Кангрэгацыя Дачок Маці Божай Балеснай – сэрафітак, была заснавана ў 1881 годзе бласлаўлённым Ганаратам Казьмінскім (капуцынам) і бласлаўлёнай Малгажатай Люцыяй Шэўчык.
Асноўным харызматам ордэна Дачок Божай Маці з’яўляецца, “ахвярнае прысвячэнне сябе служэнню дзецям і бедным. Маем прынімаць іх за сваіх гаспадароў, а сябе за іх слугаў, служачы ў іх Хрысту”(бл. Ганарат).
Эмблема Кангрэгацыі - сэрца Маці Божай Балеснай прабітае сямі мячамі, і заклік згодна з якім сёстры стараюцца жыць: "Усё для Езуса праз журботнае сэрца Марыі". Праца сясцёр, у асноўным, сканцэнтравана на людзях, якія жывуць у самотнасці і бедных, як матэрыяльна, так і духоўна.
Большасць сясцёр працуе ў Польшчы, а таксама за мяжой (Францыя, Швецыя, Італія, ЗША, Габон, Балівія, Украіна, Беларусь).
У Беларусь сёстры прыехалі ў 1989 годзе. На пачатку былі скіраваныя дзве сястры на дапамогу пры катэхэзе. Гэта быў час адразу пасля "перестройки". Касцёлы былі яшчэ зачынены, многія з іх былі ў руінах. Сёстры пачалі сваю дзейнасць у Дунілавічах, Лучаі і Новым Пагосце. На пачатку мелі вельмі шмат перашкод. Мясцовыя вернікі не ведалі, як рэагаваць на дзіўна адзетых жанчын. Некаторыя адразу падалі на калені, затрымоўваліся і глядзелі, пакуль сёстры не знікалі з далягляду. Спачатку ніхто з вернікаў не разумеў патрэбу катэхізацыі. Трэба было знайсці людзей, якія б захацелі слухаць аб Хрысце і верыць у Яго. З Божай дапамогай даволі хутка з'явіліся маладыя людзі з адчыненымі сэрцамі, якія шукалі Бога, а таксама бабулі, якія нястомна прыводзілі ўнукаў, і супрацоўнічалі ў справе евангелізацыі.
Першапачаткова Катэхізіс выкладаўся па вёсках у прыватных дамах; прыходзілі амаль усе мясцовыя жыхары. На працягу лета рыхтаваліся да І Споведзі і св. Камуніі. Дзяцей і дарослых было шмат, таму што летам да бабуль і дзядуль з'язджаліся ўнукі з усёй Беларусі і з блізкага замежжа. Тым не менш, гэта былі часы, калі людзі баяліся афіцыйна прызнавацца да веры, па-ранейшаму чакалі, чым гэта можа скончыцца.
Сёстры працавалі ў Віцебскай вобласці каля трох гадоў; пасеялі добрае насенне, якое дало жыццё новым пакліканням да святарства і манаскага жыцця.
У 1993 годзе сёстры прыйшлі ў мястэчка Сапоцкін (Гродзенская дыяцэзія), дзе яны працавалі ў якасці катэхэткаў, дапамагалі хворым і служылі ў закрыстыі. Гэтую працу манахіні выконваюць і па сённешні дзень.
На момант пачатку свайго служэння у Сапоцкіне, узровень урбанізацыі быў не такім адчувальным. Сёстры пастаянна наведвалі некалькі школ і катэхетычных пунктаў, навучаючы дзяцей і моладзь катэхізісу. У той жа час шукалі самотных, пакінутых людзей, якім неабходна была духоўная і матэрыяльная дапамога. Калі ўмовы і магчымасці дазвалялі, стараліся аказваць дапамогу. Сёстры таксама дбалі пра касцёл, каб быў заўсёды чысты і ўпрыгожаны кветкамі.
У парафіі дзяцей і падлеткаў на дадзены момант значна менш, але ўзрасла колькасць старэйшых людзей, якія патрабуюць дапамогі. Сястра, якая служыць адзінокім, пажылым людзям, стараецца ў першую чаргу, давесці іх да больш глыбокай сустрэчы з Богам, а таксама на колькі гэта магчыма, задаволіць іх матэрыяльныя патрэбы.
Традыцыйна ў вышэйузгаданай парафіі ладзіцца Дзень Хворага. 11 лютага, сёстры дбаюць, каб касцёл наведвала як мага больш людзей, якія не маюць магчымасці сваімі сіламі прыйсці ў святыню. Вігілію Божага Нараджэння самотныя і хворыя таксама праводзяць разам з сёстрамі на супольнай малітве.
Сёстры асаблівую ўвагу надаюць актыўнай евангелізацыі дзяцей і моладзі праз тэатральныя пастаноўкі, творчыя адпачынкі, экскурсіі і пілігрымкі.
Падрыхтавала с. Эўхарыя