Калі Ян навучаў над Ярданам, пыталіся ў яго людзі: Што мы павінны рабіць? Ён сказаў ім у адказ: Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае; і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае. Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: Настаўнік! Што мы павінны рабіць? Ён адказаў ім: Нічога, што больш за дазволенае вам, не патрабуйце. Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: А мы што павінны рабіць? Ён адказаў ім: Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёю платаю. Калі ж народ чакаў, і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Хрыстус ён, Ян адказаў усім: Я хрышчу вас вадою, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях яго. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу ў свіран свой, а мякіну спаліць агнём непагасным. Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу. (Лк 3, 10-18)
Увайду ў натоўп людзей, якія слухаюць Яна Хрысціцеля над Ярданам. Падумаю аб тым, што словы Яна накіраваныя прама да мяне. Ці адчуваю я, што мне патрэбна навяртанне?
Прадстаўлю сабе Яна, яго твар, вочы, паспрабую пачуць яго моцны голас. Буду ўважліва слухаць тое, што ён кажа. Што я адчуваю ў сэрцы, калі чую яго словы? Раскажу пра гэта Езусу.
Ці ўмею я адрозніць ў сабе "пшаніцу дабра" і "салому зла"? За якое менавіта дабро я хачу падзякаваць Езусу? За што хачу папрасіць прабачэння? Ці ёсць ува мне жаданне змяніць сваё жыццё?
Паспрабую смела спытаць: "а мне што рабіць?". Ян звяртае ўвагу на тое, што навяртанне патрабуе канкрэтных рашэнняў і учынкаў. Якое рашэнне я хачу прыняць на час Адвэнту, час чакання прыйсця Езуса?
Ян падкрэслівае, што навяртанне - гэта ласка. Трэба ўсім сэрцам прасіць аб гэтай ласцы Езуса. Ён прыходзіць, каб сілай Святога Духа змяніць маё сэрца.
Падыду блізка да Езуса. Абдыму Яго і прыслухаюся да майго сэрца. Што дапамагае мне быць блізка да Езуса, а што турбуе маё сэрца?
Папрашу Езуса аб ачышчэнні майго сэрца і моцным жаданні змяніць сваё жыццё. Паспрабую ў бліжэйшы час прыступіць да споведзі. З верай буду паўтараць: "Езус, я прагну Твайго Слова, якое мяне ачышчае".
Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская