“Пакліканне” – слова, якое вельмі часта чуем у касцёле падчас казанняў, катэхэзы, чытаючы рэлігійную літаратару і прэсу. Негледзячы на такую вялікую колькасць інфармацыі, насамрэч гэты феномен даволі сладана зразумець, а тым больш складана адкрыць. Кожны разумее і тлумачыць гэтае слова нейк па-свойму, арыгінальна, зыходзячы з асабістага жыццёвага доведу.
Хтосьці ўжо з самога маленства прымяраецца, да якой-небудзь прафесіі: плануе стаць ўрачом, святаром, настаўнікам або гандляром. Некаторыя людзі, узважваючы і аналізуючы свае будучыя планы, яшчэ больш пераконваюцца ў тым, што крочаць правільным шляхам. Аднак менавіта такіх людзей, з дакладна акрэсленымі мэтамі, вельмі мала. Што рабіць тым, хто сумняваецца і не можа вырашыць зрабіць першы крок?
Здараецца, што многія адкрываюць сваё пакліканне праз свае зацікаўленасці, спалучаюць свае штодзённыя абавязкі з тым, што ім прыносіць задавальненне. Аднак праблема ў тым, што зацікаўленасці і інтарэсы з цягам часу могуць змяняцца і таму, даволі складана зразумець, што менавіта хачу рабіць я, як мне разабрацца са сваім сэрцам.
Чалавек глыбокай веры, пры выбары свайго жыццёвага шляху не пытае “Што хачу рабіць я", а задае пытанне Тварцу “Божа, што Ты хочаш, каб рабіў я для Тваёй хвалы?”. У першым выпадку, чалавек пытаючыся самога сябе, канцэнтруецца на сваім “я”, у другім, задаючы пытанне Богу, успрымае сваё жыццё, як дар як Яго дар і прызнае Яго сваім Уладаром, тым, ад каго залежыць мая будучыня.
Глыбока веруючы чалавек, які шчыра шукае Божай волі ў сваім жыцці здольны адчуць ў сваім сэрцы далікатны заклік. Ён лепш разпазнаецца і часцей перадаецца праз людзей адданых Богу, якіх Ён ставіць на нашым шляху. Заклік можа з часам быць больш выразным, нават калі чалавек вагаецца і яго “я” увесь час напамінае аб сабе. Нашае "эга" намагаецца ўсёй сваёй моцай, каб праігнараваць Божую прапанову. Голас Езуса ўспрымаецца, як працягнутая рука жабрака, “я” бароніцца фразамі тыпу “а чаму менавіта я?”, “ці ж няма іншых людзей?”, “Што са мной будзе, калі на заклік Бога, я адкажу “так”?”.
Магчыма менавіта ў гэтай настойлівай прапанове і ёсць запрашэнне Бога на Яго працу? Кагосці, напрыклад, не пакідае думка каб “спяваць для Госпада”; іншаму не дае супакою ідэя стварэння хрысціянскага часопіса для дзяцей, арганізацыі спартыўных турніраў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Падчас вось такіх думак, ідэй і разважанняў, якія нуртуюць у нашых галовах паўстаюць патанні: ці магчыма за гэта пражыць і ўтрымаць сям’ю? Адкуль ўзяць грошы на рэалізацыю добрых ініцыятыў? Калі паступіць на юрфак, менэджмент, эканамічныя адносіны або замежныя мовы – гэта матэрыяльна аплочваецца. Я нічога не маю супраць гэтых, без сумневу патрэбных прафесій, аднак існуе вельмі вялікая колькасць прафесій, быць можа простых і не вельмі прэстыжных, але не менш патрэбных і карысных.
Кагосьці Бог, спазіраючы на яго захапленне да працы на зямлі, кліча да вывядзення новага сорта збожжа, праз што ўратуе тысячы людзей ад голаду. Тым не менш праца на зямлі – не прыстыжная і не можа прынесці чаканых даходаў.
Калі я пісала гэты артыкул, у нашым кляштары праходзіла сустрэча групы ананімных наркаманаў. Адзін з гэтых людзей пачуў у сваім сэрцы прапанову, каб сабраць людзей з такімі ж праблемамі. Пачуў недзе глыбока ў сваім сэрцы зладзіць разам з імі размову і супольна адшукаць адказы на цяжкія пытанні. Ён не пабаяўся даць згоду Госпаду на гэтую прапанову, не праігнараваў яе, ведаючы, што за гэта ніхто яму не насыпле ў карман. Гэты чалавек адкрыў тое, што з’яўляецца істотным не толькі асабіста для яго, але і для іншых.
Калісьці адна манахіня з ІІІ-га закона св. Францішка сказала мне: “ты даведаешся, што гэта менавіта тваё пакліканне, калі ўбачыш, што Бог чыніць цуды”. Сапраўды, з перспектывы часу я бачу наступствы свайго выбару, хаця тады, пры размове, вельмі баялася сказаць Богу “так”.
Калі, паважаны чытач, вырашыш супрацоўнічаць з Ім і Яму даверыцца – атрымаеш сапраўдны ўнутраны супакой.
І самае галоўнае – Бог нас заклікае перш за ўсё імкнуцца да святасці і закладваць асновы Божага Валадарства ужо тут, на зямлі, пра што нам нагадваюць словы са Святога Пісання: “Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату” (Мц 6, 33-34).
с. Віргінія Хацян CSFN