Удзельніца пілігрымкі Гродна-Тракелі 2015 дзеліцца з нашым парталам сваімі ўражаннямі, перажываннямі і найбольш яскравымі момантамі перажытага паломніцтва да Нябеснай Маці.
Дзень першы
Раніца. Дзіўнае хваляванне. І бязмежная радасць. Сёння распачнецца той шлях, якога чакалі цэлы год – шлях да Маці Божай Тракельскай.
Пасля ранішняй імшы, якую цэлебравай кс. біскуп А. Кашкевіч, гродзенскія вернікі пад дэвізам «З Марыяй дарогай навяртання» вырушылі ў дарогу.
«О праслаўляйце Яго ўсе народы, з пашанай песні Яму спявайце!..» Вырушылі са шчырым спевам і верай у тое, што пяць дзён, якія чакаюць наперадзе, адновяць душу і цела. Кожны нёс з сабой не толькі заплечнік з падручнымі рэчамі. Неслі свае просьбы, нейкі боль ці смутак, радасці і спадзяванні.
Першы начлег у нас быў у Азёрах. Заўсёды неяк асабліва чакаеш гэтай ночы, калі будзеш спаць у касцёліку, пры алтары. Увечары цудоўныя дзяўчаткі і хлопцы з гурта «Open» правялі канцэрт. Цікава было назіраць, як мясцовыя жыхары сціпла стаялі ў баку ад пілігрымаў, а пасля ўсё ж далучыліся да спеваў і танцаў. Гурт «Open», як і заўсёды, цудоўным спевам і граннем дапамог кожнаму з нас у чарговы раз упэўніцца ў тым, наколькі гэта цудоўна – ЛЮБІЦЬ БОГА.
Дзень другі
На наступны дзень зранку на св. Імшы Яго эксцэленцыя кс. біскуп Юзаф Станеўскі прамаўляў цудоўныя словы. «Марыя для нас – прыклад Любові. Пілігрым – таксама прыклад для ўсіх. Таму пасля пяці дзён, калі вернецеся дадому, вы павінны расказаць як мінімум 100 асобам пра тое, дзе былі і з якой мэтай. Гэта – прыклад Веры». У думках пачынаю ўяўляць тых, каму буду расказваць аб цудоўнай дарозе да нашай Нябеснай Маці. Набралася чалавек 50. Але гэта яшчэ не мяжа.
Калі ножкі не звыкліся з доўгім хаджэннем, то на другі дзень пілігрымкі крыху складана ісці. Але гэта толькі спачатку. Галоўнае – трымаць высока нос, не думаць пра нейкі боль, а засяроджвацца на малітве, актыўна спяваць цудоўныя песні, праслаўляючы Бога, нашу любую матулечку Марыю.
Шлях да Тракельскай Марыі ляжыць праз мястэчка Астрына. Цудоўныя там жывуць людзі, дзверы іх дамоў заўсёды адкрыты для пілігрыма.
Калі пілігрымка прыходзіць у гэтае мястэчка, то ўвечары змораных, але аптымістычных «апосталаў веры» заўсёды чакае мясцовы школьны стадыён. І вось там адбываецца сапраўдны цуд. Ногі, на якіх, бывае, месца вольнага няма ад «Казікаў і Юляў» (так у гэтым годзе кемлівая моладзь жартам празвала мазалі), самі ідуць у пляс. Дзякуючы нашым сёстрам законным Марлене і Зоі мы вывучылі новенькія танцы, успомнілі тое, што на працягу многіх гадоў адплясвалі ў гэтых мясцінах. Ну, і, канешне, улюбёная ўсімі «бельгійка». Танчылі ўсе – «и стар, и млад». Дзякуй, Божа, за сілы, якія даваў тады, калі здавалася: неее, нікуды не пайду! Памыўся, паеў, трэба спаць. Але ж вячэрні апаль – гэта заклад добрага сну.
