Друкаваць

св. Ян Берхманс Сёння, 26 лістапада, Касцёл узгадвае св. Яна Бэрхманса, апекуна міністрантаў і моладзі. Святы скончыў езуіцкі калегіум, але, не дачакаўшыся святарскіх пасвечанняў, памёр. Малады езуіт пражыў свае 22 гады так, што ў 1865 г. ён быў абвешчаны благаслаўлёным, а ў 1887 г. – святым. Вашай увазе прадстаўляем урывак з біяграфіі Яна Бэрхманса. Гэта гісторыя падаецца наіўнай і нават дзіцячай. Аднак хто з нас у рэальнасці зрабіў б так, як зрабіў св. Бэрхманс? Сённяшняя большасць каталікоў ужо само слова евангелізацыя атасаямляе толькі з Афрыкай і басейнам Амазонкі. Прыклад святога езуіта паказвае, што нясенне веры патрэбна тут і цяпер.

 

У пэўную нядзелю пайшоў Бэрхманс са сваім таварышам у адзін з адлеглых раёнаў Рыму, каб там, паводле атрыманага ад аднаго з настаўнікаў задання, на адной з вуліц публічна катэхізаваць. Ужо здалёк было чуваць водгукі гучнай спрэчкі; спакваля паўстала смутная карціна вялікай колькасці п’яных жаўнераў, якія пад адкрытым небам гралі ў косці і пілі віно, сварыліся, біліся і брыдкасловілі. Бэрхманс, не губляючы супакою ні на хвіліну, падыйшоў да аднаго са столікаў, каля якога гуртаваліся некалькі дзесяткаў жаўнераў і папрасіў каб тыя, адклаўшы гульню ў бок, саступілі яму месца для амбоны.

- Не патрэба нам тут ніякіх казанняў, - шорстка адказаў адзін з ваякаў. Вяртайся адкуль прышоў і не перашкаджай нам, калі не хочаш атрымаць больш сур’ёзны адказ.

Ян не адказаў ні слова і, убачыўшы паблізу адкрыты касцёл, памаліўся там неклалькі хвілін, пасля чаго вярнуўся і, стаўшы сярод жаўнераў, гучна заклікаў іх да слухання катэхэзы.

- Супакойся ты, - шапнуў яму ўстрывожаны таварыш, - гэта п’яныя людзі гатовыя да бойкі!

- Ня бойся нічога, дарагі браце, - адказаў Бэрхманс, - я перакананы, што Маці Божая нам дапаможа і што гэтыя бедакі ўсё кінуць і будуць нас слухаць.

Насамрэч, ледзьве святы стаў на калені і, зрабіўшы знак крыжа, пачаў гучна маліцца “Вітай Марыя”, жаўнеры спынілі гульню, паўставалі ад сталоў і з пашанай і бачнай набожнасцю пачалі слухаць. Пасля катэхэзы шмат прысутных суправаджала маладых місіянераў, нібы трыумфатараў, да езуіцкага манастыра, а па дарозе сардэчна ім дзякавалі за такую прыгожую і патрэбную навуку.

Паводле Iroon Czeżoroski „Żywot św. Jana Berchmansa T.J. Patrona Młodzieży”. Kraków 1890 r. ст. 106-108.