Служэнне святароў у турмах і калоніях застаецца малавядомай старонкай для беларускіх вернікаў. Менавіта па-гэтаму мы паразмаўлялі з аршанскім пробашчам пра яго паслугу “на зоне”, яе асаблівасці і цяжкасці, жыццё вязняў у турме і пасля яе. Пра тое, чаму некаторым вязням лягчэй у калоніі, чым на свабодзе і чаму рэабілітацыйны цэнтр для былых вязняў патрэбны чытайце ў сённяшнім рэпартажы.
Спачатку прыйшло 30, пасля 4 вязні
“Калі я першы раз прыйшоў наведаць вязняў аршанскай калоніі і ўбачыў, як там усё выглядае, мяне ахапіў жах. Там амаль адсутнічае зеляніна – толькі бетон і калючы дрот. Дзе-нідзе ёсць маленечкія абрыўкі травы. І ў гэты момант унутры мяне ўзнікла пытанне: “А што, калі ты тут апынешся? А што, калі ты страціш сваё добрае імя, ад цябе адвернуцца ўсе сябры, усё, чым ты займаўся, скончыцца тут?”. Тады Дух св. сказаў мне: ”Не турбуйся, я цябе ніколі не застаўлю”.
Я зразумеў, што сапраўды я ўсё магу згубіць, але ёсць адна рэч, якой мяне ніхто не можа пазбавіць – гэта Ён. І нават у адзіночнай камеры я буду з ім. Аказваецца, турма не такая і страшная. Такім чынам, Бог падрыхтаваў мяне да служэння ў вязніцы – я павінен быў перастаць баяцца гэтага месца. На першае спатканне, з цікавасці, прыйшло 30 ці 40 вязняў, на наступнае – 4. Так і пачалося маё служэнне ў калоніі”, - пачаў расповед а. Аляксандр Жарнасек МІС, капелан 12-й мужчынскай калоніі ў Оршы.
Дзве з паловай гадзіны святара ў калоніі
Айцец распавёў, што католікі ў калоніі вітаюцца з ім традыцыйным “Пахвалёны Езус Хрыстус”, пратэстанты кажуць “Мір Божы!”. Сустрэча адбываецца паводле простай схемы: спевы, малітвы, чытанне Божага Слова з гэтага дня, канферэнцыя, напрыканцы - размовы на розныя тэмы.
“Раз на месяц служым св. Імшу. Можна было б часцей, але я так вырашыў. Раней служыў кожны тыдзень, але нават гэтыя 4-5 католікаў, якія прыходзілі, не адрознівалі правую руку ад левай. Я зразумеў, што трэба катэхізаваць, бо з-за служэння св. Імшы мне не хапае часу на катэхезу. Таму пачаў насіць св. Камунію ў калонію як да хворых. Пазней да мяне звярнуліся пратэстанты з просьбай прыходзіць на нашы сустрэчы. Я атрымаў дазвол ад біскупа Уладзіслава Бліна і людзей пачало прыходзіць больш. Таму трэба было яшчэ больш часу на размовы, споведзі, навучанне”, - працягваў аршанскі пробашч.
“Пачуцці сумежныя. З аднаго боку раней, пакуль я чакаў афіцэра, які да мяне выйдзе, у мяне была ціхая надзея, што можа мяне туды ня ўпусцяць. Не сказаць, што я з такой радасцю туды ішоў. Хацелася і адпачыць у нядзелю, і цяжка ўсё гэта. З другога боку - гэта давала мне радасць. Пасля служэння я адчуваю, што зрабіў тое, што павінен быў, што гэта мая тэрыторыя”, - падзяліўся суразмоўца.
Сведчанні вязняў
Айцец распавёў, што аднойчы перад спатканнем зразумеў, што жыццё чалавека ніколі ўсур’ёз не зменіцца, пакуль чалавек не дасведчыць Божай Любові. Ідучы на сустрэчу, ён падрыхтаваў адпаведную песню і прасіў аб гэтым дары для вязняў, але не сказаў ім пра сваё распазнанне і інтэнцыі. Калі яны так спявалі, адзін вязень пачаў вельмі гучна плакаць, проста наўзрыд. Пасля ён сказаў, што яшчэ ніколі ў жыцці так моцна не адчуваў Божай Любові, як падчас гэтай песні. Святар дадае, што “гэта была адна з гісторый, калі Госпад уздзейнічаў настолькі яўна”.
