Падарожжа па Індыі: заключнае слова
Вось і прыйшоў канец. Канец падарожжу, канец туру. Прыйшоў таксама час, каб спытаць сябе: што я атрымала падчас гэтага візіту? Што змянілася?
Пачну з таго, што за чатыры месяцы да ад'езду я мела адну непрыемную сітуацыю, якая выклікала ў мяне дрэннае пачуццё - расчараванне ў вельмі блізкім мне чалавеку. Гэта сітуацыя аказала значны ўплыў на маё рашэнне паехаць у Індыю ... можа нават не на маё, а на рашэнне маіх бацькоў, таму што я была падрыхтаваная да гэтага падарожжа жыцця ўжо даўно, і пасля вышэйузгаданага непрыемнага выпадку мая сям'я ў адзін голас сказала мне, што я павінна ўзяць пад кантроль свае думкі і перажыванні і пачаць збірацца ў паездку.
Паездка ў Індыю была для мяне свайго рода адраджэннем, адпачынкам і часам, калі я абдумала ўсё, што рабіла дагэтуль і што я хачу рабіць у будучыні.
Я знаходжуся далёка ад дома. Індыя - гэта небяспечная краіна, поўная кантрастаў, поўная разнастайных правілаў і іх адсутнасці. Падчас першага месяцу ў Індыі я павінна была прызвычаіцца да яе паўсядзённасці... Часам гэта было цяжка, таму што я была адна сярод французаў, часам мне вельмі не хапала маіх сяброўз або проста людзей, якія размаўляюць са мной на адной мове (і тут я не кажу пра ангельскую).
Ва ўмовах, у якіх я апынулася, я адчула, наколькі добра мы жывем у Беларусі, у Еўропе, дзе ёсць усё неабходнае для жыцця! Я адчула, якім глупствам з'яўляецца сляпая пагоня за матэрыяльнымі дабротамі толькі для таго, каб узвысіцца над іншымі. Там я сустрэла шмат людзей, якія не маюць даху над галавой, але адчуваюць сябе шчаслівымі!
Я змяніла таксама стаўленне да сваёй сям'і, якую я люблю, але як мне цяпер здаецца - надта мала. Любіць трэба бясконца, усёй сваёй істотай і не марнаваць магчымасці, каб лішні раз сказаць сваім бацькам, як моцна вы іх любіце!
Для мяне, як для верніцы, дадатковую цяжкасць ў Індыі складала тое, што бліжэйшы да Газіабаду касцёл знаходзіўся ў 11 км ад нашага кампусу. Кожны раз, калі я збіралася ў храм, у мяне ўзнікала шмат пытанняў: ці варта туды ісці? як туды дабрацца? ці бяспечна гэта? як я буду вяртацца? А калі мы былі ў іншым горадзе – ці знайду я ў ім касцёл?
Перад ад'ездам я думала, што мяне чакае час, калі я буду знаходзіцца вельмі далёка ад Касцёла, але не фізічна, а больш эмацыйна. Я меркавала, што так як я буду на вучобе па абмену ў нехрысціянскай краіне - Бог ўсё зразумее, і ў рэшце рэшт, я практыкуючая верніца, таму пасля трох месяцаў нічога дрэннага не адбудзецца. Своеасаблівым выклікам быў для мяне час Вялікага посту, які павінен быў пачацца ў сярэдзіне майго падарожжа.
Ужо цяпер я з упэўненасцю магу сказаць, што для Бога няма нічога немагчымага. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, я заўсёды знаходзіла людзей, якія дапамагалі мне дабрацца да касцёла. Скажу больш, гэты пост стаў для мяне асаблівым. Я вырашыла прайсці Крыжовым шляхам у сваім пакоі, каб не забываць пра гэтае набажэнства. Аднойчы мне нават удалося паўдзельнічаць у Крыжовым шляху ў святыні ў Дэлі, каб годна адзначыць шлях Езуса, які вядзе да выратавання. Я вырашыла адзін ці два разы на тыдзень прытрымлівацца посту і аддаваць сваю ежу бедным, якіх там было так шмат. Я пачала больш маліцца. Для мяне гэта быў час выпрабаванняў: я зразумела шмат рэчаў, якія цяжка апісаць словамі. Вядома, гэта быў час змаганняў з сатаной, які асабліва моцна трапляе ў найбольш уразлівыя месцы падчас Вялікага посту. Але з дапамогай малітвы і Божай сілы можна пераадолець што заўгодна, проста трэба даверыцца Госпаду ўсім сэрцам. Такім чынам, замест таго, каб адысці ад Бога, я стала яшчэ бліжэй да Яго.
Цяпер я зразумела сэнс свайго знаходжання ў краіне настолькі далёкай ад маёй радзімы. Умілаваныя, не бойцеся выйсці за межы сваёй зоны камфорту. Часам варта рызыкнуць , каб чагосьці дасягнуць. Бог дае нам магчымасці кожны дзень, і толькі ад нас залежыць, калі і як іх выкарыстоўваць, і ці выкарыстоўваць наогул.
Падрыхтавала Юлія Шкуда