Дзень трэці
На наступны дзень адбылася прыміцыйная св. Імша новапрэзбітэра кс. Аляксандра Вараб'ёва. Малады святар ў казанні сказаў наступнае: «Марыя хоча, каб мы ішлі да яе, дзяліліся Верай. Мы павінны пасвячаць час адзін аднаму, умець дзяліцца Любоўю. І менавіта пілігрымка вучыць нас быць добрымі людзьмі. І ўжо тады, як вернемся дадому, павінны паразважаць над тым, ці змянілася ў нашым жыцці штосьці пасля такога доўгага шляху?» Таксама кс. Аляксандр зазначыў, што «Бог дае нам ласкі, але нічога не патрабуе наўзамен. Нашыя ўчынкі любові павінны быць дарам. Мы павінны служыць Богу, ісці і навучаць, абвяшчаць Божую Любоў». Кожны пілігрым ведае, што «Марыя будзе заўсёды нас чакаць у доме Сына, чакаць, як сваіх дзяцей». Дэвіз пілігрымкі «З Марыяй дарогай навяртання». І таму новапрэзбітэр нагадаў, што «да навяртання можам прыйсці, адракаючыся ад граху, праз таямніцу споведзі. І Марыя дапамагае нам у гэтым».
Кожны год так выходзіць, што ў час, калі пілігрымы знаходзяцца ў мястэчку Астрына, кс. магістр Зянон Рамейка святкуе свой Дзень нараджэння. З цудоўнымі словамі віншаванняў выступілі парафіяне, падзякаваўшы Богу за такога пастыра, за яго палымяныя вусны, якія прамаўляюць Слова Божае, за тое, што вядзе вернікаў да навяртання.
Цудоўную традыцыю наладзілі арганізатары пілігрымкі: у кожнай парафіі ўручаць нейкія дары ксяндзам-пробашчам. У гэтым годзе кс. Павел Салабуда ўручаў драўляны гэтак званы «крыж пакутаў і ахвяраванняў».
Сабраўшы інтэнцыі жыхароў Астрыны, вырушылі далей.
Ужо быццам бы і складана ісці, але ўсё ж думкі пра мэту пілігрымкі цешаць душу і аздараўляюць цела.
Наш шлях ляжыць праз вёску Забалаць. Яшчэ адно месца, дзе людзі сваімі адносінамі да вандроўнікаў паказваюць, наколькі любяць Бога. Прыйсці ў хату да незнаёмых людзей і адчуваць, быццам ты ведаеш іх ужо вялікую колькасць гадоў – гэта дарагога каштуе. І прыемна ўсведамляць, што людзі наўзамен сваёй гасціннасці ад цябе хочуць хоць бы адну, але шчырую малітвачку ў час пілігрымавання.
Дзень чацвёрты
Напэўна, для большасці пілігрымаў адзінай складанасцю начлегу ў Забалаці з'яўляецца ранняе прабуджэнне, бо пасля св. Імшы а 6.30 наперадзе чакае 34 км дарогі. Але, ізноў жа, думкі пра хуткі прыход у Тракелі грэюць душу.
Пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы кс.дэкан Генрык Яблонскі на св. Імшы ў час казання прамаўляў наступныя словы: «Без Веры чалавек проста існуе на Зямлі. Мы не павінны паддавацца ўсялякага рода спакусам, павінны супраціўляцца ім». Кс. Генрык расказаў цікавую гісторыю пра хлопца з Пакістана, які быў не мусульманінам, а хрысціянінам, і за гэта яго падпалілі, у выніку чаго праз пяць дзён хлапец памёр. Шмат жахлівых гісторый падобнага кшталту мы бачым-чуем па тэлебачанню, у інтэрнэце. Яшчэ адна гісторыя пра дзяўчыну з Судана , бацька якой быў мусульманінам і кінуў сваю сям'ю, а маці была хрысціянкай. Дзяўчына выйшла замуж за хрысціяніна, і ўлады абвінавацілі яе ў чужаложстве, прыгаварылі да ўдараў плёткамі. 100 удараў. Цяжарная жанчына. Але моцная духам хрысціянка не адмовілася ад сваёй Веры. Таму, як зазначыў кс. Генрык, працытаваўшы радкі са Святога Пісання, «навяртайцеся і верце ў Евангелле», «ідзіце і навучайце», і тады «чакае вас жыццё вечнае і ўзнагарода». І вось з верай у тое, што сапраўды праз навяртанне атрымаем Божую ўзнагароду, мы рушылі далей.
