Паколькі сёстры не насілі хабітаў (манаскай вопраткі), гэта дазваляла ім пранікаць ва ўсе сферы грамадскага жыцця, распавядаючы людзям аб Хрысце. Нягледзячы на ганенні, манаскія таварыствы актыўна выхоўвалі дзяцей і моладзь, дапамагаючы ім паглыбляць адносіны з Богам. Рабілі яны гэта патаемна: знешне нічым не адрозніваліся ад свецкіх, а ў глыбіні сэрца падтрымлівалі блізкі кантакт з Езусам і жылі выключна для Яго.
Сярод новаўтвораных манаскіх супольнасцей, 26 красавіка 1882 г., узнікла Кангрэгацыя Сясцёр Францішканак для Церпячых (CSFA). Галоўным заняткам сясцёр быў апека над хворымі ў шпіталях, прыватных дамах і санаторыях; клопат, каб ніхто не адышоў з гэтага свету не паяднаўшыся з Богам. Сёстры засноўвалі таксама ўласныя шпіталі, прытулкі, начлегі для бедных: аддана дапамагалі ўсім, хто быў у патрэбе.
Сузаснавальніца кангрэгацыі, Маці Казімера Грушчынская, вучыла сясцёр быць бачным знакам Хрыста сярод людзей, несці Яго любоў, якая аздараўляе хворых і праяўляе міласэрнасць да церпячых з цялеснымі і духоўнымі ранамі. Сёння манахіні служаць медсёстрамі ў шпіталях, дамах прыстарэлых; наведваюць хворых у дамах, кормяць галодных і бяздомных, аказваюць медыцынскую дапамогу падчас пешых пілігрымак. Сёстры навучаюць дзяцей і моладзь рэлігіі, падрыхтоўваюць іх да дарослага хрысціянскага жыцця. Францішканкі працуюць таксама у парафіях, дапамагаючы святарам ў душпастырскай дзейнасці. Манахіні пакліканы жыць сціплым жыццём ва ўбогасці, паслухмянасці і чысціні, па прыкладзе ўтоенага жыцця Святой Сям’і з Назарэту.
Кагрэгацыя Сясцёр Францішканак для Церпячых даверыла сябе заступніцтву св. Юзафа, Маці Божай Нястомнай дапамогі і св. Альжбеце Венгерскай, апякункі хворых і церпячых, спадзяючыся на іх нястомную падтрымку.
Сёстры францішканкі на тэрыторыю сучаснай Беларусі ўпершыню ступілі ў чэрвені 1923, пасяліўшыся ў в. Грыбоўшчына недалёка ад Нясвіжа. У 1946 г. яны былі вымушаныя надоўга пакінуць наш край, каб зноў вярнуцца ў 1992 годзе. Напрацягу гадоў сёстры выконвалі сваю паслугу ва Уселюбе, Забалаці і Ліпнішках. Сёння галоўнымі месцамі іх дзейнасці з’яўляюцца гарады Бярозаўка і Іўе.
Падрыхтавала с. Наталля CSFA