У пятніцу Каталіцкі Касцёл успамінае смерць Пана Езуса на крыжы. Таму гэта дзень посту, а вернікі абавязаны адмовіцца ад спажывання мяса. Часам, аднак, здараецца, што на гэты дзень прыпадае якоесьці свята. Што рабіць тады?
Калі ранг гэтага свята вельмі высокі (напрыклад, урачыстасць), пост не абавязковы, бо ў гэты дзень Касцёл скіроўвае нашу ўвагу на радасць, а не на абмежаванне сябе.
1 студзеня адзначаецца не толькі свецкі Новы год: у гэты дзень – апошні дзень актавы Божага Нараджэння – Касцёл аддае пашану святой Багародзіцы. Змяшчэнне гэтай літургічнай урачыстасці ў актаве Нараджэння Пана звяртае нашу ўвагу на цесную сувязь паміж Божым Мацярынствам Марыі і Нараджэннем Божага Сына.
Божае Мацярынства – першая і найважнейшая прывілея Найсвяцейшай Панны Марыі. З гэтай прывілеі вынікаюць усе прычыны Яе ўшанавання і асаблівай ролі ў Касцёле. Свята, прысвечанае Божаму Мацярынству Марыі, устанавіў у 1931 г. Папа Пій ХІ, такім чынам жадаючы ўшанаваць 1500-ю гадавіну Эфескага Сабору, падчас якога было абвешчана, што Марыі належыць тытул “Theotokos” (Багародзіца).
Урачыстасць святой Багародзіцы Марыі, як выразна відаць, з’яўляецца вялікім святам. Таму цяжка было б чакаць, што ў такі радасны дзень Касцёл заклікаў бы да посту. У сувязі з фактам, што гэтае свята мае характар урачыстасці, пост (устрыманне ад мясных страваў) у пятніцу 1 студзеня 2021 г. не абавязковы.
Варта, аднак, пры гэтым памятаць, што гучнае перажыванне канца старога і пачатку новага года не апраўдвае занядбання каталіцкіх абавязкаў. 1 студзеня мы адзначаем адно з абавязковых святаў, што азначае, што ў гэты дзень католікі абавязаны ўдзельнічаць у святой Імшы. Гэты абавязак не мае сувязі з Новым годам, а звязаны з культам Найсвяцейшай Панны Марыі – хоць, без сумнення, даверыць сябе апецы Пасрэдніцы ўсялякіх ласкаў на парозе новага года больш чым мэтазгодна.