Наступны тыдзень прайшоў у імгненні вока. Мне давялося пазнаёміцца з некалькімі цудоўнымі індусамі, з якімі я спадзяюся падтрымліваць сувязь і пасля вяртання з вучобы па абмену. Адзін з маіх новых знаёмых з’яўляецца сікхам (сікхі – гэта індусы, мужчыны і жанчыны – якія носяць цюрбан і не могуць стрыгчы валасы, але, вядома, не ўсе настолькі рэлігійныя).
Ён (сікх) абяцаў, што возьме мяне ў касцёл ў нядзелю, і стрымаў сваё слова. Скажу больш, ён нават удзельнічаў у Імшы. Там я пазнаёмілася і мела прыемнасць пагаварыць з а. Маріа Сусаі. Ксёндз спытаў, ці можа ён разлічваць на мяне ў выпадку, калі ён вырашыць наведаць Беларусь, ці змагу я зарганізаваць яму дах над галавой. Я адказала, што гэта будзе вялікі гонар і для мяне, і для маёй сям'і, гасціць святара з так далёкіх краёў.
Пасля Імшы мой сябар завёў мяне ў храм сікхаў - Гурудвары, які зрабіў на мяне вельмі моцнае ўражанне. Сікхі вельмі прыязныя да людзей - незалежна ад таго, з'яўляецца чалавек багатым ці бедным, кожны можа прыйсці да іх на пачастунак у любую пару дня. Гаворка ідзе нават не пра сотню чалавек ...сікхі забяспечваюць ежай тысячы людзей кожны дзень. Я таксама даведалася, што людзі, якія дапамагаюць у Гурудвары - гэта звычайныя сікхі, якія праводзяць там 2-3 гадзіны кожны дзень, нічога не атрымоўваючы ўзамен.
Абавязкам кожнага чалавека, які наведвае храм, з’яўляецца, па-першае, пакрыццё галавы; па-другое, перад уваходам кожны павінен здымаць абутак і абмываць ногі - у знак таго, што ён уваходзіць у храм ачышчаным.
Пасля прагулкі ў Гурудвары мы пайшлі ў мясцовы парк - Лодзі Гардэн, дзе мы правялі астатак дня. Там мы сустрэлі сотні сем'яў, якія прыйшлі, каб насалодзіцца сонечным надвор’ем ... гэта было цудоўна!
Перад вяртаннем ва ўніверсітэцкі гарадок, нас запрасілі на гарбату ў сям'ю аднаго з нашых сяброў. І тут я ўпершыню сустрэлася з тым, аб чым мяне папярэджваў кс. Артур: Індыя - гэта краіна, поўная людзей, якія практыкуюць магічныя рытуалы і г.д. Гаспадыня дому была менавіта такім чалавекам. Яна, відавочна, не адважылася пагаварыць са мной наўпрост, а толькі пераказала праз маю сяброўку, якая, дарэчы, неахрышчаная і лічыць, што ў яе ёсць “дар”, што гэтыя тры месяцы будуць для мяне вельмі цяжкімі, і што гэта звязана з маёй сям'ёй.
Калі я гэта пачула, я толькі ўсміхнулася, таму што зразумела, што Бог і Яго Провід не дазволілі, каб гэтая жанчына пагаварыла са мною сам-насам.
Некалькі гадоў таму, калі я хадзіла на моладзевыя сустрэчы, святар распавёў нам, што ўсё, што звязана з рытуаламі і прадказаннем будучыні - гэта не ад Бога. Ён таксама сказаў, што тыя, хто карыстаецца паслугамі такіх людзей, адкрываюць сваю душу д'яблу. Ксёндз спытаў, ці можа хтосьці з нас памятае з дзяцінства, як бацькі, з прычыны няведання, вадзілі яго да такіх людзей. Ён дадаў, што ў гэтым заўсёды можна прызнацца на споведзі, каб не мець больш з такімі рэчамі ніякай сувязі. Менавіта гэта я і зрабіла пасля сустрэчы.
У мяне ёсць на шыі медалік, які я ніколі не здымаю, бо ведаю, што ён абараняе мяне ад усялякай небяспекі. Я таксама ведаю, што мая сям'я моліцца за мяне, і што ўсё будзе добра. Гэтыя тры месяцы могуць быць для мяне цяжкімі толькі з пункту гледжання таго, што я сумую па сям’і. Але не трэба перабольшваць: я дарослая асоба, раней спраўлялася і цяпер змагу.
Заўсёды памятайце пра вашых блізкіх, незалежна ад таго, як далёка вы знаходзіцеся, незалежна ад таго, якія адносіны былі паміж вамі да гэтага часу... Сям'я - гэта самае вялікае багацце, які кожны толькі можа мець.
Падрыхтавала Юлія Шкуда