3 мая, у дзень сваіх імянін, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Эўхарыстыю ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Літургія здзяйснялася ля алтара Маці Божай Кангрэгацкай, Апякункі горада над Нёманам. У Імшы ўдзельнічалі прызначаны каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі біскуп-намінат Уладзімір Гуляй і іншыя святары.
У гаміліі генеральны вікарый дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, які ў гэты дзень таксама святкуе імяніны, адзначыў, што тыя, хто шануе Маці Божую, адчуваюць Яе надзейнае заступніцтва ў розных небяспеках.
Святар падкрэсліў, што “Панна Марыя хоча, каб мы верна прабывалі з Хрыстом і каб Яго Валадарствам было кожнае чалавечае сэрца”.
У канцы Імшы пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі ад імя ўсіх прысутных выказаў біскупу Аляксандру віншаванні.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, падзякаваўшы прысутным за дар малітвы і вялікую дабрыню, заахвоціў іх працягваць падтрымліваць малітвай усё духавенства. Асабліва папрасіў іерарх маліцца за наміната Уладзіміра Гуляя, каб ён мог найлепшым чынам падрыхтавацца да прыняцця біскупскага пасвячэння.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі