Асаблівасць роліка ў тым, што ў герояў існуе магчымасць трымаць у руках прадметы для абмеркавання. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўзгадваюць, як называюцца рэчы і для чаго яны служаць. Перад праглядам прапануем паглядзець на дзяцей за кадрам, бліжэй пазнаёміўшыся з маленькімі героямі: з якіх яны сем’яў, пра што мараць і як бавяць вольны час.
Дам’ян, 12 гадоў. Марыць стаць вядомым на ўвесь свет
Мама – выхавацель, айчым – часова беспрацоўны. Хлопец мае малодшага брата.
Дам’ян любіць чытаць, ганяць на самакаце. З задавальненнем вывучае замежную мову. Удзельнічае ў алімпіядах па літаратуры, біялогіі, інфарматыцы. Не любіць фізкультуру і адпачынак у летніках. Распарадак дня – не для яго. Радуецца, калі яму нешта паручаюць, і чым больш. Уважлівы, далікатны. На крыўду не адказвае крыўдай, бо лічыць гэта няправільным. “У адрозненне ад іншых дзяцей не саромеецца казаць у школе, што ён ходзіць у касцёл, чытае Божае слова. Дам’ян ганарыцца гэтым! – распавядае бабуля. – Калі ўзнікаюць нейкія цяжкасці ці чаго-небудзь не разумее, адразу тэлефануе катэхетцы. І яна адказвае на любое яго пытанне”.
Дам’ян хоча стаць папулярным відэаблогерам. Апошні свой ролік запісаў пад назвай “24 гадзіны ў касцёле”. “Калі вырасту, мару зрабіць такое лякарства, якое падаўжае жыццё”, – дзеліцца хлопец.
Кожнага разу Дам’ян вяртаецца з інтэрв’ю і аналізуе, на якія пытанні не адказаў. Прызнаецца, што за гэта сорамна. З захапленнем бяжыць на наступныя здымкі, бо… там зноў сустрэнецца з Мікітам, з якім паспеў цесна пасябраваць.
Мікіта, 13 гадоў. “Прамяняў” бальныя танцы на барацьбу
Тата – кранаўшчык, мама – прадавец-кансультант. Разам з Мікітам у сям’і выхоўваецца малодшы брат.
“Яны вельмі розныя. Як знешне, так і па характары, – заўважае бабуля. – Малодшы больш ціхі і спакойны, а старэйшы заўсёды наперадзе. Калі дзесьці не першы, цікавасць да ўсяго знікае. Лідар, змагар за праўду. Гэтыя якасці добрыя, але такому дзіцяці будзе няпроста ў жыцці. Па сабе ведаю”.
За плячыма ў Мікіты шэсць гадоў заняткаў па бальным танцам. Пасля траўмы пакінуў хобі. Наведваў тэатральны кружок. Вучыўся іграць на гітары. Гуляў у футбол. Сёння Мікіта займаецца барацьбой, дзе пазнае ўсе віды баявых мастацтваў. “Трэба кудысьці выкідваць адрэналін, – гаворыць бабуля. – Умець накіроўваць энергію вельмі важна. Ды і для самааховы можа спатрэбіцца. Але не дай Бог, канешне, каб давялося, скарыстаць з гэтага…”.
Мікіта сур’ёзны, разважлівы. Хутка знаходзіць агульную мову з акружаючымі. У вольны час любіць гуляць з сябрамі на вуліцы або дома ў камп’ютарныя гульні. У будучым хоча атрымаць добрую адукацыю, уладкавацца на добрай працы і мець добрую сям’ю.
Лера, 8 гадоў. У планах – ратаваць людзей у белым халаце
Бацькі – урачы. Дзяўчынка мае старэйшага брата. У вольны час малюе, любіць спяваць. Займалася вакалам, хадзіла на гімнастыку. Марыць стаць урачом па прыкладзе бацькоў. І хоча быць падобнай да мамы: такой жа добрай і прыгожай.
Дзядуля адзначае “яршысты” характар дзяўчынкі. Гаворыць, калі была малодшая, даводзілася яе прыструніваць. “Любіла назбіраць сумку розных рэчаў і прывесці мне, каб рамантаваў, – успамінае дзядуля. – На канікулах катаемся з унучкай на роварах… Увогуле, неабходна займацца дзецьмі, каб тыя заўсёды былі пад наглядам. Дзеці не павінны быць прадастаўлены самі сабе. Трэба, каб не «боўталіся» дзесьці, а былі занятыя. Заўсёды паўтараў дзецям і ўнукам паўтараю, што галоўны іх занятак зараз – вучоба. І рабіць гэта трэба добра. Мае дзеці выраслі годнымі людзьмі. Хачу, каб і Лера не падвяла. Вельмі мне спадабался, як сказаў у адным з ролікаў Марк: «Трэба быць самім сабой». «Падцягвацца» да якосьці добрага прыкладу трэба, але ў корані ўсё ж заставацца сабой”.
“Лера, а сяброў у цябе шмат?” – пытаюся.
“Увесь клас!” – адказвае з радасцю.
