28 сакавіка Каталіцкі Касцёл распачаў Святы Пасхальны Трыдуум – час, каб сцішыцца і паразважаць пра сваё жыццё і ролю Бога ў ім. Вялікі чацвер – асаблівы дзень, калі Хрыстус устанавіў адразу два сакрамэнты: Эўхарыстыі і пасвячэння.
У гэты дзень на Імшы Вячэры Пана, якой распачаўся Трыдуум, падчас спеву гімна “Хвала на вышынях Богу” апошні раз зазванілі званкі, сціхнуў арган. Ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч ўзначаліў Імшу. Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў цямніцу.
Перад пачаткам літургіі дзеці павіншавалі біскупа і ўсіх прысутных святароў з нагоды Вялікага чацвярга – іх свята.
Прагучаў гімн “Хвала на вышынях Богу”, які не спявалі на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас спеву гімна білі званы і звінелі званочкі, якія пасля яго заканчэння змоўклі, сціхнуў таксама і арган, пакуль гэты гімн не загучыць ізноў на літургіі Пасхальнай вігіліі.
Дырэктар Пастырскага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі (Мінск) кс. Віталій Дабраловіч, звяртаючыся да вернікаў, сказаў: “Складана зразумець радасць Уваскрасення, не бачачы, что было перад ім”.
“Сёння мы ўспамінаем Вячэрнік Пана. Гэтыя дні Трыдууму вельмі важныя, – адзначыў святар. – Мы спажываем з Хрыстом гэтую Вячэру, у якой Ён аддае самога сябе”.
Ксёндз Віталій пажадаў, каб гэтая Эўхарыстыя, апошняя перад Уваскрасеннем, “дала магчымасць зразумець, што адбылося на гэтай Вячэры Пана”. “Толькі вера дазваляе крочыць у таямніцу паднясення Цела і Крыві Хрыста, разумець, што гэта ёсць сам Хрыстус”, – дадаў святар.
Пасля Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў капліцу адарацыі, якая сімвалізуе цямніцу, дзе быў зняволены Езус пасля арышту. У катэдры цямніцу падрыхтавалі ў каплічцы Маці Божай Кангрэгацкай. Адарацыя працягвалася да 22 гадзін.
З алтара знялі абрус, а табэрнакулюм застаўся пустым і прыадчыненым.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі