Друкаваць

У XX стагоддзі розныя ідэалогіі, а асабліва сацыялізм, паспрыялі фармаванню даволі крытычнага погляду на свабодную рынкавую сістэму. Капіталіст ў вачах многіх, не ўспрымаецца ўжо ў якасці кемлівага прадпрымальніка, які рызыкуючы сваёй маёмасцю і здароўем, каб дайсці да поспеху, дапамагае ва ўкараненні новых тэхналогій ці хаця б стараецца стварыць новыя месцы працы. З іншага боку грамадства не заўважае, што сацыялізм, і не толькі таталітарны, парушае фундаментальную Божую запаведзь – не крадзі і таму не можа лічыцца згодным з натуральным правам.

 

Многія задаюць пытанне, ці бізнэс увогуле можа быць этычным, пры гэтым не ведаючы, што адказ на яго можна знайсці ў Святым Пісанні.

“Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасць. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін; кожнаму паводле іхніх магчымасцяў, і ад’ехаў. Той, які атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць. Таксама і той, які атрымаў два, зарабіў яшчэ два. А той, які атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра свайго гаспадара. Па доўгім часе прыйшоў гаспадар слугаў гэтых і пачаў патрабаваць ад іх рахунку. Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і сказаў: “Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх”. Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”. Падышоў таксама і той, які атрымаў два таланты, і сказаў: “Гаспадар, два таланты ты даў мне, вось яшчэ два таланты зарабіў я”. Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”. Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: “Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось вазьмі сваё”. Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: “Нягодны і лянівы слуга! Ты ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю там, дзе не рассыпаў. Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай. Таму забярыце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў. Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае. А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.” (Мц 25, 14-30)

Не можна маніпуляваць словамі Бібліі, як гэта рабілі прыхільнікі Тэалогіі Вызвалення, калі абапіраючыся на адарваных ад кантэксту словах стараліся паказаць Езуса першым марксістам. Трэба быць сляпым, каб не заўважыць Божай пахвалы знаходлівасці. Бог хоча, каб мы выкарыстоўвалі нашыя таланты. Слугі з прыпавесці не атрымалі загад памнажаць атрыманую маёмасць, гаспадар спадзяваўся на іх волю. Гаспадар карае лянівага слугу, які закапаў грошы і не рызыкаваў, каб іх памножыць. Езус наўпрост кажа, што выкарыстоўваць для атрымання прыбытку сваю маёмасць, працу, розум, рызыкуючы пры гэтым, не з’яўляецца чымсці немаральным.

Слугі павіны былі інвеставаць таланты, калі гаспадара не было побач. Ён не кантраляваў сваіх падданых так, як гэта робіць сучаснае заканадаўства. Няўдача або поспех залежалі ад самых слугаў. Лянота ў прыпавесці прадстаўлена як праява непавагі да Божага дару, а таксама да самога сябе. Прыбытак у эканоміцы з’яўлялецца своеасаблівай узнагародай за адмову ад премнасці, на якую маглі б пайсці сродкі, якія мае чалавек. Бог наказвае нам таксама цярпліва чакаць плён нашых старанняў. Аддаючы найбольш знаходліваму слузе таланты, забраныя ў баязлівага, Бог хоча паказаць нам, што не можна спадзявацца ўзнагароды не рызыкуючы. Словы Святога Пісання вучаць нас, што павялічэнне дастатку з’яўляецца нашым маральным абавязкам. Сёння многія б пахвалілі слугу, які закапаў свой талант, за асцярожнасць і рацыянальнае мысленне пра будучыню. Аднак Бог не хоча, каб мы былі мінімалістамі, але, каб заўсёды імкнуліся да чагосці большага.

Паводле opoka.org.pl

Пераклад: Ян Варанецкі