У чаканні святара на Каляду
Калі святар пачынае хадзіць па Калядзе, да яго прыходу рыхтуецца ўся сям’я. Жанчыны спяшаюцца падрыхтаваць стол, накрыты абрусам, мужчыны наліваюць у місачку асвячаную ваду, кладуць крапіла, дзеці ставяць свечкі. А навошта ўся гэтая мітусня? Святар затрымаецца ў кватэры або доме самае большае на паўгадзіны. Некаторыя людзі незадаволеныя такім хуткім наведваннем святара, а некаторыя радуюцца, бо «адбылі» Каляду.
Адкуль узялася традыцыя святарскага калядавання?
У старжытным Рыме ў студзені адбывалася святочнае наведванне «календэ» (callandae) першага ў месяцы або першага ў годзе дня, ад якога ў еўрапейскіх мовах з’явілася слова «каляндар». Вядома таксама, што ад слова «каляда», якое на нашу тэрыторыю прыйшло праз пастрэдніцтва чэхаў і палякаў, паходзіць і назва вясёлых песняў «калядкаў». Калядкі і спяваюцца на праслаўленне вялікай падзеі — Нараджэння Хрыстовага. Гэтыя песні з’явіліся яшчэ ў дні зараджэння хрысціянства, але толькі ў славянскіх народаў яны захавалі сваю назву.
Касцёл пераняў народны звычай калядавання, аб’яднаўшы яго з благаслаўленнем дамоў ва ўрачыстаць Трох Каралёў. А паколькі ў гэты дзень немагчыма наведаць усіх жадаючых, наведванне расцягваецца на паслясвяточны час. Заходняя традыцыя, а таксама ўжо і наша, раіць пісаць на дзвярах дамоў, кватэраў асвячанаю крэйдаю літары «С+М+В» + год. Літары з лацінскага выразу: «Chrisus mansionem benedicat» («Няхай Хрыстус благаславіць дом»). Цяпер візіт святара азначае не толькі благаслаўленне дома, але і сустрэчу пастыра з вернікамі.
Навошта патрэбна пастырскае наведванне?
У Кодэксе Кананічнага Права ў каноне 529 напісана: «З мэтаю добрага выканання пастырскіх абавязкаў пробашч павінен старацца пазнаёміцца з даручанымі яго апецы вернікамі. Ён павінен наведаць сем’і, даведацца пра іх клопаты і праблемы, умацаваць іх у Богу...».
Як адбываецца наведванне?
Пастырскае наведванне адбываецца традыцыйным спосабам. Гаспадар дома сустракае святара каля дзвярэй, запрашае ў пакой. Са святаром стараюцца сустрэцца ўсе члены сям’і. Гэта добры час для прыватных размоваў са святаром, падчас якіх у хатняй атмасферы можна пачуць адказы на хвалюючыя пытанні.
Пастырскае наведванне мае характар хатняга набажэнства. Яно можа распачынаецца з абраду благаслаўлення сям’і разам з супольнаю малітваю і разважаннем над Божым словам. Часам наведванне распачынаецца са спеву калядкі, якую разам з сям’ёю спявае таксама і святар. Вітаючыся словамі «Спакой гэтаму дому», святар жадае, каб у гэтым доме пастаянна прысутнічаў Хрыстус, які сваім з’яўленнем на свет прынёс людзям спакой. Пасля гэтага прывітання адбываецца благаслаўленне ўсёй сям’і і дома з акрапленнем усіх прысутных асвячанаю вадою.
Сёння ўсё часцей сем’і ахопленыя песімізмам, многія губляюць працу, фінансавае становішча становіцца хісткім. Парафіяне складаюць сціплыя ахвяраванні, або зусім іх не даюць і моцна з-за гэтага пакутуюць. Іншыя людзі саромеюцца прапанаваць сваю дапамогу, падзяліцца тым, што маюць, баяцца быць добрымі самаранінамі.
Часта ўзнікае пытанне: колькі даць святару за пастырскае наведванне? Адказ просты: хто колькі можа. Святары тлумачаць, што ніхто не называе сумы ахвяравання, якое павінны даць святару. Сабраныя дары пойдуць не толькі на патрэбы парафіі і святара, але і на патрэбы сем’яў парафіі, якія сапраўды чакаюць дапамогі: калі, напрыклад, адзін з членаў сям’і мае залежнасць і ад яго пакутуюць усе родныя; калі дзіця выхоўваецца толькі адным з бацькоў або бубуляю і дзядулем; калі ёсць моцна або невылечна хворы член сям’і, калі сям’я шматдзетная, і працуе адзін з бацькоў. Святар павінен усё ведаць і занатоўваць, каб быць падрыхтаваным да размовы з тымі, хто жыве без шлюбу, споведзі або нават неахрышчаны, а таксама каб пасля пастырскага наведвання даць «падарунак» святога Мікалая тым, хто вельмі яго чакае.