Штогод ля нашай хаты ідзе адна з самых вясёлых і гучных пілігрымак – Ліда–Будслаў. Спачатку чуеш здалёк спевы, пасля з-за ўзгоркаў паказваюцца сцягі і штандары, і вось якраз насупраць хаты бачыш пілігрымаў. Сёлета яны трошкі прыпазніліся (відаць, быў добры пачастунак ў Валожыне:)), дык давялося выглядаць іх самым нешляхетным чынам – залезшы на дрэва (ну як тут не ўзгадаеш Евангелле?).
Дарэчы, працяг быў якраз у біблійным духу : «А калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: “Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме”. Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю» (Лк 19,5-6).
Пілігрым – гэта незвычайны чалавек! Яму трэба вельмі мала: трошкі вады, каб змыць стому і пыл; трошкі ежы, каб падмацаваць сілы; трошкі месца, каб даць адпачынак нагам. І трошкі чалавечай увагі, чалавечага сэрца. Калі ты пілігрым, то ў нейкі момант са здзіўленнем заўважаеш, як мала табе трэба, а разам з тым знаходзіш у сабе незвычайную ўдзячнасць да кожнага, хто падаў табе кубак вады. А калі сам прымаеш пілігрыма ў свой дом, то шчодра дзелішся тым, што маеш, бо твой госць нясе свае і твае малітвы да Бога.
Напэўна, трэба хоць раз у жыцці пабываць і пілігрымам, і тым, хто прымае пілігрыма ў свой дом. Шчыра кажучы, я памятаю імёны далёка не ўсіх людзей, якія запрашалі мяне да сябе, але малюся за сваіх дабрадзеяў. А падчас пілігрымак ува мне было столькі ўдзячнасці, што інтэнцыі маіх гаспадароў станавіліся больш важнымі, чым мае асабістыя.
А ўчора мама заслала святочны абрус, дастала самы лепшы посуд, прыгатавала багаты стол – усё гэта для пілігрымаў. Бо яны ідуць да Мамы ў Будслаў. Бо яны захацелі зайсці ў нашу хату і прынеслі на сваіх вуснах праслаўленне Езуса. Бо яны за некалькі гадзін кароткай летняй ночы пад нашым дахам паспеюць стаць амаль роднымі.
Будслаўскі фэст ужо прызнаны агульначалавечай спадчынай. Спадчынай, якая расказвае пра радасць, шчодрасць, удзячнасць – пра Любоў.
Вольга Жвірко