Складаны шлях. Больш, напэўна, маральна, чым фізічна. Лічыш гэтыя кіламетры, а яны ўсё не меншаюць. А яшчэ дождж. Але ж усё залежыць ад таго, як мы адносімся да сітуацыі. Пасля трох дзён гарачыні нябесная вадзіца была вельмі якраз. Наш Айцец пашкадаваў сваіх дзяцей, іх падпаленыя пад сонцам рукі-ногі-насы і вырашыў астудзіць. Лівень лівеньскі на нас сыпануў. І вось ужо здалёк бачым вежы каплічкі мястэчка Пагародна. Але наперадзе яшчэ некалькі кіламетраў. Заўважыла такую рэч: тры гады, што хаджу ў пілігрымку, у Пагародна лье дождж. І гэта сімвалічна: Пагародна-апошні прыпынак на шляху да Маці, і дождж быццам бы абмывае нашыя душы і целы, ачышчае ад «бруду» да канца.
Кладземся спаць. А ў галаве думкі: вось, заўтра доўгачаканы момант. Душа радуецца, трапечацца.
Дзень пяты
І вось яна, фінішная прамая. На ранішняй імшы ў маленькай каплічцы мястэчка Пагародна з намі разам наш пастыр, кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. Душа спявае гучней голасу. Падзякаваўшы кс. пробашчу Яну Пецюну, зрабіўшы фотасесію з біскупам Аляксандрам і ўсімі святарамі, якія ішлі ў пілігрымцы, вырушылі далей.
Асабліва хочацца сказаць пра Гару прабачэння. Такое важнае месца яна займае на шляху пілігрыма, які вырушыў з Гродна да Маці Божай. Канчатковае ачышчэнне адбываецца менавіта тут. Узяўшыся за рукі з тымі, з кім ішоў усе пяць дзён, з кім быў кожную хвіліну. Мурашы па скуры, слёзы на вачах, а ўсмешка на вуснах. І самае прыемнае – гэта калі ў абдымках чалавека-паплечніка ты просіш прабачэння за дрэнна сказанае слова, дрэнны ўчынак. Ці проста кажаш яму дзякуй за тое, што ішоў у гэтай пілігрымцы і разам з табою і іншымі абвяшчаў хвалу нашаму Богу і любай Марыі. І дажджу не трэба: столькі слёз было праліта на гэтым месцы. Голас сарваны, хрыпіць. Але ўжо спявае душа. А ногі нясуць так лёгка, так хутка да мілай Матулечкі. Яна чакае сваіх дзяцей. І мы з трапятаннем і любоўю хочам нарэшце паглядзець у вочы Той, якая дапаможа ўсім нам праз Сваё заступніцтва трапіць да Сына.
***
Мы дайшлі.. У чарговы раз паказаўшы і даказаўшы ў першую чаргу сабе, што толькі з Любоўю ў сэрцы можам дасягнуць вышынь, хоць кожны з нас укладае ў паняцце «любоў» свой сэнс. Ёсць сярод нас і тыя, каго жыццёвыя абставіны паставілі на мяжу расчаравання ў гэтым высокім пачуцці. Але такі чалавек набраўся сіл, цярпення для таго, каб сустрэць гэтую Любоў, і менавіта ў вачах Нябеснай Маці.
Шчыра дзякую ўсім, з кім ішла побач і дзяліла “хлеб штодзённы”, з кім малілася плячо ў плячо. Дзякуй тым, хто са шчырасцю, павагай і любоўю прымаў нас, пілігрымаў, пад свой дах, хто сустракаў па дарозе з радасцю, верай і слязьмі ў вачах, хто карміў цудоўным абедам, даючы магчымасць насыціцца не толькі душы, але і целу. З упэўненасцю магу сказаць, што пабачыла і адчула Яе, тую самую “Любоў доўгацярплівую, ласкавую, не пыхлівую…”
Думкамі я ЎЖО ў пілігрымцы ў 2016 годзе…
Вікторыя Янчарская