1 снежня ў Вішневе адбылася малітва на магіле кс. Юзафа Кіселя ў 22-ю гадавіну яго смерці. Святар служыў у мясцовай парафіі св. Юды Тадэвуша (Смаргонскі дэканат) у 1940-2002 гг.
На малітве сабраліся вернікі парафіі са сваім пробашчам кс. канонікам Антонам Казлоўскім. Яны прасілі Бога аб вечным жыцці для ксяндза Юзафа – руплівага душпастыра, які без рэшты прысвяціў жыццё людзям.
Ксёндз Юзаф Кісель нарадзіўся 3 сакавіка 1908 г., паходзіў з парафіі ў Парэччы (дэканат Гродна-Усход). У 1938 г. скончыў духоўную семінарыю ў Вільні, там жа прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае арцыбіскупам Віленскім Рамуальдам Ялбжыкоўскім, і быў накіраваны на служэнне ў Радунь.
У 1940 г. распачаў служэнне ў вішнеўскай парафіі. Падчас Другой сусветнай вайны святара неаднаразова прыніжалі як гітлераўцы, так і партызаны. У 1944 г. апошнія несправядліва абвінавацілі яго ў супрацоўніцтве з нацыстамі і павялі на расстрэл. Парафіяне, убачыўшы гэта, абаранілі і выратавалі свайго пробашча, рызыкуючы ўласным жыццём, што сведчыла пра іх павагу і любоў да яго.
Пасля вайны працягваўся пераслед святара савецкай уладай. Яго каралі за прысутнасць дзяцей на Імшы, штрафавалі па розных выдуманых прычынах, некалькі разоў дапытвалі, рабілі захады з мэтай канфіскаваць плябанію, спрабавалі зачыніць касцёл. Аднак нават у самыя цяжкія часы, калі навакольныя святыні зачыняліся, ксёндз Юзаф здзяйсняў служэнне не толькі ў сваёй, але і ў суседніх парафіях.
Ён духоўна апекаваўся шматлікімі вернікамі з розных куткоў Беларусі і Літвы, патаемна ўдзяляў хрост, благаслаўляў сужэнцаў. Уся ваколіца ведала яго як добрага спаведніка, духоўнага айца, ад якога людзі атрымлівалі сакрамэнты і з чыіх вуснаў чулі словы падтрымкі. Адышоў у вечнасць ксёндз Юзаф 4 снежня 2002 г.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі