26 лістапада ў Лідзе адбыўся І Чэмпіянат Беларусі па міні-футболе сярод ксяндзоў. У турніры ўзялі ўдзел святары з усіх дыяцэзій Беларусі, а таксама алюмны Пінскай і Гродзенскай семінарый. На распачацце турніру была адпраўлена ўрачыстая св. Імша ў Лідзе-Фары пад кіраўніцтвам кс. аб-па Тадэвуша Кандрусевіча.
У гаміліі Мітрапаліт параўнаў гульнію ў футбол з духоўным жыццём кожнага чалавека. Ксёндз арцыбіскуп падкрэсліў, што праз спорт святар можа таксама шмат зрабіць.
Пасля св. Імшы ўсе накіраваліся ў спартыўны комплекс “Алімпія”, дзе адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця Чэмпіянату. Перад пачаткам спаборніцтваў Мітрапаліт заахвоціў усіх удзельнікаў даваць сведчанне, а таксама пажадаў добрай гульні.
Пасля таго, як Мітрапаліт зрабіў першы пас мячом, распачаліся спаборніцтвы. Варта адзначыць, што ў гэты дзень спартыўная зала была практычна цалкам запоўнена. Жыхары Ліды і госці ў гарачай атмасферы балелі за святароў. Паміж гульнямі можна было таксама паслухаць выступы гурта “AVE”, а для міністрантаў былі аргнаізаваны спецыяльныя конкурсы.
У турніры сустрэліся таксама клерыкі ВДС у Пінску і Гродне. Гульня скончылася нічыёй (3:3), а пасля штрафнога выйгралі алюмны з Гродна.
Каманды святароў разыгралі адна з адной матчы. Вынікам гульняў сталі наступныя месцы:
І – Гродзенская дыяцэзія
ІІ – Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
ІІІ – Віцебская дыяцэзія
ІV – Пінская дыяцэзія
На цырымоніі закрыцця кожная каманда атрымала ўзнагароды. Капітаны вырашылі, што наступны Чэмпіянат адбудзецца ў Віцебскай дыяцэзіі.
Кс. Павел Салабуда
здымкі кс. Уладзіслава Сурвілы