Парафія Святога Духа ў Гродне праводзіць Святы Пасхальны Трыдуум разам з арцыбіскупам эмерытам Тадэвушам Кандрусевічам.
Звяртаючыся да вернікаў, арцыбіскуп адзначыў, што калісьці быў пробашчам гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай, да якой адносіліся тэрыторыі цяперашняй парафіі Святога Духа, таму прыехаў правесці гэты час разам са сваімі былымі парафіянамі.
У Вялікі чацвер успамінаецца Апошняя Вячэра і адзначаецца свята Эўхарыстыі і святароў. З гэтай нагоды ў парафіі Імша Вячэры Пана пачалася з віншаванняў і слоў падзякі святарам за іх служэнне.
“Вялікі тыдзень – гэта час, калі мы павінны адкрыцца на Божую любоў і міласэрнасць. Перажыванне мук, смерці і ўваскрасення Езуса – па сутнасці, яскравае ўсведамленне таго, як моцна Бог нас любіць і як моцна прагне, каб мы на Яго любоў адказвалі ўзаемнасцю”, – падкрэсліў пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда.
Арцыбіскуп Кандрусевіч у гаміліі звярнуў увагу на тое, што “Езус чакае кожнага з нас”, “Яго сэрца б’ецца – б’ецца ў гэтай капліцы, б’ецца разам з нашымі сэрцамі”. Сустрэча з Езусам змяняе кожнага, адзначыў іерарх.
Пасля Імшы ў капліцы распачалася адарацыя, падчас якой была магчымасць як далучыцца да спеваў Песень жальбы, так і памаліцца ў цішыні і пабыць сам-насам з Богам.
Наталля Лазоўская, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі