Вернікі Карэвічаў, дзе знаходзіцца капліца св. Антонія Падунскага, якая належыць да ваўкавыскай парафіі св. Станіслава Косткі, урачыста адзначылі Пальмовую нядзелю – апошнюю нядзелю перад Вялікаднем.
У Пальмовую нядзелю Касцёл успамінае ўваход Езуса ў Ерузалем. У гэты дзень парафіяне маглі ўспомніць словы, якімі натоўпы народу віталі Хрыста, сцелючы пад ногі асляняці, на якім Ён ехаў, свае плашчы і аліўныя галінкі: “Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вышынях!” Так прывіталі Езуса і самі парафіяне – дарослыя і дзеці, а таксама тыя, хто прыехаў у Карэвічы.
Ва ўрачыстасць Пальмовай нядзелі з’яўляюцца думкі пра тое, што з гэтага дня ў Ерузалеме пачалося іншае вымярэнне часу: ён пачаў перажываць містэрыю ўваходу ў смерць самога Жыцця і пераходу да жыцця з глыбіняў смерці. Гэты пераход пачаўся з усхвальных воклічаў натоўпу, які пазней у большасці не абароніць Збаўцу, не будзе спагадаць Яму, калі Ён будзе ісці на Галготу. Натоўп разумее, што Валадар, якога ён вітае, ідзе ўсталяваць сваё Валадарства, але не ўсведамляе, якім яно будзе, не разумее, што ў гэтыя дні праводзіцца мяжа паміж новым Валадарствам Любові і валадарствам цемры, валадарствам гэтага свету, граху, і чакае свецкай магутнасці, моцы.
Хрыстус выбраў пакуты і смерць, сцвердзіў адзіны шлях да збаўлення праз крыж, таму Пальмовая нядзеля прысвечана асабліваму разважанню пра муку Пана і непасрэдна рыхтуе да перажывання яе ў літургічных абрадах Вялікага тыдня.
Аксана Вераціла, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі