Ці распаўсюджваецца збаўленне на нехрысціян? Дагматычнае сцвярджэнне, што "па-за Касцёлам няма збаўлення", звычайна атрымлівае добразычлівае адабрэнне католікаў, але ў той жа час становіцца прычынай супраціву сярод іншаверцаў. Перш за ўсё, аднак, яно выклікае нямала далікатных пытанняў.
Ці азначае гэта, што мусульмане, юдэі, будысты, вызнаўцы любых іншых рэлігій не будуць збаўленымі? Як змянілася інтэрпрэтацыя гэтага дагмату пасля II Ватыканскага Сабору? Як яго разумець правільна, калі я хрысціянін? Які ўклад у пасабаровую дагматыку зрабіў езуіт Карл Ранэр, які казаў пра "колы прыналежнасці да Касцёла"?
На гэтыя пытанні адказвае кс. доктар Кшыштаф Недатлоўскі, тэолаг і рэлігіязнаўца. Ён - выпускнік Гданьскай духоўнай семінарыі, абараніў доктарскую ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (этналогія рэлігій, тэма - рытуальныя маскі Заходняй Афрыкі). Стыпендыят універсітэтаў Мюнхена і Лёвена. Яго захапленне - даследаваць сувязі паміж рэлігіяй і мастацтвам.
- На Фларэнтыйскім Саборы, гэта значыць нейкіх 500 гадоў таму, - кажа кс. Кшыштаф, - спрабавалі сказаць яшчэ вастрэй: "Па-за Касцёлам няма ласкі". Але айцы Сабору тады прагаласавалі негатыўна па гэтаму меркаванню. Калі б мы, людзі, сказалі, што па-за Касцёлам Бог не можа надаваць ласкі, гэта б азначала, што мы самі абмяжоўваем Яго ўсемагутнасць.
Такую прапанову адкінулі, і засталася праблема тых, хто па-за Касцёлам: ці могуць яны быць выратаваны. Дагмат гэты застаўся, але ад II Ватыканскага Сабору яго некалькі інакш інтэрпрэтуюць. [Сярод саборных дакументаў] ёсць дэкларацыя пра стаўленне да іншых рэлігій, аб свабодзе сумлення. Кожны ў сваёй рэлігіі можа і павінен ісці да Бога тым шляхам, які ён сам прызнае за свой уласны, правільны, толькі яму аб’яўлены. Але як у гэтым з нашай рэлігіяй? Ці значыць гэта, што мы можам спрабаваць стварыць нейкую "супер-рэлігію", аб’яднаць ўсе астатнія і стаць вернікам нейкай "універсальнай сусветнай рэлігіі"?
Не. Калі мы - каталікі, то мы павінны верыць, што наша рэлігія ўтрымлівае паўнату Аб’яўлення. Што мы маем лёгкі доступ да крыніцы, якой з'яўляецца вера, у паўнаце аб'яўленая Богам.
На II Ватыканскім Саборы з'явілася канцэпцыя, створаная езуітам Карлам Ранэрам, пра "колы прыналежнасці да Касцёла". Так, па-за Касцёлам збаўлення няма; але да Касцёла могуць пэўным чынам належаць ўсе. Калі б мы кінулі каменьчык у ваду, то па ёй пачалі б разыходзіцца колы хваляў. І тады "у самым цэнтры" былі б каталікі, затым - іншыя браты-хрысціяне, а далей - усё, хто вераць у адзінага Бога, то есць юдэі, мусульмане; затым, яшчэ далей, - політэісты і нават тыя, хто не мае ласкі веры, але шчырым сэрцам шукае Бога. Таксама і яны нейкім чынам "належалі б" да Касцёла.
Распавядаючы сваім студэнтам пра гэтыя "колы прыналежнасці", я часта выкарыстоўваю ў якасці ілюстрацыі калодзеж. Мы знаходзімся ў пустыні, а ў яе цэнтры - калодзеж, месца, дзе можна зачэрпнуць вады. Мы, каталікі, верым, што знаходзімся блізка каля гэтай студні, і нават больш: у нас ёсць вядро і ланцуг, можам сабе гэтую ваду дастаць, гэтую крынічную мудрасць зачэрпнуць з самага дна, маем лёгкі доступ да ісціны. Але гэта не значыць, што мы маем манаполію на ісціну. Мы павінны выканаць пэўную працу, зрабіць усё, каб зачэрпнуць. Нашыя браты, хрысціяне іншых канфесій, па схеме гэтага вобразу былі б крыху далей ад калодзежа і, можа, не было б ланцуга, а монатэісты павінны былі б пераадолець доўгі шлях ... Нават тыя, хто не верыць у Бога, мелі б магчымасць збаўлення - проста іх намаганні павінны былі быць яшчэ большымі.
Такім чынам, мы ўсе маем шанцы дайсці да праўды, да паўнаты Аб’ўлення, - толькі шляхі ў нас часам доўгія і складаныя, больш патрабавальныя.
Паводле старонкі Deon.pl