Сутнасцю апостальства “Маргарытка” з'яўляецца штодзённая малітва за канкрэтных святароў, як адказ на просьбу Марыі Каралевы Свету айцу Йозо Зовко, былому пробашчу парафіі ў Меджугор’і (Боснія і Герцагавіна). Яму з'явілася Маці Божая і плакала перад ім з-за святароў. Айцец Йозо ўспамінае словы Марыі: Скажыце маім дарагім святарам, маім дарагім сынам, што яны павінны мацней верыць! Павінны захоўваць веру Касцёла. Скажыце маім дарагім святарам, каб яны маліліся на ружанцы кожны дзень. Маці Божая плакала з-за святароў, так як многія з іх перасталі спаглядаць у Таямніцу пасвячэння з пакорай, поўным здзіўлення і ўдзячнасці, а многія тысячы святароў папросту здрадзілі атрыманае ад Бога пакліканне, кінулі тую найбольш ўзнёслую і адказную службу ў Касцёле і сышлі беспаваротна з духавенства, даючы пры гэтым нямала спакусаў для вернікаў. Яны былі здольнымі, таленавітымі, але ўпалі па прычыне недахопу дастатковай малітоўнай дапамогі Касцёла.
Маргарытка з'яўляецца выдатнай справай Бога. Назва паходзіць ад імя незвычайнай асобы, якой была Маргарэт О'Донэл з Канады. Ва ўзросце 13 гадоў, у жніўні 1951 году, падчас сямейнай сустрэчы яна заразілася поліямелітам (хвароба Хайн-Медзіна) і была прывезена ў бальніцу ў Атаве, потым у Манрэаль. Праз тры месяцы яна вярнулася дадому, але была цалкам паралізаваная і магла рухаць толькі галавой. Маргарэт хутка зразумела, што яе захворванне з'яўляецца пакліканнем для яе, гэтак жа, як для іншых шлюб, святарства або манаства. Яна пачала ахвяраваць свае пакуты, молячыся за сваю парафію, пробашча, святароў, ва ўсіх інтэнцыях, якія ёй былі давераныя. З кожным днём павялічвалася колькасць святароў, якія наведвалі Маргарэт і тых, хто прасіў яе аб гэтай форме малітвы. Часам яна прымала па 20 чалавек у дзень. Шмат каму святарам яна ўзняла дух сваёй малітвай, многім дапамагла сваімі пакутамі. Маргарэт памярла ў Вялікую Пятніцу, ва ўзросце 40 гадоў, пасля 27 гадоў нерухомасці, у пакуце і малітве.
Сімвалам апостальства Маргарыткі (Слова - marguerite з французскага, азначае палявая кветка), стала маленькая белая кветачка, якая пазначае самаахвяраванне, прастату і адзінства. У цэнтры кветкі ўпісваецца імя і прозвішча святара, а на сямі пялёстках імёны і прозвішчы сямі чалавек (або прозвішча сем'яў), якія абяцаюць Богу малітву да канца жыцця - кожны чалавек (або сям'я) у адзін пэўны дзень тыдня за канкрэтнага святара.
Айцец Йозо Зовко ўспамінае: Аднойчы прыбылі паломнікі з Канады. У Ціхаліне, чакаючы мяне, пакуль я вярнуся з пахавання, спадарыня прафесар, да глыбіні душы ўсхваляваная навукай пра святарства і пасланнямі Маці Божай, стварыла першую Маргарытку за мяне. У сярэдзіне першай Маргарыткі напісала маё імя. Тады ўсе яны далі прысягу перад Богам, што будуць маліцца за мяне ўсё сваё жыццё! Цяпер я адчуваю сябе як маленькая рыбка ў вадзе. Кожны дзень Касцёл моліцца за мяне! Захоўвае мяне ў сваім сэрцы, думае пра мяне! (...) Маці Божая хоча менавіта таго, каб хрысціяне змяшчалі святароў у цэнтры сваёй малітвы, сваіх сэрцаў, сваіх думак. Вярнуўшыся дадому, стварыце Маргарыткі сваім святарам. Кажу вам як брат, як святар, як на споведзі. Маліцеся за нас, святароў, кожны дзень, таму што мы слабыя. Без вашай дапамогі мы не зможам паспяхова абвяшчаць вам Евангелле. Прыміце і ўвядзіце ў сваё жыццё запрашэнне Марыі! Толькі такім чынам вы зможаце спазнаць вялікі і глыбокі вопыт таго, чым з'яўляецца Царква.
Многія верныя адчуваюць заклік да малітвы і з любоўю бяруцца за гэтае заданне, ахвяруючы таксама свае ўласныя вырачэнні. З 1 жніўня 1981 г. у свеце ўзнікла шмат Рухаў па прыкладзе першага апостальства. Святое жыццё Маргарэт О'Донэл стала пачаткам - насеннем для мноства маргарытак, квітнечых ў садах Касцёла - малітвай за святароў, якая складаецца ля падножжа Марыі.
«Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё» (Мц 6, 19-21).
Паводле margaretka.org.pl