24 сакавіка ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне ўрачыстую Імшу Пальмовай нядзелі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Тысячы людзей прыйшлі ў святыню на благаслаўленне вербаў, каб тым самым распачаць галоўны для католікаў тыдзень.
Эўхарыстыя пачалася благаслаўленнем вербных галін, прынесеных вернікамі. Таксама на ёй па традыцыі чыталася апісанне Мукі Пана, якое прадстаўляе апошнія гадзіны зямнога жыцця Езуса Хрыста.
Біскуп адзначыў: “На працягу сарака дзён мы з дапамогай посту, малітвы і ўчынкаў хрысціянскай міласэрнасці рыхтавалі свае сэрцы да таго, каб з усім Касцёлам распачаць Пасхальную містэрыю”.
“Сёння Хрыстус увайшоў у Ерузалем, каб там памерці і ўваскрэснуць. Успамінаючы гэтую падзею, з глыбокай верай пойдзем за Панам, каб і мы далучыліся да ўваскрасення і жыцця”, – дадаў іерарх.
Пальмовая нядзеля з’яўляецца пачаткам Вялікага тыдня, калі Касцёл успамінае смерць і змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста. У гэты дзень вернікі Гродзенскай дыяцэзіі прымаюць удзел у ўрачыстасці, трымаючы ў руках благаслаўленыя вербачкі і даючы гэтым сведчанне сваёй веры ў Адзінага і Праўдзівага Бога.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Максімільян Пік