"Пры катэдры сустракаюцца дзве ўзроставыя групы: адну з іх наведваюць мужчыны з розных парафій ва ўзросце ад 45 гадоў і вышэй, а ў другую, маладзейшую, - ад 18 і да 40, 45 гадоў. У старэйшай групе на сёння калі 8-10 чалавек, у нашай – 6-8. Спадзяемся, што хутка правядзём дзень засяроджання, рэкалекцыі для мужчын, і тады паўстане больш груп у іншых гарадах.
Наколькі я мог бачыць, на сустрэчу руху “Мужчыны св. Іосіфа” прыйшлі тыя людзі, якія шукалі Бога і якім не хапала аднаго толькі наведвання нядзельнай св. Імшы. Ім хацелася чагосьці большага. Таму тыя людзі адгукнуліся на прапанову сустрэч, дзе можна паглыбляць сваю веру, ажыўляць яе, развіваць. Перад першай сустрэчай я сам хваляваўся, як гэта ў нас пойдзе. Але ўжо адразу пасля першай сустрэчы я ўбачыў, што людзі разыходзіліся запаленымі.
Гэта сапраўды асаблівае перажыванне, калі мужчыны супольна размаўляюць пра Бога. Мы правыклі размаўляць пра футбол, машыны, працу, але толькі не пра Бога. А тут мы спакойна размаўляем пра тыя праблемы, пра якія часам нават з самымі блізкімі людзьмі не маглі гаварыць. І можа, нават самі перад сабой не рашаліся закранаць.
Тут мы можам дакрануцца да жывога, разам з братамі памаліцца над гэтай праблемай, запрасіць Бога ў праблематычную сітуацыю. Гэта моцная рэч, якая змяняе чалавека.
Пачынаецца сустрэча з малітвы. Далей мы карыстаемся адмысловым падручнікам, у якім ёсць шэраг тэм для сустрэч у межах руху “Мужчыны св. Іосіфа”. Яго хапае на год пры фармаце сустрэч раз на тыдзень. Сустрэча пачынаецца тым, што мы чытаем некалькі ўрыўкаў са Святога Пісання, а пасля Катэхізіса. Пасля ідзе расповед, нейкая жыццёвая гісторыя, праўдзівая, апісаная ў гэтым падручніку. Пасля гэтага ідзе 7 пытанняў, прысвечаных гэтай тэме. Адказваючы на пытанні, мы абмяркоўваем гэтую тэму, дзелімся сваімі перажываннямі, як ідуць справы з гэтым у кагосьці з нас. А пасля ў канцы ёсць план заданняў на тыдзень. Заданні трэба выконваць, але атрымліваецца па-рознаму. То бок трэба на практыцы зрабіць тое, пра што мы абмяркоўвалі на занятку, каб штосьці ўвасобіць у жыццё, а не проста прыйсці паразмаўляць. Некаторыя рэчы за тыдзень, канешне, не выправіш, але прынамсі можна адкрыць, убачыць, каб далей нешта змяняць. І ў канцы молімся за патрэбы, якія прадстаўляць удзельнікі сустрэчы. Молімся таксама за розныя нашыя духоўныя патрэбы.
Будзем займацца па гэтым падручніку, пакуль ён не скончыцца. А пасля папросім у братоў у Польшчы ці Амерыцы матэрыялаў, як праводзіць сустрэчы далей, бо яны маюць ужо большы вопыт. Да таго ж у нас ёсць духоўныя апекуны, якія нас вельмі падтрымліваюць, і практычна ў тым ліку: кс. Юры Ёдзік, кс. Чэслаў Паўлюкевіч, які ўласна і запрасіў Дональда Турбіта ў Рось на рэкалекцыі, пасля якіх паўсталі нашыя групы, пробашч катэдры кс. Ян Кучынскі, які дае нам памяшканне.
Мужчыны ў нашым руху вельмі адкрытыя і актыўныя на сустрэчах. Новыя ўдзельнікі спачатку трошкі саромеюцца, але пасля ўцягваюцца. Фармату дзвюх гадзін нам ледзьве хапае, мы гатовыя былі б і часцей сустракацца.
Сам факт пастаяннай фармацыі, сустрэч дапамагае не згасаць духу. Часам ідзеш на сустрэчу з прыгнечаным настроем, з неахвотай, здараецца спакуса не пайсці – я стаміўся, не хачу. Але калі ты прыходзіш, чуеш разважанні братоў пра Бога, сведчанні іх веры, то хоцькі-няхоцькі, а дух загараецца, ажыўляецца.
Таму ў гэтым сэнсе гэта вялікая падтрымка, нейкая стабілізацыя духоўнага жыцця. Па братах я бачу, што яны перажываюць сваю веру з радасцю, жыва. Яны інакш перажываюць жыццёвыя падзеі – зараз усе няўдачы ці радасці перажываюць з Богам. Мы часцей пачалі чытаць Святое Пісанне.
Я назіраю, як нашая група змяняецца, мы робімся больш адкрытымі на Бога, больш жывымі ў нашай веры.
Мужчыны ў нашым грамадстве вельмі актыўныя, толькі не ва ўсіх сферах, дзе яны павінны быць актыўнымі. Не бачна актыўнай ролі мужчын у сям’і ці Касцёле.
Яны актыўныя на працы – так, нашыя мужчыны гатовыя працаваць, зарабляць, але ці гатовыя яны займацца сям’ёй, выхоўваць сваіх дзяцей, пасядзець з імі ўвечары, паразмаўляць, удзяліць увагу жонцы?
Або ў касцёле: дастаткова паглядзець, каго больш на нядзельных літургіях. Вось у гэтых ролях актыўнасці мужчын бракуе. Яны любяць актыўна адпачыць, схадзіць на футбол.
Таму рух св. Іосіфа пакліканы дапамагчы мужчынам узяць на сябе ролю духоўных лідэраў, у першую чаргу у сваіх сем’ях, узяць адказнасць за духоўнае выхаванне сваіх дзяцей, сваіх жонак, весці ўрэшце сваю сям’ю ў Божае Валадарства.
Не проста выконваць механічную функцыю прыносіць у хату заробак. Таму я лічу, што ідэя руху “Мужчыны св. Іосіфа” ў нас вельмі актуальная."
Далучыцца да ўдзельнікаў руху можна на сустрэчах у гродзенскай катэдры:
І група (40-45 гадоў і больш) сустракаецца кожную 1-ю сераду месяца ў 18.00, аніматар групы – Уладзімір (мтс 888 22 55)
ІІ група (узрост да 40-45 гадоў) сустракаецца ў кожную сераду а 18-й гадзіне, аніматар групы Павел (vel. (44) 733 71 67)