Малітва з’яўляецца той таямнічай сілай, вакол якой выстройваецца ўсё ў нашым жыцці.
Напэўна, кожны хрысціянін, перш чым распачаць перыяд Вялікага посту, задумваецца над тым, як плённа перажыць гэты бясцэнны час. Адны стараюцца ажыццявіць велікапосныя пастановы, звязаныя з абмежаваннем сябе ў ежы, альбо практыкуюць сціслы пост па пятніцах; іншыя складаюць ахвяры на ўтрыманне парафіяльнай святыні альбо дабрачыннай арганізацыі, дапамагаючы пры гэтым канкрэтным людзям у патрэбе. Аднак, як мне здаецца, для сучаснага чалавека, якому вельмі цяжка спыніцца ў імклівым рытме сваёй штодзённасці, найважнейшай у гэты перыяд можа стаць хвіліна, праведзеная сам-насам з Богам у касцёле ці падчас асабістай малітвы.
На мой погляд, асноўнай прычынай трывалага неспакою і заклапочанасці ў сённяшнім грамадстве з’яўляецца перанасычанасць інфармацыяй, якая даносіцца з усіх бакоў, а таксама празмернае паглыбленне ў сацыяльныя сеткі, што пазбаўляе чалавека неабходнай для духоўнага росту цішыні і ўдумлівасці. Таму Вялікі пост – гэта час, які дазваляе паглядзець на сваё жыццё з адлегласці і аднавіць сувязь з Богам, сузіраючы Яго бязмежную любоў, праяўленую праз мукі і смерць на крыжы. А таксама гэта перыяд, які дае магчымасць лепш пазнаць саміх сябе, паступова адкрываючы ў сабе Божы вобраз і разважаючы над ахвярай Хрыста, якую Ён здзейсніў дзеля кожнага з нас.
Каталіцкі Касцёл, у сваю чаргу, паклапаціўся пра тое, каб гэты саракадзённы час навяртання быў прасякнуты шматлікімі набажэнствамі, прызначанымі для больш выразнага перажывання духоўных і фізічных цярпенняў і мук Хрыста, якія Ён зведаў на шляху да Галгофы. Такім чынам, кожны хрысціянін, прымаючы ўдзел у велікапосных малітоўных практыкаваннях, мае магчымасць запытаць самога сябе: “Кім я з’яўляюся на гэтым Крыжовым шляху? Пятром, які здрадзіў Хрысту; Пілатам, які не знайшоў у сабе адвагі, каб што-небудзь прадпрыняць; чалавекам з натоўпу, які патрабаваў смерці Хрыста; Сымонам Кірынейцам, які дапамагаў несці крыж, ці Янам, адзіным вучнем, што застаўся з Хрыстом?”.
Варта таксама заўважыць, што ва ўсіх велікапосных практываннях выключную ролю займае сузіранне крыжа, якое дапамагае, наколькі гэта, канечне, магчыма, дакрануцца да ўсяго таго, што перажыў Хрыстос. Бо заўважце: ні здрада вучняў, ні нясцерпны боль ад кроватачывых ран, ні нянавасць з боку акружэння не сталі перашкодай для Езуса, каб ажыццявіць збаўчую волю Айца.
Што гэта можа значыць для нас сёння? Як гэтае малітоўнае сузіранне можа дапамагчы нам у перажыванні штодзённасці? Гэта значыць, што на працягу дня мы можам як мага часцей звяртаць свой позірк на крыж, асабліва ў моманты, калі ў сэрца закрадаецца раздражненне з-за стомленасці ці нежадання прыняць Божую волю і тыя падзеі, што адбываюцца ў жыцці; калі апускаюцца рукі і роспач пранізвае да глыбіні душы; калі сутыкаешся з балючым незразуменнем з боку тых, каго найбольш любіш і г. д. Бо толькі разважанне аб незаслужаных і несправядлівых цярпеннях Хрыста могуць дапамагчы нам знайсці сілы для далейшай барацьбы.
На працягу Вялікага посту немагчыма забыць таксама пра Ружанцовую малітву, асабліва пра разважанне над Балеснымі таямніцамі, што дапаможа паглядзець на жудасныя мукі Хрыста вачыма Той, якая ўвесь час суправаджала Сына падчас здзяйснення збаўчай місіі. Менавіта Найсвяцейшая Панна Марыя можа стаць для нас у гэтыя дні ўзорам сапраўднай вернасці і даверу да Бога ажно да смерці.
Саракадзённы час навяртання можа быць добрай нагодай, каб распачынаць чарговы дзень з ранішняй медытацыі над Божым словам, а дакладней, з Евангелля, якое Касцёл прапануе на сёння. Падчас літургіі ў Пальмовую нядзелю і Вялікую пятніцу мы пачуем эпізоды з Евангелля, прысвечаныя цярпенням і мукам Хрыста. Аднак ужо з першых дзён Вялікага посту можна пачаць разважаць над гэтымі фрагментамі. Матыў Псальма 51 (50) “Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае”, які чуем у Папяльцовую сераду, таксама можа быць сапраўдным штуршком для глыбіннага пакаяння і скрухі сэрца.
Несумненна, найлепшым спосабам перажывання гэтага бясцэннага часу павінен стаць наш удзел у Эўхарыстыі, аднак не толькі ў нядзелю, але і ў звыклыя дні. Мы часта недаацэньваем значэнне і сутнасць святой Ахвяры, падчас якой здзяйсняецца Пасхальная таямніца. Бо тое, што адбываецца на алтары, а менавіта момант, калі Хрыстос ахвяруе сваё Цела, аддадзенае Ім за нас на крыжы, і сваю Кроў, якая “за многіх праліта дзеля адпушчэння грахоў” (Мц 26, 28), павінна стаць для нас крыніцай і вяршыняй штодзённага хрысціянскага жыцця.
Моцна веру ў тое, што калі “заслона” над гэтым светам канчаткова развеецца, мы пераканаемся, што малітва была той таямнічай сілай, вакол якой выстройвалася ўсё ў нашым жыцці. Таму што маліцца настолькі ж уласціва чалавечай натуры, наколькі ўласціва чалавеку дыхаць, есці ці любіць. Малітва ачышчае і дапамагае супрацьстаяць спакусам. Малітва ўмацоўвае ў слабасцях, перамагае страх, удасканальвае ў любові і надае нашаму жыццю адзіны і непаўторны сэнс.
Паводле "Слова жыцця", кс. Яўген Амасёнак