Гэтую навагоднюю ноч я буду памятаць да канца сваіх дзён, таму што я правяла яе ў самым незвычайным месцы ... ў небе ... а менавіта ў небе паміж Абу-Дабі і Нью-Дэлі. Першае ўражанне пасля прызямлення – Індыя мае свой уласны запах, запах згарэлых галінак дрэў. Спачатку запах быў настолькі моцным, што мне падалося, нібы я задыхаюся, але цяпер, пасля 1-2 дзён, я ўжо ў меру прызвычаілася.
Бяспечна дабраўшыся да ўніверсітэцкага гарадка я сустрэла там сваіх калег з абмену, французаў. Чаму я адразу здагадалася, што гэта былі французы? Ужо перад пачаткам свайго падарожжа я даведалася, што з Польшчы буду толькі я, а астатнія 35 студэнтаў – гэта французы.
Спачатку я адчувала сябе крыху дзіўна – мела змешаныя пачуцці: змена гадзіннага пояса, змяненне клімату, усведамленне таго, што яшчэ некалькі дзён таму я разам са сваёй сям'ёй святкавала Раство, а цяпер знаходжуся на другім канцы зямнога шара.
Дзякуючы маім калегам з абмену я хутка забылася пра ўсё, што было прычынай маіх трывог, і ўжо 2 студзеня мы вырушылі ў двухдзённую вандроўку па Дэлі.
Першая нядзеля, якую я правяла ў Індыі, зразумела, пачалася са святой Імшы ў касцёле, які знаходзіцца ў 4 км ад універсітэцкага мястэчка. Шчыра кажучы, мне не было лёгка знайсці касцёл і людзей, ахвотных пайсці са мной: Індыя з'яўляецца краінай, дзе галоўным чынам вызнаюць індуізм і яго розныя фракцыі, а вось мусульмане і хрысціяне знаходзяцца тут у меншасці.
Калі толькі я здолела знайсці спадарожніцу і касцёл, я адчула, як моцна мая сям'я моліцца за мяне…бо я ўжо пачала губляць надзею ў тое, што я ўвогуле знайду сёння касцёл ... Першая імша была на мове хіндзі, і я, вядома, нічога не зразумела. Але парадак абрадаў быў такі самы, як і ў еўрапейскім касцёле, што дазволіла мне ў адпаведных момантах маліцца на польскай мове.
Знаходзячыся ў касцёле я адчула, што незалежна ад таго, дзе знаходзішся, калі ты знойдзеш дом Божы, то нават у самым далёкім кутку свету будзеш адчуваць сябе як дома… Адчуеш, што для Бога не існуе межаў і адлегласці ...
Чаму я так намагалася знайсці сабе спадарожніка? Індыя з’яўляецца небяспечнай краінай, асабліва для жанчын. Кожны дзень тут адбываюцца сотні згвалтаванняў, часта калектыўных. Усё гэта таму, што згодна з індуісцкай традыцыяй, калі нявеста выходзіць замуж, яна павінна мець прыданае ў памеры тысячы даляраў. З гэтага вынікае, што выхоўваць дзяўчынку ў Індыі можа толькі вельмі багатая сям'я, а ў бедных сем'ях дзяўчынак часта забіваюць адразу пасля нараджэння. Адсюль вынікае, што працэнтная розніца суадносін колькасці мужчын і жанчын з’яўляецца велізарнай. Гэта можна ўбачыць няўзброеным вокам на вуліцах і ў грамадскім транспарце, дзе, напрыклад, у метро ёсць толькі адзін асобны вагон прызначаны для жанчын, у той час калі ўвесь астатні цягнік займаюць мужчыны (куды жанчыны могуць увайсці на свой страх і рызыка). Такім чынам дзяўчыны на тэрыторыі кампуса павінны прытрымлівацца строгіх правіл - нельга апранацца ў кароткія сукенкі і спадніцы, нельга падаваць ніякіх азнакаў інтымнай блізкасці – пацалункі, абдымкі, нават трыманне за рукі – ўсё пад забаронай.
Еўрапейцы, як хлопцы так дзяўчаты, высока цэняцца ў Індыі. Спачтку я не магла прызвычаіцца да таго, што за мной пастаянна назіраюць, заглядваюць мне ў вочы і просяць аб сумеснай фатаграфіі. А ўсё таму, што белы чалавек з’яўляецца сімвалам шчасця для індусаў.
Вось такія ўражанні пасля першага тыдня ў Індыі. Неўзабаве працяг.
Юлія Шкуда