20 снежня ў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне прыбыў Агонь міру, запалены ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме.
Агонь, прыбыццё якога нагадвае, што хутка пачнуцца святы Божага Нараджэння, быў перададзены каталіцкімі скаўтамі біскупу Гродзенскаму Уладзіміру Гуляю.
Сёлетняя акцыя перадачы Бэтлеемскага агню праходзіць пад дэвізам “Любі ўчынкам”.
Звяртаючыся да ўсіх, хто сабраўся ў гэты дзень у катэдры, і нагадваючы пра набліжэнне святаў, біскуп сказаў: “Тая праўда, што Бог прыйшоў да нас, што Ён блізка, побач, напаўняе нашы сэрцы ўдзячнасцю, любоўю і надзеяй”. Па словах іерарха, прымаючы Бэтлеемскі агонь, “гэтае Божае святло”, вернікі бяруць на сябе абавязак несці яго далей праз сваё хрысціянскае жыццё.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што Бэтлеемскі агонь “хоча асвятляць наш адвэнтавы шлях да ясляў і адначасова саграваць нашы сэрцы”. Паколькі агонь развозяць у розныя месцы, адкуль усе жадаючыя могуць узяць яго з сабой, іерарх дадаў, што святло гэтага агню “пранікае ў кожны куток нашага жыцця”.
Дэвіз, пад якім сёлета праходзіць перадача агню, кажа, як патлумачыў біскуп, выяўляць любоў праз канкрэтныя дзеянні ў дробных штодзённых жэстах і ў складаных жыццёвых сітуацыях.
Біскуп заклікаў “паверыць у сілу гэтага агню” і параіў вернікам паставіць яго так, каб ён свяціў усім у доме. “У такім святле мы ўбачым не толькі сваю слабасць і грэх, але і твары нашых бліжніх, часта агорнутыя пакутай і цемрай, – сказаў ён. – У гэтым Бэтлеемскім святле аб’явіцца нам шлях. Асвятляючы нас і нашых блізкіх, яно будзе запрашаць нас выйсці з дому і пайсці насустрач Езусу”. “Узіраючыся ў Пана Езуса, будзем слугамі святла, а не цемры”, – заахвоціў іерарх.
Затым усе жадаючыя маглі запаліць ад Бэтлеемскага агню знічы і такім чынам узяць яго ў свае дамы і сем’і. Скаўты панеслі агонь у іншыя парафіі, каб ён дапамагаў людзям адзначаць святы ў духоўным адзінстве з зямлёй Збаўцы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі