Выкананне штодзённых абавязкаў цярпяліва і з любоўю, радаснае пражыванне кожнага моманту жыцця служачы родным, і кожнаму чалавеку – гэта і ёсць подзвіг. Гэта тое служэнне, якое амаль што незаўважальнае, але вельмі каштоўнае для Бога. Быць Яму верным ў дробязях, часам вартае гераічных намаганняў!
Хачу падзяліцца гісторыяй аднаго маленькага подзвігу адзінаццацігадовай даўніны. Мабыць, пра гэтую гісторыю я даведалася толькі дзеля таго, каб адна добрая справа (з тых тысяч добрых спраў, якія робяцца ўпотай ад іншых) нас збудавала.
Некалькі месяцаў таму, па выкліку, я наведала ў цяжкім стане пацыентку, скаваную пакутамі ад анкалагічнага захворвання. Жанчына распавяла не толькі пра сваю хваробу, але і пра сваё жыццё. З-за пэўных абставінаў была вымушана выхоўваць дваіх унукаў: шасцігадовага хлопчыка і немаўля. Ставіць на ногі малалетніх дзяцей – справа вельмі складаная, а тым больш для чалавека ў старэйшым узросце. І жанчына вырашае аддаць малодшага ўнука ў дзіцячы дом. Не ведаючы з чаго пачынаць, і, якія дакументы афармляць, яна звярнулася за саветам да ўчастковага педыятра. Хацела спытаць пра адно, а распавяла амаль што пра ўсё: як дачка пакінула дзяцей і з'ехала за мяжу, як нехапае здароўя, вытрымкі, грошай на выхаванне ўнукаў. Гутарка выдалася даволі складанай і працяглай. “Урач угаворвала мяне не рабіць гэтага. Яна ледзь не плакала разам са мной!”.
Я вельмі хачу, каб мы ўявілі сабе гэты вобраз: урач ледзь не плача разам са сваім пацыентам. Чаму ледзь не плача? Таму, што спачувае гэтай незнаёмая жанчыне і дзіцяці. Не асуджае, ня абураецца (наколькі лёгка могуць выслізнуць словы: “Ды як вы можаце аддаць дзіця ў дзіцячы дом!”). Яна сумуе душой, разумеючы да якіх наступстваў можа прывесці адзін неабдуманы крок. Любоў заклікае яе спачуваць, пераконваць.
Урач пераканала жанчыну пакінуць дзіця. Аднак 30-ці хвіліннай размовай справа не абмежавалася. Педыятр наведвала сям'ю спачатку кожны дзень, а затым, убачыўшы, што сітуацыя выпраўляецца, дзіця падрастае, праз дзень, затым раз у тыдзень... Цяпер гэтаму хлапчуку 11 гадоў. Ён мае сям'ю, хоць са складаным мінулым, аднак сям'ю, якую ўсё роўна любіш і ні на што не прамяняеш. Распаведзеная гісторыя магла б не быць такой пазітыўнай. Для мяне з’яўляецца чымсці відавочным: цуд могуць учыніці усяго толькі 30-40 хвілін неабыякавасці! Няма выпадковых сустрэч, выпадковых мінакоў на вуліцы, пасажыраў у аўтобусе, няма выпадковых пацыентаў на прыёме. Яны ўсе (добрыя і злыя, сціплыя і ганарыстыя ) – Божыя. Калі ты любіш Бога, то нельга іх мінуць , адмахнуцца, не заўважыць, нельга застацца абыякавым. Абыякавасць – гэта стан, які супярэчыць любові. На вялікія подзвігі ў імя Езуса Хрыста здольныя нямногія. Нам хоць бы атрымаць поспех у наступным: быць верным Богу ў малых рэчах. Адзін святы (нажаль, не памятаю хто) сказаў: “Вядзі набажнае жыццё і вакол цябе выратуюцца тысячы”. Паглядзіце навокал. Мабыць, вы ведаеце такіх людзей, такога ўрача-педыятра, або адзінокую жанчыну, якая годна нясе свой удові крыж, або бацькоў, якія з любоўю і цярплівасцю выхоўваюць дзіця-інваліда, не цураючыся ім... Вакол іх ратуюцца тысячы. Яны сваім жыццём, сваімі ўчынкамі дзейсна прапаведуюць Евангелле.
Хочацца звярнуць увагу на яшчэ адзін нюанс. Мы даволі часта, пачуўшы якую-небудзь кранальную гісторыю, лёгка натхняемся, і, гатовыя змагацца з несправядлівасцю, абараняць, дапамагаць. Аднак не маючы ў сабе цвёрдай веры і сталасці, так жа хутка і лёгка астываем. Змяняць сваё жыццё, імкнуцца да святасці, будаваць Валадарства Божае ў сэрцы і навокал не дзень, не два, а на працягу ўсяго свайго жыцця – незвычайна складана. Пераканаць жанчыну не аддаваць дзіця ў дзіцячы дом – выдатны хрысціянскі ўчынак, але дадаткова да гэтага штодня наведваць, падтрымліваць, сваімі ўчынкамі (не словамі) казаць: “Ты для мяне варты. Я цябе не пакіну” – гэта праяўленне сапраўднай хрысціянскай любові. Такой любові вучыць нас Госпад, любові, якая “доўгацярплівая, ласкавая, не зайздросціць не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць" (1Кар 13,4-7). Такой любоўю любіць нас Госпад. Такая любоў чыніць цуды.
Маргарыта Аслаўская