіўляе факт усё больш папулярнага прыняцця своеасаблівай культуры смерці, якая часамі прадстаўляецца як здабыча ў галіне цывілізацыі правоў чалавека, а якая ў існасці пагражае чалавечаму жыццю: нішчыць яго праз аборты, яшчэ да таго як чалавек прыйдзе ў свет, альбо забівае праз эўтаназію перад яго натуральным канцом. (…)
Не можа быць так, што навука з аднога боку стараецца ратаваць жыццё, а з другога ўдзельнічае ў яго забіцці. Не можа быць так, што, змагаючыся за ахову натуральнаага асяроддзя: раслін і жывёлаў, не выступае з той самай энэргіяй пашаны для ранніх фазаў жыцця чалавека, пастаўленага Богам на чале стварэння4.
Чалавечае жыццё асабліва слабае і крохкае тады, калі прыходзіць на свет і калі пакідае часовасць, каб дасягнуць вечнасці. Божае Слова шматразова заклікае да акружэння жыцця апекай і пашанай, асабліва жыцця, пазначанага хваробай і старасцю5.
Не існуюць асуджаныя на смерць і тыя, якія радуюцца так званаму жыццю. Удзелам усіх нас з’яўляюцца народзіны, перамяненне і звязаныя з ім цярпенні, якіх мы баімся, так як Езус падчас сваёй малітвы на Аліўнай Гары, а таксама святлы вынік тых пераменаў, якія мы носім у сабе ад моманту, калі ў хросце былі пагружаныя ў смерць і перамогу Хрыста6.
____________________________________________
1Фрагмент з энцыклікі “Evangelium Vitae” (Евангелле Жыцця), 1995.
2Фрагмент прамовы ў Калішу, 1997.
3Фрагмент гаміліі, прамоўленай у Радомю, 4 чэрвеня 1991.
4Фрагмент разважанняў, прамоўленых перад малітвай “Анёл Панскі”, 25 ліпеня 1993.
5Фрагмент з энцыклікі “Evangelium Vitae” (Евангелле Жыцця), 1995.
6Фрагмент прамовы да людзей у старэйшым веку ў кватэры ў Мюнхене, 19 лістапада 1980.
Падрыхтавала Кацярына Паўлоўская