23 сакавіка ў парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне (Сапоцкінскі дэканат) адбыўся велікапосны дзень засяроджання для дзяцей з гэтай парафіяльнай супольнасці.
Сустрэча пачалася ў капліцы святой Імшой, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. канонік Юрый Марціновіч.
У гаміліі святар нагадаў дзецям пра сем апошніх слоў, прамоўленых Панам Езусам з крыжа, што сталіся для чалавецтва своеасаблівым духоўным запаветам, які перадаў Збаўца.
Пасля літургіі дзеці знаёміліся з глыбокімі сімваламі і знакамі Пасхальнага Трыдууму, разважалі над яго таямніцамі і тым, што трэба зрабіць, каб правесці гэты святы час пабожна і з малітвай.
Арганізатары дня засяроджання нагадалі дзецям, што з дапамогай падзей Пасхальнага Трыдууму Езус Хрыстус здзейсніў адкупленне чалавецтва і што на парозе велікодных святаў належыць зразумець глыбіню гэтых падзей, бо тады жыццё атрымае новыя святло і сэнс.
У канцы сустрэчы ўдзельнікі разам выраблялі велікодныя пальмы. Дзеці выявілі ў гэтай справе крэатыўнасць, стварыўшы для сябе пальмы на свой густ. На наступны дзень, якім была Нядзеля Мукі Пана, яны прыйшлі з гэтымі пальмамі на ўрачыстую Эўхарыстыю.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі