КАНФЕРЭНЦЫЯ КАТАЛІЦКІХ БІСКУПАЎ У БЕЛАРУСІ
Дарагія браты і сёстры!
11 кастрычніка 2012 г. падчас XIII Звычайнага Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі для пераказу хрысціянскай веры, у 50-ю гадавіну пачатку Другога Ватыканскага Сабору і 20-ю гадавіну абвяшчэння Катэхізіса Каталіцкага Касцёла папа Бэнэдыкт XVI распачаў Год веры, які завершыцца ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, 24 лістапада 2013 г.
Аб намеры правесці Год веры Папа абвясціў год таму 11 кастрычніка 2011 г. у Апостальскім лісце «Porta fidei» — «Брамы веры». У ім Святы Айцец, чытаючы знакі часу, нагадвае пра неабходнасць нанова знайсці дарогу веры, каб усё больш выразна паказваць радасць і адноўлены энтузіязм, які нараджаецца ад спаткання з Хрыстом. Неабходна вывесці людзей з духоўнай пустыні да Хрыста, які дае поўню жыцця, бо ў сучасным свеце хрысціяне часта больш клапоцяцца аб справах грамадскіх, культурных і палітычных, чым аб сваёй веры, якая ёсць дарогай да дасягнення збаўлення (пар. PF 2-3).
Сапраўды, няма больш важнай справы, як пошук шляху да дасягнення найвышэйшых мэтаў жыцця чалавека і адначасова дарогі, якая вядзе да вечнасці. Існаванне чалавека не абмяжоўваецца яго магілай. Не з’яўляецца яго канцом і крэмацыя. Чалавек як Божае стварэнне прызначаны да вечнасці, і ў кожным чалавеку ёсць іскра несмяротнасці, якая яму нагадвае аб гэтым. Папа Бэнэдыкт XVI паказвае нам гэтую іскру, якою ёсць іскра веры і якая павінна нанова заззяць падчас Года веры. Гэта час адказнай працы ў справе абужэння свядомасці чалавека, каб дапамагчы яму не змарнаваць сваё жыццё і дасягнуць вечнага шчасця.
Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што Год веры з’яўляецца заахвочваннем да аўтэнтычнага і новага навяртання да Хрыста — адзінага Збаўцы свету. У таямніцы Яго смерці і ўваскрасення Бог аб’явіў ва ўсёй паўнаце любоў, якая збаўляе і заклікае людзей да перамены жыцця праз адпушчэнне грахоў (пар. Дз 5, 31). Гэтая любоў вядзе да новага жыцця, бо праз хрост мы пахаваныя ў смерць з Хрыстом, каб як Ён уваскрос з памерлых, так і нам жыць абноўленым жыццём (пар. Рым 6, 4). Дзякуючы веры гэтае новае жыццё, абапіраючыся на навіну Уваскрасення, фарміруе ўсё чалавечае існаванне. «Вера, якая дзейнічае праз любоў» (Гал 5, 6), становіцца новым крытэрыем мыслення і дзеяння, якое перамяняе жыццё чалавека (пар. Рым 12, 2; Кал 3, 9–10; Эф 4, 20–29; 2 Кар 5, 17) (пар. PF 6).
Год веры таксама будзе спрыяць узмацненню веры вернікаў, якія сярод цяжкасцяў штодзённага жыцця не перастаюць давяраць Богу. Іх каштоўнае сведчанне з’яўляецца праяўленнем Касцёла ў сучасным свеце. Такім чынам, Год веры павінен стаць нашым адказам на крызіс духоўнага і рэлігійнага жыцця, а таксама шляхам, які хрысціянская супольнасць прапануе тым, хто жыве з настальгіяй па Богу і жадае сустрэць Яго ізноў. Важна, каб хрысціяне адчувалі адказнасць прапанаваць іншым сяброўства веры з мэтай паказаць ім яе падмуркі.
Крызіс веры — гэта праяўленне антрапалагічнага крызісу, які перажывае сучасны чалавек, і Касцёл імкнецца дапамагчы яму пераадолець духоўную беднасць. Падчас Года веры Касцёл жадае паказаць прыгажосць веры, запрасіць да глыбейшага яе перажывання і сведчання, а таксама нагадаць людзям пра Бога, які ёсць, які нас любіць, які нас чакае са сваёй любоўю і які даў нам вольную волю і не жадае яе парушыць. Таму Год веры павінен стаць духоўным ажыўленнем заблукаўшага ў грахоўных лабірынтах чалавека, у якім адначасова закладзена Божая іскра веры, з якой павінна разгарэцца яе полымя. У цэнтры Года веры асаблівым вызнаннем веры павінна стаць малітва Сімвал веры (Credo).
Праблема веры заўсёды была вельмі вострай. Нават найбліжэйшых сваіх вучняў, якімі былі апосталы, Езус дакараў у малой веры. Так, падчас буры на моры, перад тым як яе суцішыць, Езус спытаў апосталаў: чаго яны спалохаліся, малаверныя (пар. Мц 8, 26)? Іншым разам, таксама падчас буры, калі апосталам здавалася, што яны патонуць, Езус прымае ўмоўную прапанову Пятра: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе» (Мц 14, 28). І сапраўды, на пачатку Пётр ідзе па вадзе, але, спалохаўшыся, пачаў тануць і закрычаў: «Пане, ратуй мяне!» (пар. Мц 14, 30). Езус працягнуў руку, падтрымаў Пятра і сказаў: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?» (Мц 14, 31). На пытанне апосталаў, чаму яны не змаглі выгнаць злога духа, Езус адказвае: з-за малой веры вашай (пар. Мц 17, 19–20).
Праблема веры ў наш час становіцца ўсё больш і больш актуальнай. Свет перажыве крызіс веры. З-за малой і нясталай веры ў многіх краінах, маючых шматвекавую гісторыю хрысціянства, людзі трываюць у рэлігійнай і маральнай абыякавасці, удалечыні ад Божага слова, сакрамэнтальнага жыцця і хрысціянскіх практык, жывуць так, як быццам Бога зусім няма, і нават становяцца няверуючымі. У некаторых месцах, у тым ліку ў Беларусі, пасля энтузіязму 90-х гадоў мінулага стагоддзя назіраецца стомленасць, зморанасць і страх перад абліччам складаных выклікаў сучаснасці.
У такой сітуацыі Касцёл не стаіць у баку ад праблемы веры сучаснага чалавека і настаўляе ў час і не ў час (пар. 2 Цім 4, 2), як кажа святы апостал Павел. Касцёл, памятаючы аб просьбе апосталаў да Езуса «памнож у нас веру» (Лк 17, 5), імкнецца ўмацаваць веру сучаснага чалавека праз яго сустрэчу са Збаўцам. Як у сітуацыі са святым Пятром, таксама і з сучасным чалавекам, неабходна памятаць, што толькі Хрыстус праз веру можа працягнуць руку дапамогі і вывесці на бяспечнае месца.
Вера, якую мы вызнаем, павінна быць прынятая сэрцам. Не дастаткова ведаць толькі змест веры, калі сэрца, як аўтэнтычны санктуарый чалавека, не будзе адкрыта на Божае слова. Паміж актам веры і яе зместам існуе глыбокая сувязь. Прынятая сэрцам вера вядзе да справядлівасці, а вызнанне яе вуснамі да збаўлення, — навучае святы апостал Павел (пар. Рым 10, 10). Гэта азначае, што сэрца чалавека павінна адкрыцца на Божую ласку веры, каб яе лепей зразумець. Вызнанне ж вуснамі паказвае, што наступствам веры ёсць сведчанне аб ёй і захапленне ёю.
Вера не можа быць прыватнай справай. Вера — гэта рашэнне аб тым, што чалавек жыве з Богам, і таму ён сваім жыццём павінен сведчыць веру. Аб гэтым вельмі добра нагадваюць падзеі Пяцідзясятніцы, калі апосталы публічна абвяшчалі Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага. У дзень Пяцідзясятніцы Касцёл паказаў публічнае вымярэнне веры і абавязак яе абвяшчэння. Таму неабходна кожны дзень жыць вераю ў нашым публічным жыцці.
Важная дапамога ў пазнаванні зместу веры — Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які спрыяе аднаўленню жыцця Касцёла і з’яўляецца бяспечнай нормай навучання праўдаў каталіцкай веры і інструментам яе ўмацавання. У Год веры неабходна вярнуцца да глыбокага вывучэння і паўтарэння Катэхізіса — кнігі веры.
