27 сакавіка ў Іўі адбыўся гарадскі Крыжовы шлях. Ён прайшоў па цэнтральнай плошчы горада.
Гэтае набажэнства, якое штогод праводзіцца ў Вялікую сераду, – ужо шматгадовая традыцыя іўеўскай парафіі. У памяць аб апошнім шляху Езуса драўляны крыж неслі прадстаўнікі розных устаноў, малітоўных груп і прафесій. Як і заўсёды, у ходзе набажэнства рабіліся прыпынкі – стацыі, на якіх вернікі розных узростаў чыталі разважанні.
Разважанні, прысвечаныя тэме прабачэння, давалі магчымасць усвядоміць, што Крыжовы шлях з’яўляецца не толькі ўспамінам падзей, якія адбыліся дзве тысячы гадоў таму; што гэта не павінна быць толькі аплакванне Езуса Хрыста і ўзрушэнне цяжарам Яго цярпенняў. Удзельнікам набажэнства прапаноўвалася зірнуць на сваё жыццё як на крыжовы шлях, параўнаць сваю рэакцыю на цярпенне са стаўленнем Хрыста.
Удзельнікі заахвочваліся да таго, каб вярнуцца дадому з пасланнем, што кожны дзень трэба браць свой крыж на плечы, як паказвае Езус, быць адказным за свае паводзіны, за прыняцце рашэнняў і кіравацца ў жыцці навучаннем, якое абвяшчаў Хрыстус.
Раман Ярмош