“Адзін вязень перажыў навяртанне і хадзіў у дворыку, маліўся, прасіў у Бога дапамогі. Ён распавядаў, што раптам у яго ўзнікла пытанне: “А чаму гэта я ўсё прашу, можа ў Цябе, Бог, ёсць якія патрэбы?”. “Пасля я сказаў сабе: “Што гэта я думаю, у Бога ня можа быць патрэбаў”, - працягваў вязень, - “і раптам Дух св. кажа мне: “так, у мяне ёсць патрэба: я хачу, каб усе былі збаўленыя”. Пазней я размаўляў з тэолагам, яна сказала, што такое цяжка нават выдумаць”, - распавёў айцец.
Праз нейкі час марыянін даведаўся, што вязні-пратэстанты дапамагаюць хворым у шпіталі калоніі. Адзін з іх мог выкарыстаць у мясцовым кіёску толькі 70 тыс. рублёў, дык ён нават з гэтай сумы браў дзесяціну, купляў нешта ў кіёску і перадаваў у шпіталь. “Гэта ўлічваючы факт, што ў іх там у прынцыпе нічога няма, толькі гарбата”, - дадае.
“Аднойчы забыўся ім сказаць, што ў наступную нядзелю будзе св. Імша. Іду сабе і думаю, што зараз страцім час на прыгатаванне алтара, абрусы і іншыя рэчы. Я заходжу, а там ужо ўсё прыгатавана, свечкі гараць. Пытаюся: “Адкуль вы ведалі, што св. Імша будзе сёння?”. А яны ўсміхаюцца і кажуць мне: “А нам Езус сказаў”. Я ўжо больш нічога і не пытаўся”, - з усмешкай распавёў святар. Айцец Аляксандр дадае: “Я там ад іх нічога не чакаю. Гэта не тое асяроддзе. Хоць з другога боку я чакаю ад іх усяго. І расчаравання і зменаў”.
Жыццё пасля турмы
“Там існуе наступны прынцып: у чым цябе пасадзілі, у тым ты і выйдзеш. Было табе 18, табе далі 8, ты выходзіш, а твае кеды ўжо і згнілі. Ужо не кажучы пра тое, што за столькі гадоў людзі пачалі проста па-іншаму апранацца. Калі яны выходзяць з калоніі, яны проста не разумеюць, што іх вопратка адрозніваецца. Адзін мой былы вязень вызваліўся з калоніі і перад цягніком зайшоў да мяне ў касцёл. Перад гэтым ён пашыў сабе нагавіцы, каб было ў чым выйсці на волю. А я гляджу на яго, смяюся і кажу: “Здымі ты гэта, ты ж як зэк у іх”. А ён не можа гэтага зразумець, яму падаецца, што гэта добрыя нагавіцы, акуратна выглядаюць”, - кажа айцец.
Мой суразмоўца падзяліўся, што для яго найбольшым жаданнем з’яўляецца тое, каб пасля вызвалення яго былыя вязні сталі выглядаць як звычайныя людзі, пазбыліся ўсяго, звязанага з турмой. “Аднойчы я сустрэў аднаго майго былога падапечнага, які быў нармальна апрануты і па ім зусім не было бачна, што ён сядзеў. Я тады шчыра парадаваўся за яго, што ён добра выглядае, зусім не падобны на былога “зэка”.
Па былых вязнях бачна, што яны былі ў турме. Па тым, як яны сядзяць, як размаўляюць, як ходзяць і таму я вельмі цешуся, калі яны змяняюцца”, - распавядае ён, - “у калоніі, напрыклад, не кажуць, "давайце паразмаўляем пра Бога", там кажуць "паразмаўляць “За Бога”. Гэта такі адэскі дыялект, калісьці гэты горад быў вельмі крымінальны, таму шмат турэмных словазваротаў узятыя менавіта адтуль”.
“Аднойчы афіцэр з маёй калоніі распавядаў, як аднаго мужчыну пасадзілі яшчэ ў савецкія часы, ён атрымаў нешта кшталту 22 гадоў. Пасля выйсця на свабоду ён вярнуўся на зону праз 1 месяц. Ён проста не вытрымаў новай рэчаіснасці, не змог успрыняць усіх зменаў. Пасля доўгіх тэрмінаў яны вучацца нават размаўляць па-новаму. Адзін казаў мне: “Аляксандр, я не ведаю як з дзяўчынай размаўляць, я выглядаю як дзебіл, калі трэба нешта сказаць”.
Трошкі рэчаіснасці
“Адзін афіцэр калісьці мне сказаў: “Вы ведаеце, да вас ходзяць толькі анёлы”. “Як бы ні было калонія – гэта калонія”, - працягвае капэлан вязняў, - “дакладна не магу сказаць, колькі вязняў сядзіць у маёй 12-й. Гучала лічба 1000, пасля - 1200. Самая вялікая лічба вязняў, якая збіралася на сустрэчы – 25-30 чалавек. На дадзены момант іх каля 10. Я распавядаю гэтыя Божыя гісторыі пра вязняў, але гэта гісторыі некалькіх асобаў. Некаторым вязням, па пэўных прычынах, прыходзілася праз розныя каналы рабіць так, каб яны больш не прыходзілі на нашыя малітоўныя сустрэчы. Калі нашы сустрэчы наведвала 25-30 асобаў, то было незразумела, чаму некаторыя прыходзяць. Мы пачалі маліцца, каб Бог ачысціў нашыя шэрагі. Вось і засталося толькі 10. Таму фільтрацыя неабходная. У прынцыпе, людзей з жывой верай вельмі няшмат і іх бачна”.
Пытаюся, як выглядае будзённасць веруючага вязня ў калоніі. Айцец кажа, што ўсё залежыць ад таго, які веруючы. “Некаторыя жывуць у калоніі і па іх зусім не бачна, што ён веруючы. Гэта як на свабодзе: часам лепш не даведвацца, чым займаецца твой парафіянін у штодзённым жыцці”, - кажа ён, - “у цэлым да веруючых вязняў ставяцца пазітыўна. Я б сказаў, што ў нейкім сэнсе ў калоніі прасцей быць веруючым, чым па-за ёй. Там існуе свая этыка, якая талеруе веру. Напрыклад, т.зв. катэгорыя пакрыўджаных ці апушчаных (обиженный, опущенный – катэгорыя вязняў паводле турэмнай этыкі): ім нельга падаваць рукі. Я не ведаў і павітаўся за руку з адным з іх. Мае веруючыя вязні адразу сказалі мне, што ён пакрыўджаны і што я не магу падаваць яму рукі. Я так і рабіў. Гэта немагчыма змяніць. Да мяне ўжо былі пратэстанцкія пастары, якія спрабавалі супрацьставіцца гэтаму правілу, але ў іх нічога не атрымалася. Справа ў тым, што з-за гэтага праблемы могуць пачацца ў веруючых вязняў: яны вітаюцца за руку са святаром, які вітаецца з пакрыўджаным. Гэты чалавек пазней пачаў адмыслова спазняцца на сустрэчы і сядаць у канцы, каб не ствараць нязручнай сітуацыі. Там проста такія правілы, іх мусяць трымацца і веруючыя і няверуючыя”.
Іх мары
Насуперак агульнаму меркаванню, не ўсе вязні жывуць момантам выйсця з турмы. “Адзін вязень, які меў тэрмін каля 20 гадоў, казаў, што ўжо даўно забіў б сябе, але ён жыве момантам, калі ён выйдзе і ўбачыць сваю дачку. Гэта матывавала яго добра сябе захоўваць. Некаторыя ж лічаць за гонар вярнуцца ў калонію, ужо перад выйсцем яны плануюць на якую справу пойдуць пасля вызвалення. Хтосьці баіцца вызваляцца, кажа, што на свабодзе веру страціць, што там сябе не знойдзе. Але больш усяго яны баяцца волі. Прызвычаіцца да свабоды для парадачных - гэта вельмі цяжкая справа”, - распавядае суразмоўца.
“Рэабілітацыйны цэнтр для былых вязняў – гэта мая мара. Сёння гэта нерэальна. Раней я думаў, што змагу займацца парафіяй і весці гэтую справу, але пазней зразумеў, што такое немагчыма. Цэнтр будзе патрабаваць цябе цалкам. З тых рэабцэнтраў, якія я бачыў, я зразумеў, што там такі прынцып: выдзяляць патрошку свабоды, ніякіх грошай і паступова вяртаць іх у нармальнае жыццё. Гэта людзі залежныя. Таму сёння яшчэ за мала марыянаў для такой справы. Таксама трэба будзе яшчэ вучыцца да гэтага. Многія з маіх вязняў мараць выехаць у Расію, зарабіць там грошай. Я іх ад гэтага адмаўляю, бо гэта яўны пошук лёгкіх грошай. А з другога боку я разумею, што я іх адмаўляю, а сам нічога ім прапанаваць не магу”.
Размаўляў Арцём Ткачук,
grodnensis.by