Год веры, які распачынаецца, павінен стаць добрай нагодай да спраў міласэрнасці. Святы апостал Якуб навучае, што вера без учынкаў мёртвая (пар. Як 2, 17). Вера без любові не прыносіць плёну, а любоў без веры была б пачуццём, якое знаходзіцца пад пагрозай сумніву. Гісторыя вучыць, што шмат людзей менавіта праз справы дабрачыннасці знайшлі і ўмацавалі веру.
Святы апостал Павел заклікаў свайго вучня Цімафея, каб не стамляўся ў веры (пар. 2 Цім 2, 22; 3, 15). Гэты заклік мы павінны скіраваць і да нас саміх, каб не быць лянівымі ў нашай веры. Вера з’яўляецца спадарожніцай нашага жыцця. Яна дазваляе нанова ўбачыць цуды, якія чыніць Бог. Распазнаючы знакі часу, вера абавязвае нас быць жывымі знакамі прысутнасці Хрыста ў свеце, чаго так патрабуе сучасны свет.
У Год веры мы павінны як мага часцей накіроўваць наш позірк на Хрыста — пачынальніка і віноўніка веры (пар. Габр 12, 2). У Ім знаходзіць сэнс радасці і любові, адказ на драму цярпення і болі, сілу прабачэння і перамогу жыцця над смерцю. Таму Хрыстус павінен стаць нашым правадніком на шляху веры. Пілігрымкі ў святыя месцы, асабліва ў Святую Зямлю, даюць магчымасць дакрануцца да вытокаў нашай веры і спрыяюць яе ўмацаванню. Таму заклікаем прымаць у іх удзел.
Вернікі заахвочваюцца да сведчання веры і любові ў дыялогу з братамі і сёстрамі іншых веравызнанняў. Год веры таксама павінен стаць добрай нагодай для правядзення і аднаўлення парафіяльных місій.
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы і ўсе вернікі!
Паводле закліку святога апостала Паўла да пашырэння і праслаўлення слова Божага (пар. 2 Фес 3, 1), мы павінны прасіць Бога і прыкласці ўсе намаганні, каб Год веры ўмацаваў нашу сувязь з Хрыстом і каб наша вера ніколі не слабла, нягледзячы на выпрабаванні нашага часу.
«Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены» (Мк 16, 16), — кажа Хрыстус. Гэтыя словы Збаўцы павінны нас падбадзёрыць у перажыванні Года веры, бо хрысціянін павінен жыць верай. Гэта азначае, што матывам выбару і напрамку ў жыцці перадусім павінна быць вера. Каб захаваць веру як компас нашага жыцця, неабходна яго перажываць у Божай прысутнасці. Бог ніколі не пакідае нас адных, нават падчас самых цяжкіх выпрабаванняў. Выпрабаванні сучаснасці дапамагаюць нам лепей зразумець таямніцу крыжа і прымаць удзел у цярпеннях Хрыста (пар. Кал 1, 24). Яны таксама з’яўляюцца ўступам да радасці і надзеі, да якіх вядзе вера, бо ніхто і нішто не дасць нам патрэбнай для вытрывання ў жыццёвых выпрабаваннях сілы, як вера.
Няхай жа Год веры стане для нас часам, каб мы звыш надзеі паверылі з надзеяй (пар. Рым 4, 18) і каб наша вера ўзрастала (пар. Лк 17, 5).
Давяраючы саміх сябе, наш Касцёл і нашу краіну мацярынскай апецы Марыі, якая паверыла (пар. Лк 1, 45), на Год веры, як часу адраджэння і ўмацавання веры, ад усяго сэрца благаслаўляем у імя Айца, + і Сына, і Святога Духа. Амэн.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Мінск, 29 верасня 2012 г.
Урачыстасць свв. Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала .
P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернікам 14 кастрычніка 2012 г.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
- II Ватыканскі Сабор. Канстытуцыя пра святую літургію «Sacrosanctum Concilium» (SC).
- II Ватыканскі Сабор. Канстытуцыя пра Божае Аб’яўленне «Dei Verbum» (DV).
- Павел VI. Апостальская адгартацыя «Evagelii nuntiandi» (EN).
- Бэнэдыкт XVI. Motu Proprio «Porta Fidei» (PF).
- Congregazione per la dottrina della fede. «Nota con indicazioni pastorali per l’Anno della fede» (Nota).
- http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/speeches/2005/december/documents/hf_ben_xvi_spe_20051222_roman-curia_it.html.