Друкаваць

nowenna jozefБольшасць свайго часу мы праводзім на працы, а таксама ідучы на яе і вяртаючыся дадому. Аднак даследаванні паказваюць, што, хоць людзі працуюць больш, атрымліваюць ад гэтага ўсё менш радасці.

Адсюль можна зрабіць розныя высновы, але відавочна адно: штодзённая праца для многіх людзей пазбаўлена глыбокага сэнсу.

Акрамя таго, доўгія гадзіны, праведзеныя на працы, могуць выклікаць разлад дома – сваркі паміж мужам і жонкай ды пачуццё занядбанасці ў дзяцей. Аднак з іншага боку медаля маем цяжкі вопыт адсутнасці фінансавай бяспекі, калі бацькі застаюцца без працы альбо вымушаны працаваць у некалькіх месцах, каб звесці канцы з канцамі. Не выклікае сумненняў, што захаванне балансу паміж працай і домам – справа няпростая.

Май – гэта не толькі час, калі Касцёл асабліва ўшаноўвае Найсвяцейшую Панну Марыю, але і месяц, які пачынаецца са свята св. Юзафа Рамесніка. Ён можа быць прывабным прыкладам для нас, якія імкнёмся да балансу паміж прафесійнымі патрабаваннямі і пакліканнем стварыць бяспечны ды спакойны дом, поўны радасці і веры – сапраўдны “хатні касцёл”. Тым больш, што мы зараз перажываем Год св. Юзафа, які абвясціў Святы Айцец Францішак.

Сям’я як прыклад працы

Св. Юзаф прыняў унікальнае пакліканне быць мужам Марыі і зямным бацькам Езуса. Бог выбраў яго, каб стаў апекуном і ахоўнікам Святой Сям’і ды забяспечыў іх сродкамі для жыцця дзякуючы сваёй працы цесляра. Чаму ў сваім пакліканні могуць навучыцца бацькі ад гэтага чалавека, ніводнае слова якога не зафіксавана ў Святым Пісанні?

Падчас сваёй інаўгурацыйнай гаміліі 19 сакавіка 2013 года папа Францішак задаў пытанне: “Як Юзаф выконвае сваю ролю апекуна? З разважлівасцю, з пакорай, у маўчанні, але праз пастаянную прысутнасць і поўную вернасць, нават калі яму цяжка зразумець”. Дадаў, што Юзаф “знаходзіцца побач з Марыяй у кожную хвіліну з клопатам і любоўю: падчас падарожжа ў Бэтлеем для перапісу насельніцтва і ў поўную трывогі ды радасці хвіліну нараджэння Езуса; падчас драматычных уцёкаў у Егіпет і ліхаманкавых пошукаў Сына ў Святыні; затым у паўсядзённым жыцці ў Назарэце, у майстэрні, дзе вучыў Езуса прафесіі”.


1 мая Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін св. Юзафа Рамесніка, заступніка працаўнікоў. Свята ўстанавіў папа Пій XII у 1955 годзе – такім чынам надаючы рэлігійнае значэнне свецкаму святу працы, якое адзначалася з 1892 года.


Працаваць у гармоніі

У дзяцінстве Езус бачыў сваіх працавітых бацькоў і дапамагаў ім у працы. Як пісаў св. Ян Павел ІІ у сваёй адгартацыі пра св. Юзафа, “Той, пра каго казалі, што Ён «сын цесляра», вучыўся працы ад свайго меркаванага бацькі. Калі Сям’я з Назарэта ў парадку збаўлення і святасці з’яўляецца прыкладам і ўзорам для чалавечых сем’яў, то падобным чынам і з працай Езуса побач з Юзафам – цесляром”.

Далей Папа напісаў, што “разам з чалавечнасцю Божага Сына праца таксама была ўключана ў таямніцу Уцелаўлення. Яна таксама была асаблівым чынам адкуплена. Юзаф з Назарэта праз сваю майстэрню, дзе працаваў разам з Езусам, наблізіў чалавечую працу да таямніцы Адкуплення” (“Redemptoris Custos”, 22).

На што ўказвае нам прыклад св. Юзафа і Святой Сям’і? Юзаф і Марыя шмат і цяжка працавалі, але праца не паглынала іх цалкам. Наадварот, здзяйснялі яе, выконваючы Божую волю, якая заключалася ў стварэнні любячай і бяспечнай сям’і для іх Сына. Яны цяжка працавалі не толькі для таго, каб выжыць. Такім чынам заакцэнтавалі стаўленне служэння Богу і адно аднаму. Яны былі далёкія ад працы ў адасобленасці. Падзялялі абавязкі, працавалі ў згодзе і ўключалі Езуса ў свае паўсядзённыя хатнія абавязкі.

Папа Францішак, далей разглядаючы ролю св. Юзафа як ахоўніка Святой Сям’і, заклікаў нас быць ахоўнікамі сваіх сем’яў, што азначае “клапаціцца адзін пра аднаго: сужэнцы апекуюцца адзін адным, затым, будучы бацькамі, клапоцяцца пра дзяцей, а з цягам часу дзеці становяцца апекунамі бацькоў. Гэта шчырае перажыванне прыязнасці, у якой мы клапоцімся адзін пра аднаго з дабром, даверам і павагай”.

Праца як сродак асвячэння

Наколькі адрозніваецца гэты падыход да паўсядзённай працы! У сям’і яна павінна стаць часткай бесперапыннай і ўзаемнай самаахвярнасці мужа і жонкі дзеля агульнага дабра і дабра іх дзяцей. Гаворка ідзе не пра дасягненне поспехаў ці выжыванне, а хутчэй пра выражэнне любові, клопату, апекі і ўдзячнасці Богу.

У канчатковым рахунку наша штодзённая праца павінна кіравацца імкненнем да святасці і збаўлення.

Калі нашы сем’і сапраўды хочуць стаць “хатнімі касцёламі”, мусім спытацца ў сябе, як падыходзім да паўсядзённых абавязкаў: і тых, што на працоўным месцы, і звязаных з клопатам пра дзяцей ці звычайнымі хатнімі справамі.

Ці праяўляецца ў нашай працы любоў? Ці вядзецца яна дзеля дабра сужэнцаў і дзяцей альбо гэта хутчэй уцёкі ад няшчаснага сямейнага жыцця? Ці ёсць баланс паміж часам, праведзеным на працы, і часам, прысвечаным блізкім? Ці раздзяляюць мужы і жонкі абавязкі і ці патрабуюць належнай дапамогі ад дзяцей? Ці сем’і працуюць толькі дзеля ўласнага дабрабыту альбо задавальняюць патрэбы іншых? Ці праца набліжае нас ці аддаляе ад асабістага асвячэння?

У майскім месяцы, які хутка распачнецца, звернемся да св. Юзафа і Марыі з просьбай прывесці нас да Хрыста як у нашай працы, так і ў нашых сем’ях.

Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч