Удайпур-Агра-Варанасі. Тры гарады - тры дзіўныя пачуцці
Гэтую паездку я чакала з вялікім нецярпеннем, а ўсё з-за таго, што сяброўка маёй сястры пацвердзіла, што збіраецца правесці 2 тыдні ў Індыі. Цудоўная навіна, бо, па-першае, я сама буду арганізаваць нашае падарожжа, а па-другое , нарэшце паразмаўляю на роднай мове!
Паездка запатрабавала ад мяне мужнасці і рашучасці, таму што я сама павінна была даехаць да Удайпуру і сустрэцца там са сваёй знаёмай. У гэты раз я ўзяла з сабой на ўсялякі выпадак пярцовы балончык. Але пасля 12-гадзіннага падарожжа цягніком я дабралася да месца без непрыемных перажыванняў.
Удайпур з’яўляецца яшчэ адным так званым белым горадам Раджастану. Раней я апісвала свае падарожжы ў Джайпур (ружовы горад), Джодхпур (блакітны горад) і Пушкар (горад вакол возера). У горадзе Удайпур я ажыццявіла сваю мару – праехалася на слане.
Удайпур прыгожы горад, які з усіх бакоў акружаны пагоркамі, і ў сярэдзіне якога знаходзяцца тры азёры. Вельмі маляўнічы від адкрываецца з аднаго з узгоркаў, дзе можна падняцца ўверх па ліннай дарозе і атрымаць асалоду ад заходу Сонца. Як толькі я ўбачыла гэтую цудоўную карціну, я зразумела, што цалкам прызвычаілася да жыцця ў Індыі, да яе клімату, да нормаў і правілаў, якія практыкуюцца ў ёй. У той момант я зразумела, як моцна я не хачу вяртацца...Усё здавалася настолькі дасканалым: фантастычныя пейзажы; людзі, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу; прадукты харчавання, якія заўсёды напоўненыя тысячамі водараў; і гэта незабыўная атмасфера, якую можна адчуць толькі там…
Пасля Удайпуру мы накіраваліся на ўсход. Наступным прыпынкам на нашым шляху была Агра. Агра з'яўляецца так званай Меккай для кожнага індуса, месцам, якое ў першую чаргу наведваюць турысты, а ўсё таму, што тут знаходзіцца Тадж-Махал. Цяпер я ведаю, чаму гэтая святыня называецца адным з сямі цудаў свету! Унікальны маўзалей з белага мармуру, паводле легенды, быў пабудаваны з дапамогай 20 тысяч слугаў Шах-Джахана ў знак яго любові да жонкі. Пасля заканчэння будовы слугам адсеклі рукі, каб ніхто іншы не змог пабудаваць такі фенаменальны маўзалей.
Пасля Агры мы адправіліся ў апошні пункт нашага падарожжа - Варанасі - духоўны цэнтр Індыі.
На думку навукоўцаў, Варанасі з'яўляецца найстарэйшым горадам на зямлі, і пасля наведвання гэтага чароўнага месца, гэта здаецца быць праўдай. А ўсё таму, што горад размешчаны на рацэ Ганг, святой для індусаў. Над адным з берагоў Ганга размешчаны гаты - высокія, стромкія лесвіцы, якія вядуць да вады. У гэтым месцы адбываецца рытуальная крэмацыя індусаў. Там збіраюцца сем'і памерлых, у асноўным мужчыны, таму што існуе думка, нібы жанчыны не змогуць стрымаць слёз, а плач у гэтым месцы забаронены, бо душа памерлага можа не дасягнуць стану нірваны. Пасля крэмацыі попел развейваюць над ракой. Ёсць яшчэ чатыры катэгорыі памерлых, якіх нельга крэміраваць на святых гатах: цяжарныя жанчыны, дзеці, пракажоныя і жывёлы. Да іх целаў прывязваюць камяні, вязуць на сярэдзіну ракі і кідаюць у ваду.
Пасля таго , як я даведалася пра гэта, я не магла без агіды глядзець на людзей, якія купаюцца ў рацэ ... І вось узнікае новы дзіўны факт. Ганг з'яўляецца ракой, у якой вельмі хутка гінуць бактэрыі, а ўсё таму, што вада у ёй поўная злучэнняў срэбра, якія дзейнічаюць як фільтры ... я думаю, што гэта не выпадкова. Але і пасля гэтага я не адважылася акунуцца ў святую раку.
На зваротным шляху, падчас кароткай экскурсіі на лодцы па рацэ Ганг, мы былі сведкамі цырымоніі Арты, якая праводзіцца два разы ў дзень - на досвітку і пасля заходу Сонца.
На наступны дзень мы наведвалі старажытныя храмы, пасля чаго нашае сумеснае падарожжа падышло да канца, і я развіталася са сваё спадарожніцай. Мяне чакала дарога назад да Газіабаду.
Пасля вяртання ў кампус я прысвяціла свой час навуцы. Мінулы тыдзень быў даволі сумным для студэнтаў з вучобы па абмену - усе ведалі, што нашым прыгодам прыйшоў канец. Для мяне і для маіх французскіх сяброў гэта быў час падвойных пачуццяў. З аднаго боку, мы выдатна правялі тут час, пазнаёміліся з цудоўнымі людзьмі, а з другога боку, не маглі дачакацца вяртання дамоў, да ўласных умоў жыцця, якія мы цяпер так высока цэнім…
Кульмінацыяй маёй паездкі ў Індыю было аднадзённае падарожжа ў Дэлі разам з маёй buddy - дзяўчынай, якая клапацілася пра мяне падчас паездкі. Мы наведалі Храм Лотаса і Akshardham Temple – храмавы комплекс індусаў.
Напрыканцы дня мы пайшлі на галоўны рынак, каб набыць падарункаў для блізкіх. Я ніколі не забуду гэтыя перамовы з гандлярамі, калі праз некалькі хвілін можна было купіць што-небудзь за паўкошту.
Індыя назаўсёды застанецца ў маім сэрцы...
Падрыхтавала Юлія Шкуда