Сум па небу – гэта пошук дому. Распавядае ксендз Томаш Яклевіч:
– Адпраўляю вячэрнюю суботнюю Імшу ў санаторыі для дзяцей. У дзень перад Унебаўшэсцем. Нялёгка апанаваць некалькі дзесяткаў рухлівых стварэнняў ва ўзросце ад 3 гадоў да 16. Пачынаю прамову ад так званых акалічнасцяў прыроды. Пытаюся, што робіцца ў санаторыі, чым можна захварэць і г.д. А што больш усяго баліць чалавеку?
– Калі ён не мае дому! – выдае Радэк...
Я не ведаў, што вялікая частка гэтых дзетак з дзіцячага дому. Хоць ніколі не мелі дому, інтуітыўна ведаюць, што гэта такое. Ведаюць, што павінен быць. Шукаюць яго, сумуюць, мараць аб ім, жадаюць.
Склалася з гэтага найпрасцейшая прамова аб небе. Бо з небам усё выглядае вельмі падобна. Не ведаем дакладна, чым яно ёсць. Ніхто з нас ніколі там не быў. Але сумуем па ім, адчуваем, што па-за межамі існавання павінна быць штосьці большае. Сэрца нам падказвае больш, чым розум. Езус кажа: “Калі не зменіцеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Царства Божае” (Мц 18,3). Малы Радэк адкрыў новае святло ў гэтым тэксце.
Каб прыняць неба, каб у яго паверыць, патрэбная прастата дзіцяці. Неба проста павінна быць, бо нашы сэрцы па ім сумуюць.
Дом – гэта, хіба што, найлепшае ўяўленне неба. Паняцце дому адсылае адначасова ў два бакі: да прошлага і да цяперашняга. Кожны з нас выйшаў з нейкага дому. Нават калі быў недасканалы, але засеяў нейкі сум, зерне ідэалу. У тых, якія раслі ў сем’ях, дзе пануе любоў, дом становіцца часта сімвалам раю: любові, бяспекі, цеплыні. У памяці застаюцца на цэлае жыццё ўспаміны добрых хвілінаў з дзяцінства. Чым старэйшы чалавек, тым часцей да іх ён вяртаецца.
Дарослы чалавек закладвае свой дом. Але заўсёды штосьці не так. Штосьці нам баліць. Няма дамоў, вольных ад канфліктаў, хваробаў, няшчасцяў. І тады, можа, хутчэй за ўсё вяртаемся думкамі да дзяцінства. А разам – марым аб немагчымым людскім ідэале – аб небе. Таму, атрымоўваецца, дом на пачатку шляху і на яго канцы. З Бога выходзім, да Бога вяртаемся.
Хрыстос – Альфа і Амега. Ён пачатак і канец. Яго Унебаўшэсце прыпамінае, што “у доме Айца ёсць шмат памяшканняў”. Збліжаемся да Таямнічага Шчасця. На самай справе знаходзім яго у нас саміх,чым больш разумеем, што нашае жыццё – з Бога і ідзе ў кірунку да Бога. Дома чалавек – у сябе. Бог – наш дом. У ім мы ў сябе. Ужо цяпер.
Апрацавала Яна Ткачук