Марк, 7 гадоў. Вучыцца на выдатна, каб бацькі дазволілі гадаваць шчаня
Бацькі хлопчыка – чыгуначнікі. “Калі тата прыходзіць у форме ў школу, сябры думаюць, што ён міліцыянер”, – распавядае з усмешкай Марк. Мае малодшую сястру.
Марк хоча стаць настаўнікам. Раней задумваўся над тым, каб быць дырэктарам і насіць чырвоны гальштук, але перадумаў. Марыць пра чацвераногага сябра – сабаку. Згодна з дамоўленасцю, якую заключыў з бацькамі, калі скончыць навучальны год на выдатна, усе разам паедуць у пітомнік за шчанём. А вучыцца ён добра. Займаўся акрабатыкай, хадзіў на футбол, у басейн. З трох гадоў збірае калекцыю Лега. Любіць гуляць з аднакласнікам у дартс.
Марк ветлівы, спагадны, падатлівы. Падзеліцца апошнім. Настаўнікі хваляць хлопчыка за тое, што ён заўсёды ў першых радах, калі патрэбна дапамога. Яго не трэба прасіць. Найлепшыя сябры Марка – дзяўчынкі.
“З першых інтэрв’ю сын вяртаўся ў захапленні, – распавядае мама. – Казаў, яму тут вельмі падабаецца, асабліва тое, што можна гарбату папіць з пячэнькамі… Гаворыць: «Я ў іх самы вясёлы. Так смяюцца з мяне!»”.
Эвеліна, 7 гадоў. Гатова змяніць “карону” на будаўнічую каску
Тата – будаўнік, мама – дэфектолаг. Дзяўчынка мае малодшую сястру. С чатырохгадовага ўзросту Эвеліна наведвае катэхезу. Выпадкова з мамай трапілі на заняткі: думалі, што будзе адбор для спеву ў хоры. “Але Эвеліне так спадабалася! – гаворыць мама. – Яна сядзела на першай парце з шырока адкрытымі вачыма і ўважліва слухала сястру. Мы вырашылі, што дзіцяці гэта будзе карысна, хоць свядомасць яшчэ не ўбірае поўнасцю інфармацыю. Нешта ў галаве ўсё роўна застаецца”.
Эвеліна ўспрымальная, добразычлівая дзяўчынка. Любіць, каб ёй удзялялі ўвагу. Хутка адаптуецца. Адкрыта для зносінаў. “Пасля інтэрв’ю вяртаецца дамоў «заведзеная», – распавядае мама. – Гэта партнёр па кадры Марк так на яе ўплывае. З заміраннем сэрца дачка чакае выхаду новага роліка. Увесь час перапытвае: «Ну што, з’явіўся? З’явіўся?». Калі здымачная група набірала дзяцей для другога сезону, памятаю, Эвеліна пераглядала ролікі і пытала: «А чаму мне не патэлефанавалі?». І калі збіралі сённяшні састаў і патэлефанавалі нам з чарговым запрашэннем, мы вельмі ўзрадаваліся”.
У марах Эвеліна бачыць сябе прынцэсай у прыгожай сукенцы з каронай. А ў рэальным жыцці, калі вырасце, хоча стаць… будаўніком. Узводзіць з сябрамі дамы, “ну, калі тыя, канешне, захочуць”.
Марк, 7 гадоў. Хоча стаць палярнікам і навучыцца спыняць час
Мама – рэжысёр на радыё, тата – эканаміст. Марк мае малодшага брата і старэйшую сястру. Вялікія сябры з сястрой, з якой розніца ва ўзросце 13 гадоў. Марк вельмі любіць чытаць энцыклапедыі. Мае цэлыя серыі выданняў. Сярод школьных прадметаў найбольш падабаюцца тыя, дзе можна пагаварыць: літаратура, чалавек і свет. Любіць быць цэнтрам прыцягнення ў кампаніі. Часта перацягвае ўвагу на сябе.
“Марк позна пачаў гаварыць, – распавядае мама. – Яго «прарвала» дзесьці ў тры гады. І з-за таго, што малодшы сын зараз не размаўляе, мы нават не турбуемся (смяецца – заўв.аўт.). Марк – фантазёр. Выдумвае нейкіх неіснуючых жывёл, новыя словы, зразумелыя толькі яму. Мае свой відэаканал. Запісвае на тэлефон імправізаваныя разважанні. Неяк выпадкова тата натрапіў на яго канал, падпісаўся. Цяпер, калі з’яўляецца новае відэа, атрымліваем апавяшчэнне. Проста рыдаем ад яго «шэдэўраў». Высылаем сябрам і знаёмым. Марк вельмі ўважліва сочыць за тым, колькі праглядаў набрала відэа, колькі мае ўпадабанняў”.
Марк хоча стаць палярнікам, “а мама настойвае на тым, каб быў дантыстам”. Не менш цікавыя для хлопчыка прафесіі каскадзёра, біёлага, праграміста, ветэрынара, хірурга, прадаўца і мастака. Марыць “быць каралём матылёў” і навучыцца “спыняць ход часу”.
Такія вось розныя, непасрэдныя і па-свойму цікавыя дзеці.
Прыемнага прагляду!
Тэкст: Ангеліна Пакачайла
Фота: Аляксей Крупіца