Друкаваць

janНараджэнне св. Яна паказвае, што з самага пачатку яго – і нашага – жыцця Бог піша сцэнарый святасці і дапамагае ў яго рэалізацыі.

Св. Ян Хрысціцель – постаць, якая ўспамінаецца двойчы на працягу літургічнага года: у таямніцы яго нараджэння і смерці. Ён з’яўляецца адзіным святым, дзень нараджэння якога мы адзначаем гэтак жа, як і самога Езуса Хрыста. Гэты факт паказвае яго важную ролю ў гісторыі нашага збаўлення і яго сувязь з жыццём самога Месіі. 

Бацькі Яна – Захарыя і Альжбета – не маглі мець дзяцей, і гэты факт расцэньваўся як ганьба. Аднак у выніку Божага ўмяшання яны сталі здольнымі перадаць жыццё. Захарыя быў вымушаны правесці час чакання нараджэння Яна ў маўчанні, бо з-за таго, што засумняваўся ў Божай моцы, ён застаўся без голасу. Толькі пасля нараджэння дзіцяці, калі Захарыя паслухмяна выканаў Божы загад адносна імя Яна, яго язык развязаўся і ён змог блаславіць Бога. Альжбета таксама вызвалілася ад асуджэння з боку іншых людзей і адчула, што з яе знята ганьба.

Варта звярнуць увагу на дзеянне Святога Духа ў жыцці Захарыі, Альжбеты і іх сына. Св. евангеліст Лука вельмі далікатна, але ў той жа час выразна паказвае, што нараджэнне Яна адбылося дзякуючы дзеянню Святога Духа.

Паглядзім спачатку на саміх сужэнцаў, якія “былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана” (Лк 1, 6). Вялікім болем для іх была адсутнасць дзяцей. Але ў гэтай складанай сітуацыі яны цалкам даверыліся Пану Богу, даручаючы Яму сваю праблему.

Ці можа чалавек так давяраць без дапамогі Святога Духа? У рэшце рэшт, людская мудрасць даўно прымусіла б іх адмовіцца нават ад мар пра дзіця. Аднак калі ў такіх абставінах чалавек дазволіць запаліць у сабе хаця б агеньчык надзеі, ён нарэшце дачакаецца ажыццяўлення сваіх малітваў. Быць чалавекам, які дазваляе Святому Духу сабою кіраваць (параўн. Гал 5, 18), значыць давяраць насуперак надзеі і падпарадкоўвацца Божым планам.

Таму, паколькі Захарыя і Альжбета былі людзьмі Духа, то і іх сын павінен быў ім быць. І мы пра гэта выразна чуем ад св. Лукі: “А дзіця расло і ўзмацнялася духам” (Лк 1, 80). І так было на працягу ўсяго жыцця Яна. Пустыня, Іардан, удзяленне хросту, прапаведуемае вучэнне і, нарэшце, мучаніцкая смерць – усё гэта мог зрабіць толькі чалавек Духа.

Урачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля адзначаем 24 чэрвеня.

Запытайма сябе:

Ці адкрываемся мы на дзеянне Святога Духа ў сваім жыцці?

Ці знаходзім час на тое, каб быць з Ім?

Ці ствараем сабе ўмовы, каб слухаць Яго голас?

Ці не было б мэтазгодна выкінуць са свайго жыцця тое, што заглушае Бога (тэлебачанне, інтэрнэт і г. д.), ці хаця б значна абмежаваць іх выкарыстанне?

Хто ведае, ці сярод нас Бог не выбраў яшчэ аднаго Яна Хрысціцеля, які мае быць пасланы, каб падрыхтаваць Пану народ дасканалы (параўн. Лк 1, 17).

Давайце паспрабуем стаць такім “голасам”, які нясе жыватворнае і праўдзівае Слова – Езуса Хрыста, які нясе надзею, Добрую Навіну. Нават калі гэта будзе нам шмат каштаваць і не сустрэне адабрэння натоўпу ці сённяшніх Ірадаў, якія, магчыма, чакаюць іншых слоў і іншага паслання... Будзьма голасам самога Езуса, каб Ён стаў зместам нашых слоў і нашага жыцця.

Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч